Вы тут

Галоўны арыенцір — новыя крыніцы ўстойлівага росту


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на адкрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя!

Фота: БЕЛТА

Пачынае работу чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Бягучы год — ключавы ў рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады. Пераход да Індустрыі 4.0, вызначэнне новых крыніц росту, заахвочванне дзелавой ініцыятывы грамадзян не проста патрабаванне часу. Гэта шлях развіцця сусветнай эканомікі. Ад вырашэння задач, акрэсленых у Праграме, залежаць непасрэдна канкурэнтаздольнасць краіны, грамадская стабільнасць і рост дабрабыту насельніцтва.

Рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на развіццё прадпрымальніцтва і лічбавых тэхналогій, патрабуюць перагляду дзейнага заканадаўства, змянення падыходаў да рэалізацыі бюджэтна-падатковай палітыкі, інвестыцыйнай дзейнасці, дыверсіфікацыі экспарту, мадэрнізацыі галін эканомікі.

Усе гэтыя задачы, а таксама ўстаноўкі, якія кіраўнік дзяржавы адрасуе дэпутацкаму корпусу ў яго Пасланні беларускаму народу і парламенту, будуць у цэнтры ўвагі будучай сесіі.

Ужо сёння ў парламенцкім партфелі каля 50 пытанняў, большая частка з якіх нацэлена на развіццё эканомікі.

Дэпутатам трэба актыўна падключацца да падрыхтоўкі рэспубліканскага бюджэту. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб гэта работа праводзілася па-новаму. Кожны атрымальнік дзяржаўных сродкаў павінен дакладна абгрунтаваць неабходнасць іх выдзялення. Эканомія дзяржаўных сродкаў, іх эфектыўнае выкарыстанне — адзін з галоўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў. Пры гэтым важна захаваць сацыяльную накіраванасць бюджэту, тую падтрымку, якую дзяржава аказвае шматдзетным сем'ям, пенсіянерам і іншым сацыяльна слабаабароненым катэгорыям насельніцтва.

Трэба зрабіць больш простай, зразумелай і дружалюбнай для суб'ектаў гаспадарання падатковую сістэму. Яна павінна стымуляваць вытворчую працу грамадзян, іх занятасць, забяспечыць прырост паступленняў у бюджэт за кошт вываду сродкаў з шэрай эканомікі і легалізацыі бізнесу. У гэтым ключы свае прапановы павінны рыхтаваць і парламентарыі.

Другая найважнейшая задача сесіі — забяспечыць своечасовае прыняцце законапраектаў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў гаспадарання.

У развіцці спрыяльнага бізнес-асяроддзя вялікая роля адводзіцца ўдасканаленню механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Паспяховая рэалізацыя значных інфраструктурных праектаў з дапамогай тэхналогій, капіталу і рэсурсаў прыватнага бізнесу патрабуе спрашчэння правіл правядзення конкурсаў, скарачэння тэрмінаў заключэння пагадненняў, узмацнення гарантый уласнікаў.

Павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці беларускай эканомікі паслужыць разгляд праекта закона аб гаспадарчых таварыствах, які паступіць да нас у найбліжэйшы час. Працаваць з ім трэба ў цеснай увязцы з дэпутацкімі ініцыятывамі па пытаннях інвестыцый і прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Мы дамовіліся, што ў рамках падрыхтоўкі гэтых дакументаў будуць праведзены парламенцкія слуханні. Іх вынікі павінны садзейнічаць прыняццю якасных, доўгатэрміновых заканадаўчых рашэнняў.

Тэма інвестыцый цесна пераклікаецца з задачамі, якія плануецца вырашыць у новай рэдакцыі закона аб дзяржаўных закупках. Прыняцце законапраекта дасць магчымасць зрабіць гэты працэс больш празрыстым і канкурэнтным, мінімізаваць карупцыйныя рызыкі і, што асабліва важна, рацыяналізаваць дзяржаўныя расходы. Штогод на закупку тавараў і паслуг з бюджэту накіроўваецца каля 10 працэнтаў ВУП. Таму законапраект вельмі запатрабаваны і павінен быць прыняты своечасова.

На сесіі будзе прадоўжана работа па развіцці канкрэтных галін эканомікі. Змяненні закрануць пытанні банкаўскай сістэмы і энергетычнай галіны. Папраўкі ў Паветраны кодэкс нацэлены на развіццё эксперыментальнай авіяцыі. Лібералізацыя заканадаўства аб транспартна-экспедыцыйнай дзейнасці і аўтамабільных дарогах будзе садзейнічаць развіццю прадпрымальніцтва ў гэтых сферах і стымуляваць занятасць.

Змяненні эканамічных адносін патрабуюць адпаведнай карэкціроўкі працоўнага заканадаўства. У ходзе сесіі нам трэба будзе разгледзець папраўкі ў Працоўны кодэкс, якія ў тым ліку ўрэгулююць працоўныя адносіны і сацыяльныя гарантыі дыстанцыйных работнікаў, колькасць якіх павялічваецца ў сувязі з развіццём інфармацыйных тэхналогій.

Сучасная эканоміка — гэта эканоміка ведаў. Таму самую пільную ўвагу трэба ўдзяляць сістэме адукацыі. Яна павінна не проста ісці ў нагу з часам, а працаваць на апярэджанне, фарміраваць такія якасці, як крэатыўнасць, гатоўнасць да авалодання новымі ведамі, мабільнасць. Гэта тое, што дазваляе сучаснаму чалавеку паспяхова канкурыраваць на рынку працы. Пры гэтым неабходна выхаваць сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. Усе гэтыя пытанні абмяркоўваюцца пры распрацоўцы праекта новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, які павінен быць унесены ў ходзе сесіі. Улічваючы высокую сацыяльную значнасць гэтага дакумента, работу над ім у Палаце прадстаўнікоў трэба праводзіць максімальна адкрыта.

Увагу грамадства прыцягнуць і іншыя законапраекты, прызначаныя палепшыць жыццё нашых грамадзян. Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, праекты па пытаннях пітнога водазабеспячэння, абароны правоў спажыўцоў, якасці харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання закранаюць непасрэдна інтарэсы кожнага чалавека. Новым і вельмі актуальным для нашай краіны дакументам з'яўляецца праект закона «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі».

Пашырэнню нацыянальных інтарэсаў за мяжой будзе садзейнічаць ратыфікацыя шэрагу міжнародных пагадненняў. Сумесна з урадам і бізнес-супольнасцю дэпутатам трэба дабівацца, каб дасягнутыя дамоўленасці атрымлівалі далейшае развіццё.

Нарошчванне эканамічнага супрацоўніцтва ляжыць у аснове міжнароднай дзейнасці дэпутацкага корпуса. Пасля правядзення ў Мінску сесій парламенцкіх структур АБСЕ і Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы ў нас з'яўляюцца сур'ёзныя магчымасці для пашырэння ўзаемавыгадных кантактаў на еўрапейскім вектары.

Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Швейцарыю. Парадак дня перагавораў ахопліваў самае шырокае кола пытанняў узаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, крэдытна-інвестыцыйнай і гуманітарнай галінах. І мы ўпэўнены, што Мемарандум аб узаемаразуменні паміж парламенцкімі групамі дружбы, падпісаны ў ходзе візіту, будзе пакладзены ў аснову рэалізацыі намечаных планаў.

Атрымліваюць новае напаўненне нашы адносіны з міжпарламенцкімі арганізацыямі. У пачатку года мы прымалі спецыяльнага прадстаўніка ПА АБСЕ па Усходняй Еўропе Кента Харстэда, кіраўніка швейцарскай дэлегацыі ў ПА АБСЕ, старшыню Камітэта па знешняй палітыцы Савета кантонаў Федэральнага сходу Швейцарыі Філіпа Ламбардзі. Акрамя абмеркавання палітычных пытанняў, мы закраналі аспекты эканамічнага супрацоўніцтва, інвестыцый, развіцця адносін у гуманітарнай сферы.

Абмеркаванне гэтых тэм прадаўжалася і на палях зімняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене, а таксама ў Азербайджане на міжнароднай канферэнцыі, праведзенай Групай падтрымкі Шаўковага шляху ў рамках ПА АБСЕ. Беларускія парламентарыі выступілі сузаснавальнікамі гэтай Групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі 22 дзяржаў, у тым ліку Аўстрыі, Іспаніі, Польшчы, Турцыі, Швейцарыі.

Пашыраецца ўзаемадзеянне беларускіх дэпутатаў з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. З гэтага года мы на рэгулярнай аснове прымаем удзел у пасяджэннях Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі. Гэта, несумненна, садзейнічае ўмацаванню ўзаемаразумення, давядзенню да нашых партнёраў аб'ектыўнай інфармацыі аб змяненнях, якія адбываюцца ў краіне і грамадстве, дае магчымасць весці адкрыты раўнапраўны дыялог.

Безумоўна, у нас яшчэ ёсць шэраг тэм, што ўяўляюць узаемную цікавасць, якія не могуць быць вырашаны ў адзін момант, а патрабуюць асэнсаванага паступовага руху наперад. І мы гатовы да супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

Актыўны ўдзел беларускія парламентарыі прынялі ў рабоце іншых аўтарытэтных міжпарламенцкіх арганізацый. Пытанні ўмацавання міру, прыцягнення прыватнага сектара да ажыццяўлення Мэт устойлівага развіцця, забеспячэння гендарнай роўнасці былі прадметам дыскусій на 138-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза, якая адбылася ў канцы сакавіка ў Жэневе. Па лініі міжпарламенцкіх структур Саюзнай дзяржавы, СНД і АДКБ беларускія дэпутаты ўдзельнічалі ў міжнародным назіранні за выбарамі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, парламенцкімі выбарамі ў Туркменістане.

Паспяхова развіваюцца і нашы двухбаковыя сувязі. У пачатку года Беларусь наведала парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Карэя. Літаральна гэтымі днямі вялікая група беларускіх парламентарыяў вярнулася з Кітая, дзе абмяркоўвалася роля парламентаў дзвюх краін у пашырэнні палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва.

Умацаванню партнёрскіх адносін садзейнічалі нашы сустрэчы з прэм'ер-міністрамі Латвіі і Турцыі, намеснікам міністра замежных спраў Украіны, дэлегацыяй краю Высачына Чэшскай Рэспублікі, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.

У міжсесіённы перыяд не спыняліся кантакты з нашым стратэгічным партнёрам — Расіяй. У цэнтры ўвагі беларускіх і расійскіх парламентарыяў былі пытанні бюджэтнай палітыкі, развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва, удасканалення парадку распрацоўкі і рэалізацыі саюзных праграм, збліжэння заканадаўства ў галіне нацыянальнай бяспекі, захавання аб'ектаў агульнай культурнай спадчыны.

Гэтыя напрацоўкі будуць пакладзены ў аснову пытанняў, якія плануецца разгледзець на пяцьдзясят чацвёртай сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая ў чэрвені гэтага года пройдзе ў Брэсце. Неабходна сур'ёзна падысці да яе правядзення, выносячы на абмеркаванне праблемы, якія хвалююць людзей, суб'ектаў гаспадарання, непасрэдна закранаюць іх інтарэсы.

У найбліжэйшы час наша дэлегацыя накіруецца ў Санкт-Пецярбург для ўдзелу ў сорак сёмым пленарным пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі СНД, а таксама ў пасяджэннях саветаў МПА СНД і ПА АДКБ. Тут таксама трэба займаць больш прынцыповую пазіцыю па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці гэтых арганізацый у рэчышчы ўстановак кіраўніка дзяржавы.

Традыцыйна ў ходзе вясенняй сесіі асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць візітам замежных парламенцкіх дэлегацый. У прыватнасці, мы прапрацоўваем магчымасць прыняць у Рэспубліцы Беларусь парламенцкія дэлегацыі Арменіі, Індыі, Латвіі і Малдовы. Беларускія парламентарыі, у сваю чаргу, правядуць кансультацыі па паглыбленні супрацоўніцтва з шэрагам замежных дзяржаў.

Паважаныя калегі!

Бягучы год аб'яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы, што асабліва актуальна ў святле задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы па развіцці рэгіёнаў і вызначэнні перспектыўных пунктаў росту эканомікі. У акругах сканцэнтраваны вялікі патэнцыял, і трэба правільна яго выкарыстаць. У нас шмат неабыякавых людзей, энтузіястаў, якія жадаюць абнавіць сваю малую радзіму. Трэба дапамагчы ім у іх высакародным імкненні, асабліва калі размова ідзе аб моладзі. Ёсць у нас і прадпрымальнікі, здольныя падтрымаць грамадскую ініцыятыву па навядзенні парадку на зямлі і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Гэтыя пытанні трэба ўлічваць і пры планаванні нашай міжнароднай дзейнасці, паколькі сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары нямала вядомых і ўплывовых людзей.

Сэнс усёй гэтай маштабнай работы ў тым, каб усе мы, незалежна ад узросту, прафесіі, дастатку або месца жыхарства, адчулі сябе звязанымі з лёсам сваёй Радзімы. Паколькі менавіта грамадская салідарнасць і народнае адзінства — гэта найважнейшая ўмова ўстойлівага развіцця любой краіны.

На заканчэнне, паважаныя ўдзельнікі пасяджэння, карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць усіх нас і нашых расійскіх калег са святам — Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, пажадаць усім шчасця, здароўя і поспехаў у дзейнасці на карысць нашых народаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.