Вы тут

Струменістая тканіна пачуццёвасці


Ці можна ў пагоні за таямніцай не загубіць сапраўднае каханне?

Тонкая, лёгкая шаўковая тканіна так пасуе еўрапейскім модніцам. І каб яны працягвалі наталяцца гэтай прыгажосцю, некаму трэба пакінуць Францыю і праехаць праз паўсвету. Эрвэ Жанкур разумее, што бізнес таго варты, і дзеля яго едзе ў Японію, каб на месцы далучыцца да таямніцы шоўку. Яму трэба здабыць і прывесці ў Францыю грэны шаўкапраду. Ён разумее, што шлях доўгі і няпросты. Праз усю Еўропу, Расію, возера Байкал, якое мясцовыя жыхары называюць морам. А дома чакае адданая жонка Элен, да якой павінен вярнуцца. І ён яшчэ не ведае, якую галоўную таямніцу давядзецца разгадаць у выніку сваёй шаўковай эпапеі.


Папулярны раман італьянскага пісьменніка Алясандра Барыко перанёс у сцэнічную прастору Беларусі Аляксей Ляляўскі. Спектакль «Шоўк» прыйшоў у Беларускі дзяржаўны тэатр лялек некалькі гадоў таму, а потым знік з афішы. А цяпер адноўлены, з некаторымі зменамі. Аднак прынцыпова рэжысёрскае рашэнне засталося першапачатковым: гэта драматычная гісторыя, якая распавядаецца акцёрамі-людзьмі. Лялькі адыгрываюць тут бадай што дэкаратыўную функцыю: яны выкарыстоўваюцца хутчэй дзеля нейкай умоўнасці (бо ўсё ж такі сам тэатр — лялечны) альбо працуюць на мастацкае рашэнне, метафарычна падкрэсліваючы тэму і асаблівасць прасторы, у якой існуюць усе героі пастаноўкі. А гэта жыхары Захаду і Усходу. Мы ў ХІХ стагоддзі. Захад па-дзелавому стрыманы, бізнесмены без залішніх эмоцый, якія робяць грошы, купляючы і прадаючы, мітусяцца, заклапочаныя справай, — Эрвэ адзін з іх, такі ж прагматычны, дакладна ведае, што яму трэба. Ці можна чакаць ад такога чалавека віру эмоцый?.. Але ёсць Усход, дзе не робяць лішніх рухаў, не гавораць непатрэбных слоў, але кожная дэталь, погляд, жэст, напоўненыя значэннем, дыхаюць пачуццёвасцю, якая, нібыта павуцінне шаўкапраду, аплятае волю французскага камерсанта.

Эрвэ ў нейкі момант нібыта губляе грунт, існуе ў адарваным стане, ахінуты тонкімі і чароўнымі пачуццямі, нібыта струменісты шоўк. У гэтым была ці не самая складаная задача для рэжысёра, які раман-бестселер прадставіў праз сцэнічныя сродкі за якія дзве гадзіны. У такіх выпадках заўсёды ёсць рызыка, што нешта можа выслізнуць (як тканіна), нейкія лініі ці эпізоды прыйдзецца апусціць, і гэта зразумела. Ляляўскі вызначыўся з тым, што галоўнае, каб раскрыць гісторыю Эрвэ Жанкура, — яе распавядае і сам герой, і некалькі іншых персанажаў. І рэжысёр дакладна разумее, што галоўнае ў гэтым творы. А яшчэ ён вызначыўся з тым, што павінна быць галоўным у спектаклі, каб прадставіць раман Барыко.

Атмасфера.

Герой, з’язджаючы ў далёкую Японію, трапляе ў вір пачуццёвасці. Купляючы шаўкапрад, у доме гандляра ён сустракае чароўную прыгажуню з тварам дзяўчынкі, якая авалодвае ўсімі яго думкамі, не сказаўшы ніводнага слова. Нібыта тая гронка, яна паселіцца ў яго свядомасці і спляце з тонкіх міццяў тканіну нерэальнага пачуцця, якое ахіне героя, прымусіць жыць толькі гэтымі вандроўкамі ў Японію і марыць пра Яе.

Дома чакае надзейная Элен. Яна таксама марыць пра шчасце. Але Элен побач заўсёды, яна такая… звычайная. А тая далёкая жанчына ў чырвоным кімано з дзіўным тварам не ідзе з галавы, вабіць, прымушае зноў ехаць праз усю Еўропу і Расію і яшчэ далей, усё дзеля прывіднай надзеі на новую сустрэчу. Убачыць яе, здаецца, нерэальна, не тое што спядзявацца на дакрананне…

Жарсць кіруе героем — і, здаецца, з яе вырастае моцнае пачуццё. Толькі такое пачуццё можна паказаць умоўна-цнатліва, як гэта робіць рэжысёр у сцэне ўмывання: яе дотыкі, але нібыта і не яе (у такое цяжка паверыць!) — таму ў гэтым моманце ўдзельнічае некалькі актрыс. Але мы задагадваемся, якая гераіня тут галоўная. Яе прыцягненне прымусіць яго зноў прыехаць у Японію і перажыць трагедыю. Падштурне яго дамагацца расшыфроўкі ліста з чароўнымі — такімі пачуццёвымі і шматабяцальнымі — іерогліфамі.

Японская тэма задае стыль усёй пастаноўцы, нават еўрапейскай яе частцы (што лагічна, бо галоўны герой жыве ў плыні тых эмоцый). У першую чаргу — рытмам, які абраны для пастаноўкі: манатоннасць музычнай тэмы (аўтар Ягор Забелаў) стварае ўражанне гукавой павуціны, якая ўплятае гледача ў спектакль, нібыта ў кокан. Гэты вобраз угадваецца ў постацях іншых жанчын, што з’яўляюцца на сцэне, ён і ў масках, якія абазначаюць некаторых герояў, якія так ці інакш спрыяюць развіццю жарсці Эрвэ. Ці ўплывае на гэта зачараванасць яго Японіяй наогул (?) — яе глядач адчувае праз цудоўную анлайн-графіку, тонкую, празрыстую, малюнкі якой хочацца лавіць у спалучэнні з тэкстам, які прамаўляюць артысты. Сцэнаграфія мастачкі Таццяны Нерсісян стрымана-вытанчаная, без перабораў і надта прамалінейных дэталяў, падкрэслівае стан герояў, уцягвае ў іх перажыванні і прымушае адчуваць і марыць разам з імі. Спачатку гэта ўражвае нават самой вынаходлівасцю сцэнаграфічнага рашэння, потым чаруе прыхаванай рамантыкай, вытанчанасцю саміх кадраў, якія мяняюць адзін аднаго на экране, далей захапляе арганічным спалучэннем з усёй дзеяй: не дазваляе перасягнуць мяжу, калі лёгкі налёт эратызму балансуе на ўзроўні здагадак і адчуванняў. І нават калі ведаеш спектакль, усё адно ён захоплівае, бярэ ў палон пачуццём, пра якое разважаеш.

ЯНО растворана ў паветры, ідзе ў залу, вярэдзіць уяўленне і накладваецца (ці дастае знутры, абуджае) уласныя перажыванні гледачоў. І ЯНО не адпускае ў фінале, калі пагоня за пачуццёвасцю ператвараецца замерлым коканам — у згубленае пучуццё. Каханне, якое было зусім побач. Яно ціха і цярпліва чакала, магло ўсё зразумець і нават падтрымаць ілюзію, без якой каханаму было цяжка, і яно гатовае было перажыць нават смерць.

Эрвэ зразумеў пра яго галоўнае, калі страціў. А мо менавіта тады і адкрыў яго ў сабе?

 Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.