Вы тут

Чатыры каралеўны


«…быццам усе чатыры каралеўны, падзеленыя, але счэпленыя паміж сабой, сталі адной адзінай рукой…» Клім Палін


Яны сышліся нядаўна — чатыры экспрэсіі — чатыры Каралеўны, асобы з адметным характарам і яркім абліччам. Эмацыянальныя, маладыя, таленавітыя, яны ўвайшлі ў новы склад Мінскага струннага квартэта Белдзяржфілармоніі і распачалі новы этап у гісторыі камернага мастацтва краіны. У катэгарычна жаночым складзе — як першая трава вясной…

Як першая трава вясной, з’явіліся і першыя рэцэнзіі-водгукі. Першыя замежныя гастролі — Люксембург — някепскі для пачатку горад. Старыя, сярэднявечныя, адзінаццатага стагоддзя муры Абацтва цяпер утрымліваюць гучанне і айчыннага струннага квартэта.

Выпрабаванне на зладжанасць і кемлівасць у пазаштатных сітуацыях прынеслі квартэту прызнанні ў замілаванні з боку заслужанай артысткі Расіі Святланы Сцепчанкі падчас апошняга Міжнароднага фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае» ў Мінску.

Некаму такі шанс выпадае гады ў рады. Мінскаму струннаму квартэту пяро ўдачы само легла пад ногі. Сольная праграма заслужанай артысткі Расіі Святланы Сцепчанкі прадугледжвала ўдзел струннага квартэта. «Паабяцалі тутэйшых музыкантаў, — распавядае Святлана Сцепчанка. — Якім жа неверагодным і радасным было маё здзіўленне ад сустрэчы з Мінскім струнным квартэтам! Мне не давялося, як гэта часта бывае, “тлумачыць музыку”. Нам было дастаткова “дамовіцца аб агульных намерах!” Сумесны выступ на філарманічнай сцэне — незабыўны падарунак — шчырае і адкрытае сяброўства надоўга».

Тайна каралеўны віяланчэлі

Некалі хвалюючую прыгажосць гучання віяланчэлі не заўважылі ні Бах, ні Гайдн, ні Моцарт… Наша Каралеўна з выбарам не памылілася. Яе інструмент адпавядае яе каралеўскаму статусу. Голас віяланчэлі ўладарыць не толькі ў межах свайго дыяпазону, але і ў гукавым уладарстве альта і скрыпкі.

Шлях Ганны Царовай па жыцці і музыцы толькі пачынаецца. Яна бессаромна таленавітая і маладая. Гук яе віяланчэлі з неабсяжнымі магчымасцямі ператварацца з неабдымна-касмічнага ў тужліва-бездапаможнае lamento чалавечага голасу. Так інструмент спаборнічае з загадкавасцю самой Ганны. Духоўная прыгажосць і чысціня, як гэта часта бывае, няўмольна пераходзяць на знешняе аблічча. Гарачыню тэмпераменту ахалоджваюць апушчаныя веі. Чысціня, якую прадыктавала інтуіцыя цела, забяспечыла лёгкае прыняцце вегетарыянства.

Далёкае мігценне барочных афектаў вось-вось раскрые тайну Каралеўны. Тэмпы жыцця імклівыя, бедаваць няма калі.

Барочны вакал — бурлівая гарачая крыніца. Вакал эпохі барока з характэрнай і спецыфічнай гукападачай, утварэннем вакальных фіярытур і фантастычных віртуозных віражоў — рупенне Ганны Царовай.

Што гэта? Запозненае захапленне? Прымха-капрыз здольнага чалавека? А чаму не? Захапленне — статусная прывілея. Капрыз — адмыслова каралеўскі. Позна? Не пазней моманту сур’ёзнага вывучэння барочнага вакалу ў Акадэміі «Санта-Чэчылія» 17-гадовай Чэчыліі Барталі, чыё дараванне дапамаглі раскрыць Герберт фон Караян, Даніэль Барэнбойм і Нікалаус Арнанкур. Гісторыя сяброўства італьянскай спявачкі і сусветна вядомых дырыжораў падае знак-сімвал нашым — беларускім амбіцыйным дырыжорам. Чаму б на зямлі каралёў і магнатаў, палацаў і замкаў не спраўдзіцца гэтаму пакаралеўску элегантнаму і высакароднаму сюжэту, настолькі ж вартаму ўчынку вышэйназваных дырыжораў, як адкладзеныя дырыжорскія палачкі дзеля ролі акампаніятараў маладой Барталі на яе сольных канцэртах? Ланцуг падзей вызначыць новы парадак. Вядома, дырыжорамі не становяцца, а нараджаюцца. Іх каралеўская схільнасць да татальнага падпарадкавання сваёй волі дасць шанц займець новую яркую музычную гісторыю ў айчыннай культуры… А пачатак увасаблення — вось вам! — асоба Уршулі Радзівіл з жыццём перабольшанага тэатра, звышмернай раскошы і закаханага чакання.

Тайна каралеўны Віёлы

Глыбіня стрымлівае. Стрыманасць — першае папярэджанне аматарам лёгкай даступнасці. Стрыманая прырода віёлы (альта) бянтэжыла самых вызнаных. Той, хто спасцігаў тайну яе гучання, асмельваўся на адчайную дзёрзкасць: стварэнне оперы без выкарыстання скрыпак, як гэта зрабіў Эцьен Мэюль у оперы «Uthal», аддаўшы перавагу высокага эмацыянальнага гучання выключна альтам.

У Каралеўны Віёлы Алены Прановіч дзве слабасці. Каралеўская стрыманасць кампенсуецца глыбока схаванай цікаўнасцю да лацінаамерыканскіх танцаў і вандровак. Рытмы абвастраюць гумар і іронію, кандэнсуюць радасць. Танец — рэдкі эфект адначасовага ўзбуджэння і супакаення.

Танцаў было мала, а вось вандровак у Алены — звышдастаткова. Захапляльныя гастрольныя ўражанні ад Еўропы былі пераможаны адчувальным жахам ад знаходжання ў Паўднёвай Карэі. Жах ад раптоўнай пазнавальнай рыфмы з уласным жыццём на радзіме. Ад забітасці і зацюканасці простага народа, яго рабскага паслухмянства і адсутнасці хоць якога парывання самастойна разважаць і ладаваць сваё жыццё з сябе, незалежна ад рэжыму. Мабільныя тэлефоны — уласнасць цывілізаванага чалавека — былі забраныя пры выхадзе з самалёта. Экскурсіі строга дазаваныя: ад аглядання мёртвага цела ў маўзалеі адмовіцца і падумаць нельга.

Праяўленая самастойнасць пазнаёміцца з вячэрнім Пхеньянам катэгарычна не віталася: выйсці з гатэля было немагчымым: цябе вяртаюць, назад у гатэль. Вокны дамоў — аднолькава шыза-шэрыя. Дзе-нідзе — да болю знаёмыя «лямпачкі Ільіча». Піянеры. Нязменна спалоханыя твары мужчын і жанчын. Ні з кім ні пазнаёміцца, ні загаварыць: суцэльны невынішчальны страх. Такое жыццё ўражвае мацней, чым вольны дух Еўропы, дзе высокі ўзровень і якасць жыцця даўно пазбаўленыя неабходнасці ў доказах. Ён проста ёсць. У ім жывуць. Не задумваючыся. Пра свабоду не разважаюць. Яна паўсюль. У паветры, у стылі паводзін гараджан, у агульнай разняволенасці і радаснай празе жыцця. Калі знясілены Закон маўчыць (паводле Ёзафа Гёрэса), у сферы Прыгожага самаўтвараецца кодэкс высакародства. Розніца істотная: прыгажосць заваблівае рытмам, закон — сілай.

Дары каралеўны другой скрыпкі

Перад выявай прыгажуні скрыпкі на адной з карцін 1503 года вялікага Рафаэля спынілася ў задуменні гісторыя. Майстар абмежаваўся выявай. Стагоддзі схілілі галовы перад яе гучаннем — непераадольны палон.

У Каралевы Другой Скрыпкі Валянціны Навуменкі — рэдкае захапленне. Рэдкі дар слыхам «счытваць» музыку любой складанасці і пераносіць яе на ноты. Рэдкая здольнасць апроч нот «счытваць» стыль, жанравыя асаблівасці, прыкметы і адметнасці музычных эпох. Зайздроснае майстэрства прыстасавання фактуры арыгінала да тэхнічных магчымасцяў абранага інструмента альбо ансамбля. Джаз — амерыканскі і еўрапейскі, музыка Сярэднявечча, музыка эпохі Рэнесансу не губляе хараства і якасці, набыўшы ўвасабленне ў іншых ансамблевых спалучэннях.

Захапленне падобна да зіхоткай гульні — лёгкай і не натужлівай, як гульня ў бісер. Тонкія пальцы («...мне па тонкіх тваіх пальцах вечнасці лічыць гады…» Гётэ) ствараюць мініяцюрныя карціны-паштоўкі — светлага тону летняе неба, зімовыя пейзажы, легкакрылыя ціхамірныя анёлы, што ночаць побач з кранальнымі карункамі аранжыровак айчыннага фальклору. Гукі — што бісер — упарадкаваная паслядоўнасць мелодыі. Глыток чыстай вады… І як не згадаць Арыстоцеля: «Дасканаласць — не дзеянне, а звычка…»

Каралеўскі імператыў першай скрыпкі

Гісторыя зрабіла ўсё, каб жанр камернай музыкі набыў самы высокі іерархарычны статус сярод інструментальных жанраў. Складанае, не кожнаму вуху даступнае, поліфанічнае існаванне пры абсалютнай роўнасці права на першынства забяспечыла жыццяздольнасць жанру і няспынную эвалюцыю. Гайдн пісаў квартэты, і яны адразу ж выконваліся. Моцарт, схіляючыся ў вучнёўскім рэверансе перад настаўнікам і кампазітарскім геніем Гайдна, прысвячаў яму свае квартэты і дасканаліў жанр. Бетховен выйшаў за межы салонаў і апынуўся ў космасе.

Музычнай размовай чатырох разумных асоб называюць струнны квартэт. Разважанне як працэс, абмежаваны знешняй афектацыяй. Цэнтр увагі — сэнс, глыбіня і змест.

Канцэрт для выканаўцы — выпадзенне з агульнага парадку. Шчаслівым яго не назавеш, — занадта нервовае (tremolando) чаканне вячэрняга выхаду на сцэну. Няшчасным — таксама. Верагоднасць вышыні, прадчуванне іншасвету, якога душа музыканта, можа, як ніякая іншая, прагне, бо — як тут быць? — ранішняя раса на траве на пачатку дня ніколі не высыхае… І чаго тут больш: жахлівага трымцення ці прадчування шчасця?

Новыя дарогі вабяць далячынню… Спакушаюць сцежкі торныя. Палохаюць — непракладзеныя. Непаўторнасць патрабуе намаганняў. Што абраць? Як спалучыць «узнёслае і зямное»? Як улагодзіць слых, што лечыць стомленую ад пошукаў сугучнасці душу? А недзе ў вышынях б’ецца пульсам зорка, пакуль невядомай і нябачнай музыкай: яна распавядзе нечаканае, павядзе за край звычайнага і — хто ведае! — адамкне глыбіні, пра якія і падумаць не мог. Паслядоўнасць не выключае выпадковасці, фрагментарнасць не парушае завершанасці. Кожная падзея нібы адчыняе дзверы туды, дзе ніколі не быў, бясконцая анфілада набліжае да самога сябе, існага, сапраўднага. А складаны працэс робіць заўважным стваральны характар.

Акрэслены разлік параметраў: «Будучыню нельга забараніць». Час для перамен на дзіва спрыяльны. Стомленасць сістэмы ад самой сябе і сваёй знябытасці. Гістарычныя дэкарацыі няўмольна мяняюцца — дзверы адчыненыя, заслона расхінутая. Новая эпоха не абыходзіцца без новых імёнаў. Дзёрзкія, непрадказальныя і рызыкоўныя ўсталёўваюць свае крытэрыі, свае хуткасці. Яны пацвярджэнне няспыннай эвалюцыі.

Як звінець невыпадковай струной, выцінаць з яе срэбныя яскі-іскры і спыніцца там, дзе самадасканаласць памкнецца змяніцца самазамілаваннем? У мастацтва дакладны адрас — наша душа. У яго работа такая: даць нам шанц пазбавіцца ад абцугоў абмежаванасці. «Быць творцам — не значыць вынаходзіць бессэнсоўныя камбінацыі, быць творцам — значыць ствараць неабходнае, якога менш» (А. Пуанкаро).

Ролі другога плана не ўласцівы Каралеве Першай скрыпкі Кацярыне Мішчанчук. Ад яе голасу залежыць: будзе музычнае жыццё струннага квартэта толькі эпізадычным інтэрмецца ў партытуры асабістага жыцця ці стане з’явай у музычнай культуры краіны.

Шлях, што ляжыць наперадзе, вабіць множнасцю варыянтаў: можна балансаваць паміж акадэмічнымі стандартамі, элітарнасцю, даступнасцю і збянтэжана-ціхай сучаснасцю.

Можна ўсё жыццё здаваць іспыты: «Зірніце, я магу! І так, і гэтак!». Можна набыць сіндром несупыннага доказу сваёй прафесійнай годнасці і цягнуць тое ярмо праз усё жыццё.

Можна абраць бяспройгрышны рэпертуар — трывіяльны набор класічнай папулярнай музыкі і быць «не горшым за іншых».

Можна той жа самы «набор» — палінялыя ад часу партытуры — выконваць так, быццам гучаць яны ўпершыню.

Можна зайсці на тэрыторыю, дзе ніхто не быў, і набыць славу Магелана.

Можна абраць самы цяжкі шлях — стаць нацыянальна-арыентаваным калектывам — не блукаць па чужых пушчах, а каласіць сваю ніву: нечаканы рэпертуар створыць новую ідэнтычнасць.

Можна ўсё. Нельга толькі без рызыкі ствараць мастацтва.

А метафарычным эпіграфам мог бы стаць прывітальны заклік Чэслава Мілаша з роду Мілашаў, спадкаемцаў славутых Сапегаў: «Хадземце, павяду вас у край дзівосаў, сутоння імглы і ціхіх шэптаў. Адзін узмах крыла — і мы паляцім над краінай, дзе ўсе рэчы пазначаны прыгалосым колерам успамінаў. Нас агортвае пах гарлачыкаў, імшастая лясная смуга, млявае бледнае неба задуменнага краю, што адкрываецца перад намі, хаваючы ў сабе ўсю свежасць позірку старавечных плямёнаў».

Ларыса СІМАКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?