Вы тут

На дарогі пусцяць прыватніка


Учора ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу адбылося адкрыццё сесій. На іх парламентарыі разгледзелі больш за дзясятак пытанняў эканамічнага, сацыяльнага і міжнароднага плана.


Сярод дзевяці законапраектаў, якія прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні, былі і змены ў закон «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці». Па словах Дзмітрыя Заблоцкага, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, цяпер у законе асобна прапісаны варыянт дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Ёсць шэраг інфраструктурных праектаў, якія варта выканаць. Але на іх у бюджэце няма сродкаў. Цяпер яны будуць выносіцца на конкурс у тым ліку і для прыватных інвестараў. Але ж такі ўкладчык чакае прыбытку. «Яго можа забяспечыць увядзенне платы за праезд па такіх адрамантаваных дарогах. Але гэта датычыцца толькі транзітных транспартных сродкаў. Для грамадзян Беларусі праезд застанецца бясплатны. І мы, дэпутаты, будзем і надалей адстойваць такую пазіцыю. Аднак магчыма, што з'явіцца альтэрнатыва: праязджаць па дарозе без платы ці з ёй, але па больш якасным шляху, тады ўжо гэта аплата будзе датычыцца ўсіх без выключэння. Але абавязкова павінна быць альтэрнатыва», — падкрэсліў дэпутат.

Адказваючы на пытанні парламентарыяў па законапраекце, міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак паведаміў, што зараз у Беларусі каля 1,5 тысячы платных дарог і плануецца далейшае павелічэнне іх колькасці. Напрыклад, шостая дарога (М6/Е28 Мінск — Гродна — граніца Польшчы (Брузгі), якая сёння знаходзіцца на рэканструкцыі, будзе платнай. Міністр нагадаў, што ў папярэднія гады была прынята норма — дарогі, якія рэканструююцца, становяцца платнымі, за выключэннем другой кальцавой дарогі.

У Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі было разгледжана восем пытанняў. На пачатку пасяджэння члены верхняй палаты парламента далі згоду на назначэнне Прэзідэнтам нашай краіны старшыні Канстытуцыйнага суда Беларусі Пятра Міклашэвіча, а таксама суддзяў Вярхоўнага суда Юрыя Кобеца, Ігара Калесніка, Таццяны Міколенкі, Канстанціна Харытанюка. Сенатары таксама станоўча разгледзелі пытанне аб абранні членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Генадзя Давыдзькі.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч сам выступіў дакладчыкам па двух пытаннях, разгледжаных на адкрыцці сесіі. Першае — аб задачах Савета Рэспублікі па ўдасканаленні сацыяльна-эканамічнага развіцця і дзяржаўнага будаўніцтва на сучасным этапе. У прыватнасці, спікер звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнай работы з урадам па ўдасканаленні ўмоў інвестыцыйнай дзейнасці. «Адной з найбольш запатрабаваных заканадаўчых мер з'яўляецца кансалідацыя нарматыўна-прававых актаў па дадзеных пытаннях у адзіны комплексны дакумент, магчыма, гэта Закон Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Наконт сістэмнага падыходу старшыня Савета Рэспублікі прывёў прыклад, што для рэалізацыі нормаў толькі Дэкрэта № 7 неабходна карэкціроўка 6 кодэксаў, 21 закона, 13 указаў Прэзідэнта і 34 пастаноў Савета Міністраў. Другое пытанне — аб правядзенні сумеснага пасяджэння абедзвюх палат парламента для заслухоўвання штогадовага Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Беларусі. Правесці яго плануецца ў красавіку.

Вераніка ПУСТАВІТ, Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».