Вы тут

Турыстычныя магчымасці вострава Хайнань прэзентавалі ў Мінску


Калі зірнуць на карту Кітая, то на поўдні ад мацерыка вы ўбачыце востраў Хайнань. Плошча яго не такая і вялікая — усяго 34 тысячы квадратных кіламетраў. Гэта крыху больш за нашу Брэсцкую вобласць. За апошнія дваццаць гадоў Хайнань здзейсніў велізарны скачок наперад у эканамічным развіцці. Адкрываць востраў пачалі для сябе падарожнікі. Напрыклад, з краін СНД летась туды прыляцела адпачыць каля 32 тысяч чалавек.


Што беларусу паглядзець на Хайнані...

Востраў знаходзіцца ў трапічнай зоне на адной шыраце з Гаваямі. Таму колькасць ясных сонечных дзён там перавышае 300. Сярэднегадавая тэмпература паветра — +24 градусы, а вады — +26.

Берагавая лінія Хайнаня даволі працяглая — 1823 кіламетры. На іх — безліч бухтаў з мяккім пяском. Хайнань даўно аблюбавалі аматары дайвінгу — падводнага плавання, і сёрфінгу — слізгання па грэбені хвалі на спецыяльнай дошцы. Востраў спадабаецца і прыхільнікам медыцынскага турызму. Там катэгарычна забаронена шкодная для экалогіі прамысловасць, ды і астатняя зведзена да самага мінімуму. Таму да паслуг падарожнікаў — вельмі чыстае паветра, мора і трапічныя лясы. Тэрмальныя крыніцы сустракаюцца на востраве амаль паўсюдна. Таксама там заснаваны дзесяць самых вялікіх кітайскіх запаведнікаў. Аздаравіцца дапаможа не толькі прырода, але і дзясяткі цэнтраў кітайскай медыцыны. Яшчэ адна адметнасць Хайнаня — самая вялікая ў свеце крама бязмытнага гандлю duty free. І, канешне ж, культура. Гэта заўважна ў архітэктуры, будысцкай рэлігіі... Дзякуючы маляўнічым пейзажам апошнім часам востраў таксама карыстаецца папулярнасцю і для вясельных падарожжаў.

Асаблівасці клімату Хайнаня даўно прыцягнулі ўвагу спартсменаў. Акваторыя вострава даўно стала пляцоўкай для сусветнай паруснай рэгаты. Тут праходзіць міжнародная выстаўка воднага турызму. Таксама на востраве размешчаны 74 палі для гольфа. На востраве пабудавана хуткасная чыгунка. Для турыстаў яна каштоўная не толькі тым, што з яе дапамогай можна дабрацца ў любы горад, але і тым, што дае магчымасць на некаторы час... перамясціцца ў мінулае. На станцыях вам пакажуць хайнаньскую аўтэнтыку — скажам, старажытныя спосабы здабычы солі на радовішчах.

Самы папулярны ў турыстаў горад на Хайнані — Санья. Ён знаходзіцца на поўдні вострава. Пастаяннае яго насельніцтва па кітайскіх мерках зусім невялікае — усяго каля 700 тысяч чалавек.

— Ён мае маляўнічыя краявіды, — адзначыў Е Кхайджун, намеснік кіраўніка камітэта па турызме горада Санья. — Турысты могуць наведаць паркі «Край святла» і «Нябесныя гроты». Санья мае доўгую берагавую лінію — каля 200 кіламетраў. У нас шмат сонца, мора, пляжы, паркі, чыстае паветра, гарачыя крыніцы і непаўторны каларыт Кітая.

Яшчэ адно пытанне пры паездцы ў іншую краіну — моўны бар'ер. Але ён ахвотным прыехаць не перашкодзіць. Паколькі турыстаў з краін экс-СССР з кожным годам становіцца ўсё болей, шэраг рэстаранаў і гатэляў прапануе меню на рускай мове, а непасрэдна ў самім горадзе Санья перакладзеныя многія шыльды. Ну а калі вы ведаеце англійскую мову, то праблем увогуле быць не павінна.

Кошты на туры розныя. Цяпер можна знайсці прапановы з цэннікам у 700—1100 долараў на чалавека на 7—9 сутак.

...і як туды дабрацца?

Прамых чартарных рэйсаў з Беларусі на востраў Хайнань зараз не існуе. Адзіны варыянт дабрацца з мінімумам перасадак — гэта скарыстацца прамымі пералётамі з Расіі, Украіны і Казахстана. У складзе турыстычнай групы візу загадзя афармляць не трэба. Бязвізавы ўезд на тэрыторыю Хайнаня існуе і з Ганконга. Можна карыстацца і рэгулярнымі маршрутамі праз перасадку ў Пекіне, але тут ужо без афармлення візы абысціся не атрымаецца.

Аднак транспартныя цяжкасці будуць пакрысе спрашчацца.

— Сёлета ўрад Кітая будзе ўсяляк спрыяць адкрыццю новых чартарных маршрутаў, садзейнічаючы тым самым турыстычным кампаніям і авіяперавозчыкам, — адзначыў намеснік старшыні Камісіі па развіцці турызму правінцыі Хайнань Чжоу Анвэй. — Да нас ужо ёсць прамыя рэйсы з 66 краін. За два наступныя гады мы разлічваем, што гэтая колькасць дойдзе да ста. У прынцыпе, прамы чартарны рэйс можна адкрыць і наўпрост з Мінска. Але для гэтага трэба, каб урады Беларусі і Кітая яшчэ шчыльней супрацоўнічалі ў сферы турызму.

Намеснік старшыні Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Дзмітрый Скварчэўскі зазначыў, што патэнцыял для развіцця турыстычнай плыні паміж Беларуссю і Кітаем у абодва бакі ёсць.

— Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з прафесіяналамі турыстычнага бізнесу Кітая, і я лічу, што трэба разгледзець магчымасць праходжання практыкі прафесіяналамі беларускай туріндустрыі ў правінцыі Хайнань, а кітайскімі спецыялістамі — у Беларусі. Гэта неабходна для таго, каб дзве краіны больш даведаліся адна аб адной.

Але і Беларусь апошнім часам прыцягвае кітайскіх турыстаў. Што ж іх вабіць у нашай краіне?

— 2018-ы абвешчаны Годам турызму ў Беларусь у Кітаі, — адзначае начальнік аддзела маркетынгу Нацыянальнага агенцтва па турызме Ірына Гардзіенка. — Статыстыка сведчыць, што гасцей з Паднябеснай штогод усё больш і больш, для іх адкрываюцца новыя магчымасці. Напрыклад, пры наяўнасці пашпартоў для афіцыйных паездак для іх цяпер даступны 30-дзённы бязвізавы рэжым. Беларускія гатэлі атрымліваюць сертыфікацыю Chіna-frіendly. Гэта цэлая сістэма дробязей, важных для кітайскіх турыстаў: пералік рэчаў, якія павінны быць у нумары, стандарты паводзін персаналу і нават наяўнасць перахаднікоў для разетак. У Беларусь прыйшла і плацежная сістэма Chіna UnіonPay. Госці з Кітая набываюць у нас вырабы са льну, бурштыну, соевае малако.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Востраў вечнага лета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?