Вы тут

Што такое адзёр і чаму ад яго не існуе лекаў


Сёлета ў Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў адру ў дзяцей і дарослых. Успышка з больш чым двума дзясяткамі хворых здарылася ў Ваўкавыску, акрамя гэтага, хварэлі ў Гродзенскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Як распазнаць адзёр і папярэдзіць яго, расказаў урач-інфекцыяніст 11-й паліклінікі горада Мінска Андрэй Макарэвіч.


— Андрэй Міхайлавіч, у СМІ шмат пішуць апошнім часам пра выпадкі адру. Як папярэдзіць гэту хваробу?

— Адзіны спосаб яе папярэдзіць — вакцынапрафілактыка. Згодна з нацыянальным календаром прышчэпкі робяцца дзецям у адзін і шэсць гадоў. Некаторыя мамы праз нявопытнасць, няведанне, стэрэатыпы ад іх адмаўляюцца. Мяркую, што па гэтай прычыне ў будучыні мы будзем мець праблемы. Вірус добра перадаецца ад чалавека да чалавека і ўспрымальнасць да яго высокая.

— Якім чынам гэта адбываецца?

— Як і любая аэразольная інфекцыя, адзёр перадаецца праз паветра. Чалавек дыхае, кашляе, чхае, і калі кантакт досыць блізкі — метр-два-тры, — то вялікая магчымасць захварэць. Часта сустракаюцца сямейныя выпадкі заражэння, а таксама групавыя — у працоўных, школьных калектывах. Перадача віруса залежыць ад працягласці кантакту з хворым і ад таго, на якой стадыі захворвання ён знаходзіцца. Калі хворы папраўляецца, ён, адпаведна, вылучае менш віруса. Чым больш віруса ў крыві, чым больш яркая клінічная карціна захворвання, тым больш небяспечна з ім кантактаваць.

— Як праяўляецца захворванне?

— Інкубацыйны перыяд складае максімум тры тыдні, гэта значыць, ад моманту заражэння праходзіць да 21 дня. Але звычайна менш — каля двух тыдняў. Спачатку захворванне праяўляецца як вострая рэспіраторная інфекцыя: павышаецца тэмпература, з'яўляюцца кашаль, насмарк. Можа ўзнікаць кан'юнктывіт, часам нават гнойны, слёзацячэнне. Сып з'яўляецца крыху пазней, прыкладна на трэці дзень, але тут усё вельмі індывідуальна. Ён заўсёды пачынае праяўляцца на твары, за вушамі, паступова апускаецца ўніз. Сып праяўляецца ў выглядзе папулападобных элементаў, ён не выклікае свербу, і менавіта гэтым адзёр адрозніваецца ад алергічных высыпанняў.

— Як тады адрозніць вострую рэспіраторную інфекцыю, грып ад адру?

— Менавіта па высыпаннях. Падчас вострых рэспіраторных інфекцый іх няма, але могуць з'яўляцца алергічныя высыпанні на фоне лячэння антыбіётыкамі ці іншымі прэпаратамі. Дык вось, падчас адру існуе этапнасць высыпання: спачатку на твары, шыі, затым на тулаве, яно ідзе зверху ўніз. Алергія ж можа ўзнікаць на нагах, ягадзіцах, жываце, тулаве.

— Ці кожны чалавек можа заразіцца гэтай хваробай?

— Амаль кожны. Гэта высокакантагіёзная інфекцыя. Нават калі ёсць прышчэпкі, існуе магчымасць «падхапіць» адзёр. Прытым чым далей тэрмін апошняй прышчэпкі, тым яна большая, паколькі зніжаецца постпрышчэпачны імунітэт. Чым старэйшы чалавек, тым небяспека захварэць вышэйшая, калі ён не рабіў рэвакцынацыю. Загартоўванне, умацаванне імуннай сістэмы абараняюць нас ад многіх захворванняў, але ў выпадку з адром гэта, на жаль, не спрацуе.

— Гэта значыць, дзвюх прышчэпак у дзяцінстве недастаткова?

— У ідэале можна парэкамендаваць такія прышчэпкі і дарослым, асабліва тым, хто знаходзіцца ў групах рызыкі, напрыклад, выхавальнікам дзіцячых садкоў, а таксама тым, хто выязджае ў краіны, дзе сітуацыя з адром неспрыяльная. Але ў каляндар прышчэпак для дарослых яны не занесеныя.

— Як лечыцца адзёр?

— Этыятропных прэпаратаў ад яго не існуе. Таму выкарыстоўваюцца толькі класічныя прэпараты для сімптаматычнага лячэння — тыя ж, што прымяняюцца пры вострых рэспіраторных інфекцыях і аблягчаюць боль у горле, кашаль, паніжаюць тэмпературу. Вірус адру дастаткова зменлівы, ён хутка трансфармуе сваю структуру, таму лекаў ад яго няма. Увогуле складана сінтэзаваць прэпараты па лячэнні вірусаў. Супраць іх, акрамя вірусаў герпесу, грыпу, гепатыту, не распрацавана лекаў.

— Якія ўскладненні могуць развіцца пасля адру?

— Могуць узнікаць запаленне, стэноз гартані, трахеабранхіт, атыт, першасная адзёрная пнеўманія, другасная бактэрыяльная пнеўманія і нават адзёрны энцэфаліт. У літаратуры апісаны выпадкі, калі захворванне заканчваецца лятальна. Але найчасцей ніякіх ускладненняў не ўзнікае.

— Апошнія выпадкі адру, пра якія пішуць у СМІ, у прыватнасці ў Ваўкавыску, здарыліся ў тых, у каго не было прышчэпак?

— Мяркую, што так. І гэта захворванне не перарастае ў эпідэмію менавіта дзякуючы таму, што большасць нашага насельніцтва мае прышчэпкі. Па гэтай жа прычыне няма ў нас распаўсюджанасці дыфтэрыі, слупняку.

— Мяркуецца, што гэта завозныя выпадкі адру...

— Так, сітуацыя з гэтым захворваннем у некаторых краінах Еўрапейскага саюза, ва Украіне зараз неспрыяльная. Там цыркуляцыя віруса вышэйшая, ён завозіцца да нас. А ўвогуле вірус адру, як і любая біялагічная істота, жыве і працягвае сваё існаванне. Канешне, усё насельніцтва прышчапіць усё роўна не атрымаецца, але ў ідэале да гэтага трэба імкнуцца. Тады выпадкаў захворвання будуць адзінкі, бо знікне крыніца перадачы.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Папярэдзіць толькі прышчэпка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.