Вы тут

У Шчучыне будуюць сучасны дзіцячы сад


У Шчучыне будуюць сучасны дзіцячы сад, які адкрыецца для маленькіх наведвальнікаў першага верасня.


Жылы масіў Заходні пачаў будавацца на ўскрайку райцэнтра ў 90-я гады. Паралельна ўзводзіліся і аб'екты інфраструктуры — крамы, аптэка, пошта. Пабудавалі і школу, а вось дзіцячага садка тут не было, хоць месца для яго па праекце адводзілася. Жыхары неаднаразова заяўлялі ўладам аб неабходнасці будаўніцтва дашкольнай установы, бо сем наяўных садкоў Шчучына перагружаны на 20 %. Але далей абяцанняў справа доўгі час не ішла.

І вось нарэшце ў мінулым годзе было прынята рашэнне — сад будаваць. І адразу замахнуліся на самы сучасны праект, які існуе ў краіне. Яго кошт складае 5,5 млн рублёў, агульная плошча крыху большая за 5 тысяч квадратных метраў. Садок шматфункцыянальны.

У кожнай групы будзе свой асобны блок, у якім размесцяцца спальня, буфет, пакой для гульні, санвузел, раздзявальня. На першым паверсе прадугледжаны харчовы і медыцынскі блокі. А яшчэ на радасць малым — басейн. Для ўмацавання здароўя будзе таксама абсталявана гімнастычная зала, для развіцця талентаў — музычная. У кожнай зале адначасова могуць займацца да 20 выхаванцаў. Для адпачынку персаналу прадугледжаны пакой псіхалагічнай разгрузкі.

— Мы не бачылі такіх садкоў, бо раней будавалі па іншых, прасцейшых праектах, — кажа загадчыца дзіцячага садка Алена Федасеева. — Такому падарунку рады ўсе жыхары мікрараёна, бо тут будуць створаны сапраўды цудоўныя ўмовы і для дзетак, і для работнікаў.

Аналагічны садок пабудаваны не так даўно ў Пінску. Дэлегацыя са Шчучына, у тым ліку і будаўнікі, пабывалі там, каб абмеркаваць функцыянальныя асаблівасці садка, а таксама даведацца, якія пытанні ўзнікалі падчас яго эксплуатацыі. Для сябе зрабілі некалькі высноў. У першую чаргу — звярнуць увагу на дах і харчовы блок.

— Важна зрабіць так, каб завеі не наносілі снег пад дах, і, вядома, прыняць усе меры бяспекі, — заўважыў дырэктар будаўнічай арганізацыі Аляксандр Смірноў. — Таксама вырашылі, што харчовы блок пашырым. Звярнулі ўвагу на каларыстыку.

Зараз на аб'екце працуе каля 80 будаўнікоў, але праз месяц іх колькасць павялічыцца. Цяпер вядуцца работы на даху, ідзе ўцяпленне фасада, выконваюцца сантэхнічныя работы. Па словах Аляксандра Смірнова, скончыць усе работы ў двухпавярховым садку павінны да першага верасня.

Новая дашкольная ўстанова разлічана на 170 месцаў. Гэта самы вялікі дзіцячы садок у Шчучыне, дзе падобныя аб'екты не будаваліся больш за 25 гадоў. Па словах Алены Федасеевай, ужо вядзецца запіс у будучы сад і колькасць ахвотных уладкаваць сюды сваіх дзяцей нават перавышае ўмяшчальнасць дашкольнай установы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Пасля 25-гадовага перапынку...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.