Вы тут

Як вырасціць сунічную траву


Хочаце здзівіць сваіх блізкіх? Тады пачастуйце іх гарбатай з сунічнай травой. Яны, безумоўна, здзівяцца чароўнаму і спакусліваму водару гэтай траўкі, падобнаму на пах ананаса з адценнем суніцы і карамелі.


Батанічная назва гэтай расліны «цэфалафора духмяная». Родам яна з горных раёнаў Паўднёвай Амерыкі. Цэфалафора — адналетнік вышынёй да 50 см са шматлікімі цёмна-зялёнымі вузкімі лістамі. Кожная яе сцяблінка нясе на верхавіне суквецце ў выглядзе невялікіх жоўтых шарыкаў. Суквецці правільнай круглявай формы, падобныя на пчаліныя соты, складаюцца з мноства кветак. Выглядае гэта расліна вельмі эфектна.

Цэфалафора адносна некапрызная расліна і можа вырошчвацца ў нашым клімаце. Галоўная яе патрабаванне — сонца і прастор, а глеба падыдзе любая, але на ўрадлівай кусцікі выглядаюць больш пышнымі і прыгожымі.

Насенне ў цэфалафоры дробнае, яго можна сеяць непасрэдна ў грунт прыкладна ў сярэдзіне мая неглыбока (0,5-1 см). Усходы з'яўляюцца праз
4-5 дзён. Калі пасевы густыя, іх неабходна прарэдзіць і пакінуць паміж раслінамі 30—40 см, пры больш цеснай пасадцы расліны пераплятаюцца і выглядаюць непрыгожа. Лішнія сеянцы можна выкарыстоўваць як расаду, пасадзіўшы іх у іншым месцы, або як сыравіну для араматызацыі гарбаты.

Цэфалафора зацвітае праз два месяцы: спачатку з'яўляюцца невялікія зялёныя круглявыя галоўкі, па меры росту яны ператвараюцца ў прыгожыя жоўтыя шарыкі, адначасова гэта служыць сігналам паспявання насення. У гэты час прыступаюць да асноўнай нарыхтоўкі духмянай сыравіны. У яснае сухое надвор'е выбарачна або без разбору суквецці з верхняй часткай парасткаў зразаюць, звязваюць у невялікія пучкі і сушаць у цені пад падстрэшкам.

Цэфалафора дае шмат насення, якое можна сабраць і пасеяць у наступным годзе. Усе часткі гэтай расліны, у тым ліку і насенне, распаўсюджваюць непаўторны водар. Але найбольш багатыя на эфірны алей кветкі.

Траву цэфалафоры выкарыстоўваюць як араматызатар, дадаючы яе ў звычайны чай або заварваючы самастойна. Яе дадаюць у марынады, расолы, соусы, хатнія віны, кандытарскія вырабы. Галоўнае — не перабраць. Лішак дасць моцны ненатуральны смак, а ў вялікай колькасці трава гарчыць.

Загаловак у газеце: Сунічная трава

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».