Вы тут

Горкі прысмак гасцінца


Аксіёма: фізічныя практыкаванні прадаўжаюць жыццё.

Адна жанчына праверыла — 20 разоў прысела. Адчула сябе — гадоў на 90.

З непрывычкі, відаць?


Не будзі ліха...

Субота, дарога, праваруч — мястэчка, і недзе ў ім — сяліба.

— Сынок, я за нашым гародам, здаецца, скарб «намацаў», — пахваліўся яе гаспадар перад зяцем. — Ты б пайшоў — адкапаў...

— Дык, можа б, вы, бацька, самі?

— А раптам — бомба?

...Дарога, мястэчка, і недзе ў ім — скарб.

Так і ляжыць, напэўна?


«Цяжкая» навука

У заапарк білеты нятанныя, а шкада: не лішне туды і дзяцей вадзіць, і дарослым хадзіць, бо лепш адзін раз убачыць...

Малпы ў клетцы. Адна — старанна абірае апельсін, са смакам есць яго, потым (малпа!) падбірае кожную лупінку — заносіць у кут і пераможна глядзіць на людзей: вы, маўляў, гэтак робіце?

Асобныя — ну, вядома ж! Большасць, як часам выглядае, — не.


Эстафета

Раніца, прыпынак, дзве жанчыны: адной, відаць, пад 80 — мажная, грузная, з палачкай, другая — не нашмат маладзейшая, але ж досыць рухавая... Сваячкі? Суседкі? Сяброўкі? І куды гэта яны — у сем гадзін раніцы буднага дня, на грамадскім транспарце, у натоўпе людзей?

Добра, што тыя — не сляпыя і бабуль гэтых бачаць: ва ўсякім разе, старэйшай, той, што з палачкай, адразу ж саступаюць месца.

Жанчына дзякуе, паволі апускаецца на сядзенне, глядзіць на сваю спадарожніцу (хоча, вядома ж, каб і тая села), але месцаў болей няма. Тады, каб «займець» яго, яна неўпрыкмет штурхае маладзейшую і цішком перадае ёй палку — між іншым, чароўную, бо варта было абаперціся ды стаць «над душой», як нейкі хлопец устаў, жанчына села.


У чарзе

...Некалі гэта кватэра здавалася кабеце раем: асобныя пакоі ў сына, у дачкі, асобны — у яе і мужа, плюс кухня, калідор, зашклёная лоджыя... Жыві ды радуйся!

Што яны і рабілі, бо ў хуткім часе пасля засялення сын у гэтыя «палацы» прывёў нявестку, дачка — зяця, адзін за адным унукі пайшлі...

— Я ўсё жыццё ў чарзе прастаяла, — прызналася неяк кабета.

— На пашырэнне жылплошчы? — удакладнілі мы.

— ...І ў прыбіральню таксама.


Няма дурных

Штодзёншчына: кухня, пліта, прыправы пад рукой, некалі — перчык, лаўровы ліст, кмен, каляндра... Цяпер — чаго толькі няма: і асобна, і ў сумесях. Адмыслова для (так і напісана) фаршу, сала, рыбы, селядца, курыцы... Без солі, кансервантаў, фарбавальнікаў, узмацняльнікаў смаку, без лішніх... слоў і з імі: на адным з пакецікаў (і нейкі ж дурань купіў — гэта я пра сябе): «Прыправа для прыгатавання...»

Каб не напісалі, нехта, можна падумаць, з'еў бы яе ў «чыстым выглядзе» — з малаком, напрыклад.


За дабро дабром

Раніца. Тралейбус. На адным з пярэдніх сядзенняў... букет (аж чалавека не відаць) — вялікі, на здзіў прыгожы!

— У краме выбрала, — згледзеўшы цікавасць, прызнаецца жанчына, якая яго трымае. — Мужу вязу — на могілкі. У яго дзень нараджэння сёння — 54 гады... было б. Мы 23 усяго пражылі. Ён мне часта кветкі прыносіў. А цяпер вось я...


«Салідарнасць»

Каля той машыны сто разоў прайшоў бы і ні разу не глянуў, бо такіх у дварах — «мільён, можа, нават сто». А вось праехаць каля яе — прыцемкам і на хлебнай машыне — цяжкавата было. Кіроўца баяўся зачапіць, а таму разоў колькі «тыркаўся» — здаваў назад, пакуль нарэшце...

Ён, можна сказаць, «упісаўся» ўжо ў вузкі праезд паміж дрэвам і легкавіком, калі ўбачыў, што ў ім, так няўдала прыпаркаваным, за рулём... нехта ёсць.

Не дзіва, што не змаўчаў: з усіх бакоў «аблажыў» мацюкамі!..

Хоць, можа, і не варта было, таму што побач з «калегам», у абдымках, сядзела такое закаханае, такое растрапанае дзяўчо...

Яго, трэба разумець, кіроўца не ўбачыў?


Людзі-нелюдзі

Бабу Люду ў горадзе (ведама, з вёскі) цікавіла ўсё.

У той раз на вуліцы машыну страшную згледзела — вялікую, цёмна-зялёную, жалезную, з маленькімі як бы акенцамі, але ў самым версе...

— А што ў такіх возяць? — спытала ў дачкі.

— Не што, а каго... Злачынцаў, — растлумачыла тая.

— Дык хай бы ім акенцы адчынілі — далі на свет паглядзець, — зашкадавала «пасажыраў» бабуля. — Ці ж яны не людзі?

Ёсць пытанне, як той казаў.


Яны не мы?

Мабільнік можа «дастаць» хоць дзе — у паліклініцы, у краме, на працы, а ўжо ў транспарце...

Шмат пасажыраў, няёмка пры іх размаўляць, таму «дзіка выбачаюся» (нехта ж прыдумаў фразу?!): абяцаю хвілін праз колькі перазваніць (калі не гарыць, вядома ж).

Такім чынам размова адкладзена — гэта вось, тэлефонная. Затое іншая — толькі пачынаецца:

Почему вы говорите по-белорусски? — строга пытаецца нейкі (што важна, цвярозы) дзядзька.

— А як трэба? Па-англійску? — удакладняю ў яго. — Ці ўжо па-кітайску?

Ну, если вы китаянка или англичанка...

Дзіўная логіка: гэтым нацыям дзядзька пакідае права размаўляць па-свойму — нават у нашай краіне, беларусам — чамусьці не... У сваёй!

Зрэшты, хто б на «забароны» яго зважаў, хто б што казаў (а тым больш пісаў), калі б ён, вось гэтакі дзядзька, быў адзін, а так...


Горкі прысмак гасцінца

Каля шашы на высознай бярозе абвестка «Спілуем дрэва...».

Ахвотных гэта зрабіць хоць адбаўляй цяпер: выедзь за горад — нумары тэлефонаў на кожным слупе!

Ад іх, відаць, і ўражанне, што дрэвы толькі пілуюцца, а вось саджаць не бярэцца ніхто.

Мы, у прыватнасці, пасадзілі толькі адно — увосень. Бірка на ім за зіму не размокла — надпіс чытаецца, хоць не сказаць, каб лёгка: «Черешня Гостинец».

Трэба разумець, вывеў гэты сорт беларус. Назву яму прыдумаў таксама, прычым досыць удалую: тым, хто ведае беларускую, яна, напрыклад, кажа, што ад дрэўца трэба чакаць ласункаў, дарункаў...

Тым, хто мовы не ведае, «гостинец» (ад слова гость?) не скажа нічога. Тады навошта?..

Няма адказу.


Каб зразумець

Вечар, канцэрт. На сцэне — госць, досыць вядомы замежны выканаўца. З публікай ён вітаецца па-англійску і надалей прапануе трымацца дзвюх моў — музыкі і той самай англійскай. Зала — за, што, вядома ж, радуе: Беларусь, ХХІ стагоддзе, людзі ведаюць замежныя мовы. Артыст, відаць, тым падахвочаны, пачынае ўсё менш... іграць — усё больш і больш гаварыць, жартаваць.

Тыя, што яго разумеюць, — смяюцца. Тыя, што не (разумеюць), адчуваюць сябе...

Прыкладна як генерал Баграмян на свяце ў Літве... Ён, расказвалі, моўчкі слухаў прамовы на літоўскай. І сам, калі запрасілі на сцэну, па прыкладзе гаспадароў загаварыў... па-свойму, па-армянску.

Толькі пасля гэтага побач з ім, ганаровым госцем, з'явіўся перакладчык, бо яно, відаць, часам трэба, каб нешта зразумець, не зразумець... нічога.


За «пяць хвілін» да вясны

Вёска. Хата. Іх, пустых ды яшчэ зімою, — незлічона, відаць. Але ж тут надзея была: гаспадар хварэў, ляжаў у бальніцы і...

Дзякаваць богу, паправіўся: напрадвесні, разам са шпакамі, вярнуўся дамоў, адчыніў свае дзверы.

Першай гэта пачула котка: умомант «знайшлася», прыбегла, паглядзела ў вочы, ускочыла на калені, «паскардзілася», як жа дрэнна жылося ёй без цёплай хаты, без малака і ліверкі, без яго. А ўжо з ім...

Яшчэ дрэнна верачы шчасцю, котка днямі хадзіла следам, «вартавала» яго сон па начах. А потым...

Як і варта было чакаць, жах ад перажытага, ад такой даўжэзнай зімы, пакрысе забыўся — наступіла хай спачатку халодная, але ж вясна.

Закон прыроды — закон жыцця.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».