Вы тут

Ігар Карпенка: На парадку дня — заробкі педагогаў


А закрываць і аптымізаваць установы адукацыі можна толькі са згоды міністра.

З 1 верасня заробкі ў сістэме адукацыі могуць узрасці. У сістэме дашкольнай адукацыі павышэнне заработнай платы павінны адчуць у найбольшай ступені. Пра гэта паведаміў на VІІ Пленуме Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА.


Сігналы SОS пачулі?

— Мы ўжо ўнеслі свае прапановы — падняць з 1 верасня аклады педагагічным работнікам і памочнікам выхавальнікаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі на 50 працэнтаў. А педагагічным работнікам іншых устаноў адукацыі, акрамя прафесарска-выкладчыцкага складу, — на 20 працэнтаў. Падкрэслю, што гэта пакуль толькі нашы прапановы, але разам з урадам і Міністэрствам фінансаў мы зараз сур'ёзна над імі працуем, пралічваем з улікам сродкаў, што вызваліліся ў выніку праведзенай у краіне аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, — растлумачыў міністр. — Я ўпэўнены, што колькі б наш педагагічны ўніверсітэт ні павялічваў набор на факультэт дашкольнай адукацыі, кадравае пытанне ў дзіцячых садках мы не закрыем. І колькі б ні адпраўлялі работнікаў дашкольных устаноў без профільнай дашкольнай адукацыі на перападрыхтоўку, кардынальна праблему ўсё роўна не вырашым. А вось калі мы павысім заробкі, то адток з сістэмы дашкольнай адукацыі, спадзяюся, удасца спыніць. Больш таго, у дашкольную адукацыю могуць вярнуцца спецыялісты, якія адтуль пайшлі раней.

У краіне створана рабочая група па распрацоўцы комплексных мерапрыемстваў па ўдасканаленні аплаты прафесарска-выкладчыцкага складу, павышэнні зацікаўленасці ў выніках педагагічнай і навуковай дзейнасці. У цэнтры ўвагі знаходзяцца таксама стыпендыі аспірантаў і дактарантаў, бо ні для кога не сакрэт, што калі выкладчык ВНУ ідзе вучыцца ў дактарантуру, то атрымлівае стыпендыю намнога меншую за яго заробак на выкладчыцкай пасадзе, таму жаданне займацца падрыхтоўкай доктарскай работы адразу знікае.

Сярэднямесячная заработная плата ў адукацыі за студзень — снежань 2017 года склала 557,7 рубля, у тым ліку ў настаўнікаў 673,5 рубля. «Зразумела, што гэта не тыя лічбы, да якіх мы імкнёмся, — заўважыў кіраўнік галіны. — Урадам ставілася мэта давесці заробак у адукацыі да 80 працэнтаў ад сярэдняга заробку ў прамысловасці, і, калі б гэта адбылося, мы павінны былі б выйсці недзе на 800 рублёў. Але мы напрамую залежым ад таго, як спрацуе рэальны сектар эканомікі...»

Затрымаць маладых спецыялістаў

Летась у сістэму адукацыі было накіравана 5900 выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў, якія атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Дзякуючы дадатковым намаганням па падтрымцы маладых педагогаў, прынятым мясцовымі ўладамі, павялічыўся працэнт замацавання маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы пасля двух гадоў адпрацоўкі па размеркаванні. Зараз гэты паказчык дасягнуў ужо 73 % (для параўнання: у 2015 годзе ён складаў 66 %).

Міністр нагадаў, што ў студзені мінулага года ўрад прыняў рашэнне: маладым спецыялістам з катэгорыі педагагічных работнікаў, якія ўжо адпрацавалі па размеркаванні два гады, але працягваюць працаваць у гэтай жа ўстанове адукацыі, яшчэ на год была падоўжана выплата даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду. Зроблена гэта было для таго, каб не дапусціць зніжэння заробкаў у маладых спецыялістаў і іх адтоку з устаноў адукацыі. Захаванне даплаты яшчэ на адзін год дае магчымасць маладым педагогам прайсці атэстацыю для атрымання другой кваліфікацыйнай катэгорыі.

Між іншым, Ігар Карпенка прапанаваў зноў вярнуцца да Інструкцыі аб атэстацыі педагагічных работнікаў і калі ёсць у гэтым неабходнасць, то яшчэ раз яе перагледзець. «Можа, нам ёсць сэнс увогуле адмовіцца ад жорсткіх тэрмінаў паміж прысваеннем кваліфікацыйных катэгорый? Калі ў педкалектыве бачаць, што малады педагог паказвае добрыя вынікі, то навошта чакаць устаноўленыя сёння два гады для атэстацыі на другую кваліфікацыйную катэгорыю? Гэта можна зрабіць і раней. Я ўпэўнены, што падобныя пытанні лепш адрэгулююцца непасрэдна на месцах і тут зусім не патрабуецца ўмяшанне вышэйстаячых структур. Мы ж ужо прапісалі, што выпускнікі магістратуры, якія прыходзяць у школу, могуць адразу дапускацца да атэстацыі на атрыманне другой кваліфікацыйнай катэгорыі. Таму я гатовы абмяркоўваць з вамі гэта пытанне і далей...»

«Падводныя камяні» эксперымента

Сёння ў галіне рэалізуецца пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання. Летась у ім удзельнічалі 642 установы агульнай сярэдняй адукацыі і 94 установы дашкольнай адукацыі. Педагагічным работнікам больш як 100 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўстанаўлівалася галіновае павышэнне тарыфных ставак, пры гэтым іх сярэдняя заработная плата вырасла на восем працэнтаў.

У 2018 годзе ў эксперыменце ўдзельнічаюць ужо 857 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 471 тысяча навучэнцаў. У рамках эксперымента аб'ёмы фінансавання, што накіроўваюцца на навучанне і выхаванне, «прывязваюцца» да колькасці навучэнцаў. Новы механізм прадугледжвае фарміраванне бюджэту ўстановы на падставе сярэднегадавых паказчыкаў колькасці навучэнцаў розных катэгорый (па ступенях навучання, колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і колькасці вучняў, якія наведваюць групы падоўжанага дня), нарматыву бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў і карэктуючых каэфіцыентаў. Тэарэтычна школы з высокай напаўняльнасцю павінны знаходзіцца ў выйгрышным становішчы.

— Але ў 2018 годзе ўмовы ўдзелу ў пілотным праекце змяніліся, і для ўстаноў адукацыі, дзе напаўняльнасць перавышае 1250 навучэнцаў, быў устаноўлены каэфіцыент 0,9, — звярнула ўвагу на праблему старшыня Цэнтральнай раённай арганізацыі г. Гомеля Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля САЗОНАВА. — У Цэнтральным раёне нашага горада напаўняльнасць устаноў сярэдняй адукацыі вельмі высокая — 173 %, таму чатыры школы, у якіх вучацца амаль сем тысяч дзяцей, працуюць цяпер з прымяненнем гэтага каэфіцыента. Сярод іх ёсць тры ўстановы з эстэтычным кірункам, дзе навучэнцы атрымліваюць паралельна яшчэ і музычную, харэаграфічную і мастацкую адукацыі. І мы ўжо бачым, што 78 педработнікаў могуць апынуцца на вуліцы, калі не будзе грошай на эстэтычны напрамак.

Між іншым, з 3205 работнікаў устаноў адукацыі Цэнтральнага раёна Гомеля даплаты да мінімальнай заработнай платы атрымлівае практычна трэцяя частка — 958 чалавек. Прычым не толькі тэхнічны персанал, але і маладыя спецыялісты — інжынеры ЭВМ, праграмісты, бухгалтары, эканамісты, якіх накіроўваюць у цэнтралізаваную бухгалтэрыю па размеркаванні.

— Незалежна ад якасці працы, прыкладзеных намаганняў і праяўленай ініцыятывы ўсе яны атрымліваюць аднолькавы заробак. І наймальнік ніяк ні на якасць іх працы, ні на яе вынікі паўплываць не можа, — звярнула ўвагу міністра на праблему Наталля Сазонава.

— Для нас вельмі важна падтрымаць малакамплектныя сельскія школы, таму там і ўстанаўліваецца павышальны каэфіцыент. Незалежна ад таго, колькі вучняў сядзіць за партай, мы павінны ўтрымліваць і ацяпляць увесь будынак, падвозіць дзяцей да школ, выплачваць заробак педагогам і тэхперсаналу і гэтак далей. Таму і нарматыў на ўтрыманне аднаго вучня ў сельскай школе больш чым удвая перавышае аналагічны нарматыў для гарадоў. Ну не могуць быць аднолькавыя ўмовы для гарадскіх і сельскіх школ, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Ігар Карпенка. — Першыя мае паездкі ў статусе міністра былі менавіта па малакамплектных школах. І я быў вымушаны падрыхтаваць загад, які забараняе тэрытарыяльным органам кіравання адукацыяй закрываць ці аптымізаваць установы адукацыі без узгаднення з міністрам адукацыі. Трэба вельмі граматна падыходзіць да такіх пытанняў: аналізаваць, якім будзе кіламетраж падвозу выхаванцаў, колькі грошай на гэта спатрэбіцца, ці будуць працаўладкаваныя педагогі з закрытых школ.

Бюракратыя — пад адказнасць кіраўнікоў

«Галіной будзе кіраваць міністр, незалежна ад таго, хто з'яўляецца наймальнікам у начальніка ўпраўлення адукацыі і ў дырэктара школы, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — І хачу папярэдзіць, што час дывановых дарожак прайшоў. Я буду прыязджаць, не папярэджваючы пра свой візіт, і ісці туды, дзе мяне не чакаюць. І не з параднага, а з чорнага ўвахода. Сёння дырэктар школы нясе персанальную адказнасць за ўсе тыя паперкі, якія прыходзіцца запаўняць яго педагогам. Міністэрства адукацыі ўстанавіла пералік абавязковай дакументацыі, а ўсё, што ў яго не трапляе, — гэта вашы выдумкі на месцах. Вось і апраўдвайцеся перад настаўнікамі самі».

— Нам вельмі сімпатычная ваша пазіцыя. Адназначна кіраваць сістэмай адукацыі павінен міністр адукацыі, але рэальнасць такая, што на рэгіянальным узроўні ёсць вельмі шмат структур, падсправаздачных іншым ведамствам, якія кіруюць і адміністрацыяй устаноў адукацыі, і педагогамі, — звярнуўся да міністра старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай БАШКО (зала сустрэла яго словы апладысментамі). — Я маю на ўвазе падраздзяленні МНС, органы ўнутраных спраў, работнікаў пракуратуры. Ад 70 да 80 працэнтаў усёй перапіскі і дакументацыі ідуць менавіта ад гэтых структур. Як мне падаецца, паміж ведамствамі няма ўзаемадзеяння.

— Згодны, што работнікам МНС значна прасцей адправіць педагогаў па дамах сваіх выхаванцаў з заданнем праверыць бяспеку пячнога ацяплення і праінфармаваць пра гэта службы МНС. А павінна быць усё наадварот: работнікі МНС павінны сігналізаваць у школу пасля сваёй праверкі, што ў нейкай сям'і ёсць пагроза жыццю дзіцяці. Вось таму я і кажу, што кіраваць галіной павінен міністр, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — А на месцах дырэктары павінны ўключаць галаву. Мы нідзе не казалі, што ўсе настаўнікі павінны прысутнічаць у школе ў шосты школьны дзень. Але трэба скласці нейкі графік, каб бацькі ведалі, што ў канкрэтную суботу яны могуць прыйсці ў школу і сустрэцца з педагогам, да якога ў іх ёсць пытанні. Там, дзе адэкватны дырэктар, такіх пытанняў не ўзнікае.

Санітарная служба сказала, што аптымальны пачатак заняткаў у школе ў 8.30 — 9.00. Але я ведаю школы, куды дзяцей падвозяць, і яны потым паўтары гадзіны чакаюць першага ўрока. Няўжо гэта разумна? Толькі на месцах ведаюць усю спецыфіку, і менавіта з яе ўлікам трэба ўстанаўліваць пачатак заняткаў. Ёсць рэкамендацыі, але павінен быць і здаровы сэнс! Усе ведаюць, што нельга на першым уроку праводзіць кантрольную работу, але праводзяць. Нельга ставіць на адзін дзень дзве кантрольныя работы, але ставяць. А аб'ём дамашніх заданняў?! Усё знаходзіцца ў руках настаўніка, які на ўроку павінен усё даходліва растлумачыць. І не трэба думаць, што яго прадмет самы важны!

* * *

Асобна на пленуме спыніліся на праекце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый» і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый».

— Прадстаўленыя праекты спрашчаюць механізм разліку заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы, але выклікаюць занепакоенасць у плане меркаванай адмены дэкрэтаў і ўказаў па дадатковых мерах стымулявання працы работнікаў, якія знаходзяцца на кантрактнай форме найму, па асобных катэгорыях маладых спецыялістаў, губляюцца даплаты за вучоныя ступені і званні. Мы лічым, што гэтыя праекты патрабуюць тлумачэнняў і руплівай дапрацоўкі, — агучыў пазіцыю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня Цэнтральнага камітэта Аляксандр БОЙКА.

Удзельнікі пленума прынялі рашэнне накіраваць у Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы зварот, у якім выказваецца асцярога, звязаная з прыняццем гэтых дакументаў. Ёсць вельмі шмат важных нюансаў, што датычацца спецыфікі працы работнікаў галіны адукацыі, якія павінны быць абавязкова ўлічаны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.