Вы тут

Паліграф: праверана на сабе


У мінулым годзе расійскае тэлебачанне ўзарваў новы фармат шоу. На першым канале пачалі паказваць праграму, у якой удзельнікаў правяралі на дэтэктары хлусні. Ход, які вылучае «На самай справе» з шэрагу іншых ток-шоу, дзе на працягу гадзіны толькі і чуеш «Я вас не перапыняў, вось і вы мяне не перапыняйце», адразу ж зрабіў яго мегапапулярным. Нароўні з абмеркаваннем гісторый герояў гледачы не менш заўзята спрачаліся: праўда ці выдумка сама тэхналогія. Бо пра магчымасць пазнаваць няўхільную праўду людзі марылі стагоддзямі, прыпісваючы «чароўныя» ўласцівасці розным раслінам і зёлкам. А вы верыце ў сілу паліграфа? Мы з адказам вызначыліся, бо змаглі праверыць гэты дзіўны прыбор на сабе.


Пасля ВНУ — яшчэ павучыцца

Такая ж магчымасць была ва ўсіх ахвотных падчас дня адчыненых дзвярэй, які прайшоў у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. Мерапрыемства было арганізавана спецыяльна для студэнтаў, яны змаглі паназіраць за работай ведамства ў падраздзяленнях па ўсёй Беларусі. Зараз спецыялісты камітэта выконваюць больш за 150 відаў экспертыз, так што знайсці сабе занятак тут могуць выпускнікі зусім розных профіляў.

— Сёння мы працуем з 20 вядучымі ВНУ краіны, бяром адтуль найлепшых спецыялістаў. У нас няма праблем з кадрамі і ёсць магчымасць выбіраць тых людзей, якія зацікаўленыя ў гэтай прафесіі, добра адукаваныя і падрыхтаваныя, — азначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэй ШВЕД.

У структуру камітэта ўваходзіць РУП «Белсудэкспертазабеспячэнне», якое не так даўно засвоіла вытворчасць асаблівых упаковачных матэрыялаў. Раней яны наогул не вырабляліся на постсавецкай прасторы. Матэрыяламі забяспечана не толькі беларуская служба, ужо заключаны дагаворы аб іх пастаўцы ў шэраг іншых краін. Пералік прадукцыі пастаянна пашыраецца, так,адна з апошніх распрацовак — спецыяльныя чамаданы, якія раней закупляліся за мяжой.

Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў камітэта 30—35 гадоў, каля 60 % экспертаў — мужчыны. Практычна ўсе з вышэйшай адукацыяй. Аднак для таго каб стаць экспертам, дыплома ўсё роўна недастаткова: будучыя спецыялісты яшчэ праходзяць дадатковае навучанне ў інстытуце перападрыхтоўкі, увесь працэс займае ад 1 да 2,5 года. Але жадаючых звязаць сваё жыццё з судовай экспертызай гэта не спыняе: конкурс на некаторыя спецыяльнасці складае 5—7 чалавек на месца.

«А прыбор можна падмануць?»

Студэнты з цікавасцю заглядвалі ў розныя лабараторыі і назіралі за правядзеннем экспертыз. Але безумоўным лідарам па колькасці ўвагі ўсё роўна аказаўся паліграф, або, як кажуць у народзе, дэтэктар хлусні. Прычым самае папулярнае пытанне, якое задавалі, калі падыходзілі да стэнда, не «Як гэта працуе?», а «Прыладу можна падмануць?»

Эксперт-псіхолаг аддзела псіхолага-фізіялагічных даследаванняў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Віталь ДАВЫДОЎСКІ за лепшае лічыць не спяшацца з адназначнымі высновамі, а стараецца спачатку растлумачыць агульны прынцып работы паліграфа:

— Гэта медыка-біялагічная прылада, якая фіксуе адначасова некалькі паказчыкаў. Сярод іх частата сардэчных скарачэнняў, артэрыяльны ціск, крованапаўненне капілярных сасудаў, скурна-гальванічная рэакцыя — супраціўляльнасць скуры электрычным сігналам, частата і амплітуда дыхання, а таксама трэмар, ці мышачнае напружанне. Гэтыя фізіялагічныя паказчыкі адносяцца да несвядомых рэакцый, якія не кантралююцца чалавекам. Выключэнне складае толькі дыханне — яго можна пастарацца выраўнаваць.

Працэдура абсалютна бясшкодная для таго, хто яе праходзіць, таму што ніякімі электрамагнітнымі імпульсамі на чалавека не ўздзейнічаюць. Яшчэ да тэсціравання ўдакладняюць: ці добра чалавек сябе адчувае, ці ёсць у яго сур'ёзныя захворванні, што яму баліць.

Самае дзіўнае для абывацеля — гэта тое, што падазраваны ведае ўсе пытанні загадзя. Галоўная задача — вызначыць, на якія пытанні чалавек рэагуе, якія з іх для яго найбольш важныя. Адно з даследаванняў, так званы тэст на фактычную паінфармаванасць — гэта методыка выяўлення інфармацыі, якая хаваецца. Ёсць 6-7 розных пытанняў, адно з якіх шуканае. Напрыклад, адбылося забойства, у якім прылада злачынства — малаток. Складаецца шэраг аднастайныя пытанняў, якія пачынаюцца фразай «Вам, пэўна, вядома, што чалавек забіў ...». Далей розныя варыянты: каменем, нажом, малатком, сякерай і гэтак далей. Чалавек несаўдзельны, адпаведна, на ўсе пытанні шчыра адказвае «не» — ён не ведае рэальнай акалічнасці. Чалавеку, які здзейсніў забойства, адказ вядомы, і дадзены стымул будзе для яго найбольш значным. Таму на слове «малаток» выявяцца спецыфічныя для сітуацыі ўтойвання інфармацыі рэакцыі. Напрыклад, чалавек будзе ведаць парадак пытанняў, і найбольш засяроджаным ён будзе перад правільным адказам. Калі парадак будзе яму невядомы, то ён будзе напружаны перад кожным пытаннем, пакуль не прагучыць дакладная фармулёўка, пасля чаго ён відавочна расслабіцца. Але, вядома, гэта вельмі спрошчанае тлумачэнне методыкі.

Можна сказаць, што прыбор і спецыяліст працуюць паралельна, але чалавечы фактар усё роўна важнейшы, бо рэакцыі могуць быць не толькі на пытанне, але і на вонкавыя раздражняльнікі. Менавіта таму тэсціраванне праходзіць у поўнай цішыні, прысутнічае толькі падазраваны і эксперт. Дарэчы, рухацца падчас даследавання таксама нельга. Камітэт судовых экспертыз выкарыстоўвае паліграф толькі ў расследаванні злачынстваў, звязаных з палавой недатыкальнасцю непаўналетніх. Праходзіць яго могуць не толькі падазраваныя, але і заяўнікі, якім споўнілася 14 гадоў.

Складанасці хлусні

Паслухаць усё гэта, вядома, цікава, але, не паспрабаваўшы на сабе, паверыць складана. Таму я вырашаюся на эксперымент, папярэдне ўзяўшы абяцанне, што нічога складанага пытацца не будуць. Трэба сесці на спецыяльныя датчыкі, дзве гумкі зацягваюцца на тулаве, чатыры датчыкі прымацоўваюцца да пальцаў, на руку надзяваецца танометр. Паддоследны да тэсціравання гатовы!

— Зараз мы правядзём некалькі падрыхтоўчых тэстаў, яны кароткія, але вельмі важныя: дазваляюць набраць пэўную інфармацыю, каб судзіць аб фізіялогіі чалавека, наколькі выяўленыя ў яго рэакцыі. Ёсць зусім невялікі працэнт людзей, якія наогул не паддаюцца тэсціраванню, — тлумачыць Віталь Давідоўскі.

Задача першага тэста — схаваць сваё сапраўднае імя. І я яе з трэскам правальваю. Дыяграма на камп'ютары адразу ж выдае адмысловае хваляванне. Другі тэст — утойванне загаданай лічбы. Тут ужо ўсё не так адназначна. Дыяграма выдае чаканне патрэбнай лічбы з тых, што ідуць па парадку. Праўда, рэакцыя прасочваецца і на іншую лічбу. Віталь тлумачыць гэта тым, што я проста вымавіла слова «не» занадта эмацыянальна. Падчас рэальнага тэсціравання падобнае атрымалася б выключыць: усе адказы неабходна прамаўляць роўным тонам. Да таго ж даныя могуць быць недакладнымі, таму што гэтая інфармацыя не ўяўляе для мяне абсалютна ніякай значнасці. Дарэчы, імавернасць невыпадковасці рэакцыі на пэўны стымул разлічваецца па пэўнай формуле. І звычайна дакладнасць даследавання вельмі высокая — больш за 95 %.

Адназначны адказ на галоўнае пытанне, ці можна падмануць паліграф, таксама існуе. І гэта — не! Чалавек не можа свядома кантраляваць усе рэакцыі адначасова, нейкая з іх усё роўна выдасць яго так ці інакш. Максімум, чаго можна дамагчыся, — гэта тое, што ўсе вынікі будуць аднолькава нявызначанымі. Але даказаць такім чынам сваю недатычнасць да злачынства дакладна не атрымаецца.

І замест пасляслоўя. Тое, што адбываецца ў студыі ток-шоу, якое мы згадвалі раней, на думку спецыяліста, сапраўдная фікцыя. У такіх умовах праходзіць даследаванне на паліграфе проста немагчыма. Да таго ж далёка не на ўсе пытанні можна даць адназначны адказ «праўда» ці «хлусня». Эксперты ў першую чаргу стараюцца высветліць, ці валодае чалавек інфармацыяй, якая хаваецца, а не глыбіню яго асабістых перажыванняў. Так што, перш чым браць пад сумненне саму тэхналогію, трэба пераканацца ў правільнасці яе прымянення.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Сучасная «сываратка праўды»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.