Вы тут

Новы сезон, новыя эмоцыі, новая “Маладосць”


Новы сезон, новыя эмоцыі, новая “Маладосць”

Сёлета, як і каторы год запар, зіма не здалася без бою: слупок тэрмометра ўпарта трымаўся мінуса, зрэдку паддаючыся сціплым сонечным промням. Першы “законны” вясновы месяц, які, здавалася, згубіўся ў часе і забыўся на сваю місію, упарта біўся аб тоўшчу сакавіцкіх ільдоў. І ў рэшце рэшт прабіў яе. Гэты нумар – пра высілкі.

Пра вопыт высілкаў над сабой расказаў наш аўтар Канстанцін Касяк, які, узяўшы прыклад з Юкіа Місімы, вырашыў ператварыць сваё цела ў “Залаты храм”: “І вось ця­гам мінулага года ў мяне таксама атрымалася не прапускаць трэніроўкі. Самае складанае — гэта пачаць. Пераадолець страх паказацца слабым. Вытрымаць насмешкі калег і сяброў, якія рана ці позна пачнуць кпіць з новага захаплення. Місіма таксама праз гэта праходзіў. Толькі кпіны ды жарты ў такой справе далёка не ўсё. Рана ці по­зна паўстане выбар паміж спортам і шкоднымі звычкамі. Не буду тут разводзіць маралізатарства і казаць, што выпіванне па пятніцах шкодзіць здароўю, а курэнне наогул не мае ніякіх плюсаў. Скажу толькі, без гэтага значна лепей. А вызвале­ныя грошы і час лепей пусціць на больш значныя і станоўчыя рэчы”.

Часам на шляху да мэты прыходзіцца супрацьстаяць волі і жаданню блізкіх людзей. Адна з ікон беларускай моды 1970-х Наталля Чыкіна распавяла, з якім жахам бацькі адрэагавалі на яе жаданне стаць манекеншчыцай: “Гэта сапраўды парадокс прафесіі і таго часу. Бацькі мае былі ў шоку: яны не жадалі для мяне такой працы, называлі яе нядобрай для жанчыны. Кінуць прэстыжную спецыяльнасць і пайсці ў нейкія легкадумныя манекеншчыцы? Прыняць рашэнне дапамог сябар, які ведаў мяне студэнткай, сур’ёзнай дзяўчынай, а не расфуфыранай дурнічкай. Ён быў на год за мяне старэйшы, вучыўся ў політэхнічным, мы пазнаёміліся на будоўлі Лукомскай ГРЭС, у студэнцкім атрадзе. Калі я расказала яму, што Дом мадэляў запрашае мяне на працу ў штат і што мне самой гэтага вельмі хочацца, але я павінна кінуць Акадэмію навук, а за гэта мяне заб’е мама… Ён мяне перапыніў: «Наташка! Табе ж там так падабаецца. Ідзі. Усё будзе ў парадку, бацькі ў рэшце рэшт усё прымуць». Калі б ён тады мяне не падтрымаў, я, магчыма, паслухалася б маму з татам, але калі ён сказаў так, я супакоілася і асмелілася”.

Прыкладання пэўных высілкаў патрабуюць не толькі звычайныя жыццёвыя сітуацыі, але і высокія пачуцці. Усе ведаюць, як часам цяжка прызнацца, адказаць узаемнасцю ці проста застацца… Апошні выпадак цудоўна праілюстравала Таццяна Сівец:

Я з чаго заўгодна магу зрабіць і трагедыю, і сярэдніх памераў вершык...

(Лепей адразу вызначыцца, чым пачынаем і чым завершым.)

Так, мой мілы, не пераймайся, ты будзеш першым,

Для каго я сыпала словы ў вар.

Маё сочыва будзе густым і горкім...

Ты дарэмна думаў, што стане зорка

Асвятляць твой шлях... На сямі пагорках

Толькі сум-трава...

Мой разумнік, ты ведаў, чаго баяцца.

Але ж я не Яга (не трэба брудных інсінуацый!)...

Проста з кожнай прынцэсы гадоў праз «наццаць» вырастае гэткае абы-што...

Не, я не буду прыкідвацца Папялушкай —

Ты хацеў прыгод, дык не спі ў падушку!

Я табе ствару — ты ж чытай і гушкай!..

Ну, куды ты? Стой!..

Не уцякаце ж ад нас і вы. Няхай для кожнага чытача “Маладосці” старонкі новага вясновага нумара стануць крыніцай цяпла і дадуць старт абнаўленню: адкрыем жа разам новы сезон, новыя эмоцыі, новых сябе!

Кірыл Мяцеліца, “М”

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...