Вы тут

Энергія паэтычнага слова


Генадзь Пашкоў — прадстаўнік старэйшага пакалення нацыянальнай паэтычнай школы. Яго пяру належыць звыш дзесяці цудоўных літаратурных зборнікаў. Лепшыя творы перакладзены на рускую і іншыя славянскія мовы.


Галоўная місія творчасці Г. Пашкова — сцвярджэнне духоўных пачаткаў у грамадстве. На думку паэта, чалавек у жыцці павінен кіравацца адначасова розумам і сэрцам, разважлівасцю і пачуццямі, а галоўнае — шчырым імкненнем да праўды і справядлівасці. Паэзія Г. Пашкова глыбока гуманістычная, яна скрозь працята павагай да чалавека, шанаваннем адметнага ўнутранага свету асобы. Паэт верыць, што чалавек валодае неверагоднай стваральнай энергіяй і велізарным творчым патэнцыялам. Пры гэтым у віхуры жыцця кожны робіць уласны выбар, кіруючыся голасам душы і поклічам сэрца.

У паэзіі Г. Пашкова пераважае сацыяльны аптымізм, вера ў выратавальную сілу дабра і прыгажосці. Яго вершы бліскуча перадаюць крэатыўнае стаўленне паэта да быцця, радаснае ўспрыняцце разнастайных праяў жыцця.

Г. Пашкоў стварыў шэдэўры нацыянальнай інтымнай лірыкі. Ужо ў ранніх вершах выявілася яго ўзнёслае і рамантычнае стаўленне да кахання. Паэт абагаўляе жанчыну, захапляецца яе хараством, душэўнай пяшчотай, крынічнай чысцінёй. І выяўляе рыцарскае да яе стаўленне. Вечная крыніца невычэрпнай радасці і бязмежнай асалоды, жанчына, якая кахае, — нябесны анёл, увасабленне ўсёй зямной прыгажосці, найвышэйшы дарунак лёсу. У вершы «З табою першы снегапад» паэт раскрывае цудадзейную сілу кахання. Яно напаўняе жыццё лірычнага героя святлом і радасцю, адчуваннем шчасця і чароўнай прыгажосці зямнога жыцця:

Першы снег... Любімая, з табою

самы першы сустракаем снег!

Урачыстай, бела-чыстай мрояй

атуліў і ў далечы пабег.

І лясы ў баярскае акрасе.

Нібы пух, атрэслі журавы.

У галлі сінічка завілася.

Свойская такая, хоць бяры!

Снегапад раскручваецца шпарка.

І сляза ад шчасця на шчацэ.

Ты — мая сінічка і жураўка.

І адразу, і ў адной руцэ!

Паэт падае ўзор высакароднага стаўлення да каханай жанчыны. Жыццёвыя абставіны часам не дазваляюць закаханым быць побач, але лірычны герой верашаў Г. Пашкова ўдзячны любай за шчаслівыя хвіліны, праведзеныя разам... Майстар слова стварыў велічны гімн жанчыне, паэтычны акафіст каханай, у якім яна прыпадабняецца ўсім найпрыгажэйшым краскам зямлі.

Зачараваны магіяй мастацкага слова, Г. Пашкоў у сваіх вершах шчыра спавядаецца, адкрыта кажа пра ўласныя творчыя захапленні, прызнаецца ў любові да Радзімы, выказвае гатоўнасць самаахвярна служыць роднай зямлі. Паэт мае намер усімі сіламі аберагаць нацыянальныя каштоўнасці, чысціню і святло роднага краю.

Адна з дамінантных рыс творчага метаду Г. Пашкова — філасофскі пантэізм. Паэт знітаваны з прыродай, яна сагравае яго сэрца і напаўняе жыццёвай энергіяй. Мастацкім словам ён самааддана і натхнёна апявае прыгажосць роднага краю, абагаўляе дарагія яму рэкі і азёры, лясы і сады, дрэвы і кветкі. У геніяльным вершы «Плывец» паэт, нібы прарок, прамаўляе:

Ён зробіць так.

Яму відней за ўсіх,

ва ўласным лёсе выбіраць што трэба.

Вядзе душа,

якая мае слых.

І ні пры чым —

зямля,

вада

і неба!

Лірычны герой Г. Пашкова ўсведамляе сябе неад’емнай часткай жывой прыроды, імкнецца даастатку растварыцца ў стыхіі быцця. Яго душа гатова адляцець у нябёсы вольнай птушкай, вярнуцца да хмельна-варажбітных траў, знікнуць сярод вячыстых гаёў. Паэт надзвычай занепакоены станам экалогіі, парушэннем балансу ў прыродзе. Многія вершы паэта — выдатныя ўзоры нацыянальнай пейзажнай лірыкі.

Г. Пашкоў — бліскучы майстар мастацкага слова, строгі і дакладны ў пабудове вершаванага радка. Яго паэзія напоўнена светлымі фарбамі, іскрыстым ззяннем, беллю і чысцінёй. Майстар слова стварыў шмат новых вобразаў, адметных метафар, вынайшаў мноства дзівосных эпітэтаў, якія надзвычай трапна перадаюць усе колеры, гукі і пахі жыцця. Галоўныя крыніцы яго творчага натхнення — непаўторная беларуская прырода, уласны духоўны досвед і багатыя жыццёвыя назіранні.

Генадзь Пашкоў істотна ўзбагаціў нацыянальную паэзію яркімі мастацкімі вобразамі, стварыў шэдэўры інтымнай, пейзажнай і філасофскай лірыкі, бліскуча перадаў светаадчуванне і багаты духоўны свет сучасніка. Кожны з яго твораў, нібы цудоўная планета, населены каларытнымі нацыянальнымі сімваламі і мілымі вобразамі Радзімы.

Майстар слова нязменна і бескампрамісна абараняе гуманістычныя прынцыпы ўзаемаадносін паміж людзьмі і народамі, адстойвае права беларускай нацыянальнай літаратуры на годнае месца ў глабалізаваным свеце.

Іван САВЕРЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.