Вы тут

Пра што маўчаць жанчыны?


Памятаеце, у вядомым фільме герой Мела Гібсана ў выніку няшчаснага выпадку атрымаў магчымасць чытаць думкі жанчын? Але можна зрабіць і прасцей. Для гэтага трэба проста ўмець слухаць. І бачыць. Галоўнае — каго і дзе. Адзін брытанскі хлопец вырашыў тыдзень пажыць у жаночым інтэрнаце, каб даведацца ўсё, што хаваюць дзяўчаты за ідэальным фасадам сваёй знешнасці... Ну, па-першае, у гэтай гісторыі асабіста мяне адразу напружвае і выклікае недавер слова «ўсё». Хіба такое магчыма ў прынцыпе? Па-другое, «ён вырашыў пажыць»... Ды многія хлопцы проста мараць пра такое, але без шанцаў! («Добрая вахцёрша — галоўная прычына цяжарнасці дзяўчат у інтэрнаце».) Але бог з ім, як ён туды патрапіў. Нават калі гэтая навіна была фэйкавай, яе варта было б прыдумаць. Пагадзіцеся, дзяўчаты, мы ж штодня знаходзімся побач з вамі, назіраем, запамінаем, робім высновы... Але вернемся да эксперымента. На сваёй старонцы блогер апублікаваў «30 шакавальных і не вельмі рэчаў, якія ён даведаўся пра дзяўчат». Запіс стаў папулярным, набраў 230 тысяч лайкаў і 100 тысяч рэтвітаў. Што ж такога пачуў і ўбачыў хлопец? Аказваецца...


Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Напрыклад, калі дзяўчаты спрабуюць паводзіць сябе ціха, яны вырабляюць неверагодны шум гэтым сваім «Шшшшш». Гм... Калі ў маёй сям'і збіраецца разам больш за дзве жанчыны, не тое, што майго голасу ўжо не чуваць, я для іх перастаю існаваць увогуле за гэтым гамам! («Даказвала мужу, што ён не мае рацыі. Сарвала голас».)

Наступны пункт. У дзяўчат ашаламляльная колькасць розных слоічкаў, бляшанак, бутэлечак. Усё дзеля прыгажосці! («Павінна быць у жанчыне нейкая загадка. Скажам, прачынаешся ранкам. Глядзіш... Хто такая?!») Блогер піша, што іх тысячы і імі завалены ванны пакой, усе паліцы, сумкі і нават падлога. У нашай сям'і да апошняй справа яшчэ не дайшла, але з маёй паловы паліц рэчы неяк неўпрыкмет выціскаюць ужо даўно...

Усе дзяўчаты носяць адзенне адна адной і мяняюцца ім, як быццам увесь іх гардэроб — адзін вялікі бясплатны рынак. Зноў жа здзівіў, праўда? («Калі жанчына змагла перамераць усё, што ў яе ёсць, значыць, у яе нічога няма».) Я да таго, што такі «рынак» сапраўды можа быць для жанчыны бясплатным, але вялікім — апрыёры ніколі. («Жанчыны не любяць логіку, таму што з яе дапамогай цяжка растлумачыць мужу неабходнасць дзясятай пары туфляў».)

Блогера здзівіла, што дзяўчаты прыходзяць дадому такімі галоднымі, што гэта нейкі жах! Як ён напісаў: «Макарону з маянэзам? Давай, выдатна!» Тут я думаю, што хлопец проста здорава памыліўся. («Самая смачная яда — гэта астылая смажаная бульба, уначы, з патэльні, рукамі. Пакуль ніхто не бачыць!») Толькі паспрабуй адабраць! («Я худзею. — Даўно? — Амаль паўгадзіны. — Прыкметна ўжо. — Праўда? — Ага. Вочы галодныя».)

Кожны вечар дзяўчаты гаварылі свайму госцю час, калі яны планавалі выйсці з інтэрната. Блогер мусіў канстатаваць, што хутка зразумеў: каб даведацца рэальны час выхаду, неабходна дадаць да прызначанага яшчэ 2,5 гадзіны. («— Колькі табе ісці да яе? — Ну, дзесьці хвілін 40. — А калі вы пойдзеце адно аднаму насустрач? — Тады 40 хвілін ісці і яшчэ недзе гадзіну чакаць...»)

Падчас збораў на вечарынкі хлопец дзясяткі разоў чуў фразу: «Божухна, я такая тлустая, што мне надзець?» («— Я памерала ўсё, у што ўлезла! — Ну і як? — Туфлі супер!») Чуць вы яе можаце, толькі не думайце вымаўляць самі... Вельмі раю... («Сёння мая дзяўчына сказала мне: «Добрай раніцы». А я адказаў: «Угу». У каго можна пераначаваць?»)

Далей у працяг тэмы брытанец піша так, нібы зрабіў адкрыццё стагоддзя. «Хлопцы, яны заўсёды будуць пераапранацца па некалькі разоў! Зрабіце сабе ласку і ідзіце паспіце. Думаеце, калі яна прымярае трэці строй, хутка будзе гатова? Ха!» («— Дарагі, мне якую сукенку выбраць? Гэтую ці гэтую? — (Не адрываючыся ад газеты) Ды быццам бы абедзве нічога. — А я не хачу выглядаць «быццам нічога». Я хачу выглядаць ашаламляльна! — Ну, тады надзень абедзве. Будзе ашаламляльна».)

Дзяўчаты пачынаюць пакаваць чамадан за 30 хвілін да таго, як трэба выязджаць, таму што палова рэчаў патрэбна ім кожную хвіліну... Я яшчэ дадам пра сваю. Калі пытаюся, чаму ў кватэры адначасова святло гарыць у ванным пакоі, калідоры, спальным пакоі і зале, нязменна чую ў адказ: «Таму, што я тут!»

У кожнай дзяўчыны ёсць дзве касметычкі. Адна са змесцівам, якое ім сапраўды ўвесь час патрэбнае, а другая не выкарыстоўваецца ніколі. У ёй шмат розных штук, да якіх яны нават не дакранаюцца, але якую заўсёды возяць з сабой. («Зрабіла генеральную ўборку ў сваёй сумачцы. Давялося два разы вядро са смеццем выносіць».)

...Спіс таго, пра што маўчаць жанчыны (ці пра што думаюць, што маўчаць), можна працягваць і далей. Кожны з мужчын абавязкова дадасць сваё. Толькі які ў гэтым сэнс, калі ты ведаеш галоўную іх таямніцу? «Дзяўчаты — самыя добрыя істоты на планеце. Яны могуць дараваць любому хлопцу, нават калі ён не вінаваты». Яны самі ў гэтым не прызнаюцца, прамаўчаць. Але ж мы пра гэта дакладна ведаем...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.