Вы тут

Ці можна ўдыхнуць жывую душу ў партрэты класікаў?


Лозунг «Найлепшы падарунак — кніга», на жаль, сёння не актуальны. Многія дзеці не любяць чытаць, а літаратура ў іх асацыюецца пераважна са школьнай праграмай. Гэтыя стэрэатыпы даволі распаўсюджаныя ў грамадстве, але ці адпавядаюць яны рэчаіснасці? Няўжо нежаданне чытаць — невылечны дыягназ? У гэтым паспрабавалі разабрацца ўдзельнікі круглага стала з правакацыйнай назвай «Школа супраць літаратуры», які арганізавалі дзіцячыя пісьменнікі Яўгенія ПАСТЭРНАК і Андрэй ЖВАЛЕЎСКІ.


Суд над Герасімам

— Дзецям цяжка чытаць класіку. «Рэдкая птушка» даляціць да сярэдзіны аповесці «Тарас Бульба» добраахвотна. Яны сумна машуць крыламі, ім становіцца цяжка, — канстатуе Марыя БЯРШАРДСКАЯ, дзіцячы пісьменнік і сцэнарыст (Марыя некалькі апошніх гадоў выкладае літаратуру ў прыватных школах па расійскай праграме, вядзе пятыя і шостыя класы. У беларускай школьнай праграме «Тарас Бульба» цяпер не вывучаецца. — Аўт.) — Таму я заўсёды імкнуся звязаць класічныя тэксты з сучаснасцю, з асабістым вопытам маіх вучняў, мы разам шукаем тое, што актуальна для сучаснікаў. Напрыклад, калі мы чыталі «Тараса Бульбу», то разважалі над тым, а што ж такое здрада? Дзе яна пачынаецца? Дзе твой уласны выбар? Якім шляхам ты павінен ісці: сваім ці за ўсімі? Калі Андрый прыносіць у абложаны горад ежу для сваёй каханай, гэта ўжо здрада ці яшчэ не? Дзяцей гэта зачапіла, яны абмяркоўвалі, спрачаліся. З кожнага літаратурнага твора я спрабую выцягнуць тое, што прымушае іх думаць і спрачацца.

Калі мы чыталі з пяцікласнікамі «Муму» Тургенева, то вырашылі арганізаваць суд. Ці вінаваты Герасім? Частка вучняў выступала на баку абароны, іншыя — на баку абвінавачвання. Спачатку ніхто не хацеў быць пані, але я пераканала дзяцей у тым, што любы факт можна трактаваць з розных пунктаў погляду. Па сутнасці, суд — гэта яшчэ і цудоўны спосаб праверыць, ці прачытаў вучань твор, толькі не самым занудным спосабам. Для таго каб пераканаўча аргументаваць, трэба добра ведаць тэкст. Нямому Герасіму на судовым працэсе таксама далі апошняе слова (прыдумалі чароўны напой, каб той змог загаварыць). У гэтым пятым класе Герасіма апраўдалі. А ў іншым дзеці моцна абураліся тым, што Тургенеў так сумна завяршыў сваё апавяданне. Таму я прапанавала ім напісаць свой варыянт канцоўкі, і дзяцей гэта захапіла...

Калі ў чацвёртым класе мы чыталі апавяданне Віктара Драгунскага «Што я люблю... І чаго не люблю», я прапанавала дзецям напісаць аналагічны тэкст пра сябе. Ён чапляе, таму што там няма агульных фраз накшталт «Я люблю салодкае» ці «Я не люблю рабіць урокі». Там шмат асабістага, што дазваляе скласці ўяўленне пра незнаёмага чалавека. Паабяцала, што таксама пра сябе напішу. Гэта быў яшчэ і цудоўны спосаб нам пазнаёміцца. Практычна ўсе дзеці прынеслі не проста сачыненне на паперы, а самаробныя кніжкі з карцінкамі. Іх шчырасць мяне кранула. Яны пісалі: «я люблю рваныя джынсы», «...люблю крышыць грыбы, яны прыемныя навобмацак», «...люблю вялікія дамы», «я не люблю, калі мяне дражняць», «не люблю, калі мяне называюць малечай і калі дарослыя людзі бяруць на рукі, я тады саромеюся», «я не люблю, калі матуля пілачкай точыць пазногці», «не люблю брокалі, фу...», «я не люблю, калі мая сястрычка плача, а раве яна кожны дзень!» Такая ступень шчырасці і адкрытасці вельмі важная пры знаёмстве з літаратурай.

Марыя Бяршардская ўпэўненая, што нельга дапускаць, каб пісьменнікі ўспрымаліся дзецьмі проста як «галовы на партрэтах». Асабліва калі тыя нарадзіліся ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя — для вучняў гэта нешта па-за межамі іх разумення, быццам бы тыя — людзі з паралельнага свету. «А я ім спрабую паказаць, што гэта былі жывыя людзі, са сваімі характарамі, можа быць, крыху дзівакаватыя, яны былі знаёмыя паміж сабой, хадзілі разам на паляванне, сварыліся, — расказвае пісьменніца. — Усіх радуе, напрыклад, аповед пра тое, што Някрасаў вельмі любіў сваіх сабак, і калі пасяджэнні «Сучасніка» праходзілі ў яго дома, любімы гадаванец пастаянна згрызаў абутак гасцей, але гаспадар ніколі яго за гэта не караў. Пісьменнік быў гатовы кампенсаваць гасцям страты, але сабаку не зачыняў. Такія камічныя гісторыі запамінаюцца надоўга. А яшчэ важна казаць пра літаратуру ў кантэксце гісторыі — каб дзеці разумелі, што і чаму пісалася менавіта ў той час».

Марыя Бяршардская звяртае ўвагу на тое, што ў школьнай праграме вельмі шмат сумных вершаў аб прыродзе — атрымліваецца нейкая бясконцая «Песня аратага», што не чапляе сучасных дзяцей. Паэзія павінна быць розная. Напрыклад, японскія вершы — гэта таксама паэзія, толькі без рыфмаў.

Пушкін пад дубам

— А мае дзеці вельмі любяць чытаць, і ў нас ёсць пэўныя традыцыі, — прызнаецца настаўніца рускай мовы і літаратуры маскоўскай школы № 734 імя Аляксандра Тубельскага, таксама дзіцячы пісьменнік Кацярына ЦІМАШПОЛЬСКАЯ. — Напрыклад, восенню і вясной мы ідзём да дуба і чытаем там вершы Пушкіна на памяць. Гэта робяць і вучні, і бацькі, якія таксама захоплены працэсам. Калі мы чытаем вершы ўслых, у нас дзейнічае арыгінальны вымяральнік — мурашкаметр. З'явіліся ў слухачоў мурашкі, значыць, усё супер! А калі мурашкі не з'явіліся, яшчэ ёсць над чым працаваць, але дзеці проста геніяльна чытаюць.

Трэба зазначыць, што школа імя Тубельскага — інавайцыйная ўстанова, размешчаная ў спальным раёне Масквы. Яна не можа пахваліцца багатым тэхнічным аснашчэннем, тут не практыкуюць конкурсны адбор, але ёй вельмі пашанцавала на педагогаў. Навучальную ўстанову называюць «Школай самавызначэння». У аснову навучальнага і выхаваўчага працэсу тут пакладзена свабода ад догмаў, супрацоўніцтва настаўніка і вучня, свабода асобы дзіцяці, таму вельмі многія імкнуцца сюды трапіць.

— Міністэрства адукацыі нам рэкамендуе, а не забараняе, а ўсё, што не забаронена, — дазволена, — жартуе педагог. — Ёсць спіс пісьменнікаў і паэтаў, а якія іх творы браць для вывучэння, я выбіраю самастойна. Калі ў праграме напісана «Паэты сярэбранага веку», гэта ж сапраўднае раздолле! Ці, напрыклад, «Вершы Сяргея Ясеніна». Ясенін — геніяльны паэт, і верш «Бяроза», вядомы нам усім яшчэ з дзіцячага садка, — не адзіны яго твор, варты ўвагі. У яго ёсць і «Споведзь хулігана», і «Песня пра сабаку». Ён быў звычайны чалавек, са сваімі недахопамі, сумняваўся, шукаў... І гэта трэба прыняць. Нядаўна мы адзначалі з вучнямі дзень нараджэння Уладзіміра Высоцкага: чыталі яго вершы, спявалі песні. Хачу падкрэсліць, што наша школа — за літаратуру! У нас дзейнічае і гурток «Мастацкае слова», і паэтычны тэатр. Калі межы паміж школай і жыццём размываюцца, гэта дзяцей захоплівае. Дзеці бягуць у школу, таму што ім тут цікава.

Я лічу, што галоўная задача настаўніка — не навучыць, а «запаліць» інтарэс, каб далей чалавек рухаўся сам. Калі ён робіць гэта свядома, то вынік зусім іншы, чым калі яго прымушаюць. Прычым запускаецца ланцуговая рэакцыя: калі «запаліць» аднаго, той «запаліць» другога, другі — трэцяга і гэтак далей. Захапіць усіх немагчыма, але павесці за сабой большасць — у нашых сілах. А калі збіраецца вялікая каманда — запальваецца факел.

У Кацярыны Цімашпольскай пацікавіліся, ці знаходзіцца на школьных уроках месца для сучаснай літаратуры?

— Не перажывайце, мы чытаем і Андрэя Жвалеўскага, і Яўгенію Пастэрнак, і Марыю Бяршардскую. Я імкнуся выкарыстаць кожны кавалачак часу і на ўроку, і па-за заняткамі, каб штосьці пачытаць і абмеркаваць, — адказала Кацярына. — Вучні і самі прыносяць кнігі, расказваюць, што чыталі, раяць адно аднаму. У нас арганізаваны буккросінг у класе. Без сучаснай літаратуры ніяк нельга абысціся, таму што цяперашнім дзецям ужо не вельмі цікавая літаратурная класіка, ці не ўся яна. Калі ў мяне на ўроку дрэнна «заходзіць» Гогаль, то мы лепш пакінем яго ў спакоі. Тэксты гэтага класіка насамрэч складаныя для пяцікласнікаў, якіх куды больш цікавяць загадкі, звязаныя з яго смерцю, і некаторыя факты з біяграфіі. Я бяру адказнасць на сябе, ці пачаць з вучнямі чытаць штосьці іншае — гэта мой асабісты выбар.

«Я прачытаў... Забаўна!»

— На ўроках літаратуры ў нас вельмі мала самой літаратуры, — канстатуе дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, выкладчыца Інстытута журналістыкі БДУ Людміла КАМЛЮК-ЯРАШЭНКА. — Немагчыма зводзіць літаратуру да фактаў і адштурхоўвацца ад пытання: а што хацеў сказаць нам аўтар? Шлях да мастацкага твора трэба выбудоўваць ад чытача, і галоўная мэта — не вывучыць твор, а «распакаваць» чытача, падрыхтаваць яго, а ўжо потым арганізаваць дыялог «чытач—пісьменнік».

Людміла вырашыла пайсці шляхам «малых спраў» — стала арганізоўваць трэнінгі, семінары, прэзентацыі, выступленні, сустрэчы з пісьменнікамі, каб акуратна «прышчапіць» педагогам простую думку — не трэба «вывучаць» літаратуру, яе трэба чытаць. Спачатку некаторыя педагогі ўспрымалі ідэю насцярожана, але за пяць гадоў сфарміравалася каманда аднадумцаў. Яны жадаюць не проста вывучаць літаратуру як аб'ект, а імкнуцца выклікаць чытача на размову.

У 2016 годзе ўдалося запусціць рэспубліканскі інавацыйны праект «Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці вучняў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння». Нягледзячы на складаную фармулёўку, праект абсалютна жывы. Яго мэта — развіць культуру чытання і мадэрнізаваць гэты працэс, зрабіць яго сучасным. Па форме гэта розныя анлайн-сэрвісы, гульні, вэб-квэсты, інтэрактыўныя сайты — тое, што стымулюе цікавасць у дзяцей і падлеткаў, якія жывуць у сеціве. У праекце ўдзельнічае 31 установа адукацыі.

Першае пытанне, якое задаюць настаўнікі школьнікам пасля чытання тэксту: «А як вам было чытаць — камфортна або дыскамфортна?» Калі дыскамфортна, прыходзіцца намацваць праблемныя месцы, разбірацца з імі. Калі дзіця пасля чытання кажа: «Я прачытаў, мне ўсё было незразумела — ні пра што гэты твор, ні што хацеў сказаць яго аўтар, але твор мне спадабаўся. Забаўна. Я чытаю і чую, як быццам на металічны паднос кінулі пацерку», — такая рэакцыя цалкам задавальняе педагогаў. Гэта значыць, што першы этап, этап псіхалагічнай гатоўнасці чытача, ужо пройдзены.

Пасля настаўнік сумесна з вучнямі абмяркоўвае, як яны будуць уваходзіць у гэты тэкст, як па ім перасоўвацца. На аснове такой методыкі спецыялісты інстытута развіцця адукацыі распрацавалі адукацыйны вэб-праект «Чытанне ў WEB 2.0. Раман з тэкстам». У гэтым праекце дзеці не толькі пішуць анлайн, але і каментуюць адно аднаго, вучацца аналізаваць творы, чуць іншага.

Вельмі важна, што дзеці аналізуюць тэкст не як аб'ект на анатамічным стале, а як жывы арганізм, які сам накіроўвае чытача, у сваю чаргу настаўнікі прапануюць сучасныя, адэкватныя часу заданні. Напрыклад, зрабіць запіс у сацсетцы — як бы выглядаў «пост», калі б чытач хацеў сабраць пабольш лайкаў. Або справакаваць на чат, на актыўнае абмеркаванне.

І, нарэшце, школьнікі ствараюць буктрэйлеры. «Мы і не чакалі, што гэты занятак так захопіць падлеткаў, — прызнаецца Людміла. — Яны манціруюць іх нават не ў групах, а індывідуальна. Для іх гэта задавальненне».

У сеціва ці ў бібліятэку?   

Пісьменніца Яўгенія ПАСТЭРНАК зрабіла зрэз падлеткавага чытання ў адной асобна ўзятай мінскай гімназіі. Установа гэта тэхналагічная, таму дзяцей адбіралі туды не па прынцыпе «тыя, хто шмат чытае». «Дзе вы бераце інфармацыю пра кнігі?» — запыталася яна ў гімназістаў. І адразу выявілася некалькі асноўных заканамернасцяў. Роля інтэрнэту расце, а бацькоў — зніжаецца. Роля бібліятэкі таксама падае. Прычым да 9 класа яна падае ўжо да нуля.

— То-бок, калі мы хочам данесці інфармацыю пра кнігі да мэтавай аўдыторыі, то лепш за ўсё гэта рабіць у інтэрнэце. Або трэба запускаць у класы шпіёнаў, якія будуць праходзіць па графе «Сябры», — жартуе Яўгенія. — Тры гады запар я прашу падлеткаў назваць некалькі кніг, якія яны нядаўна прачыталі і якія не ўваходзяць у школьную праграму. Яшчэ падчас першага зрэзу стала зразумела, што не існуе агульнага спіса для чытання — усе выбіраюць рознае, і кожнае дзіця ўносіць у спіс свае назвы. Калі гімназісты былі ў шостым класе, яны назвалі 130 найменняў, у сёмым — 125, у восьмым — 129. Гэта значыць, што менш чытаць яны не сталі.

Але да 8 класа спіс яшчэ больш індывідуалізаваўся, стала яшчэ менш паўтораў. Калі ў 6 класе «Гары Потэра» згадалі 20 чалавек, то самая папулярная кніга ў 8-м — «Дзяўчына анлайн» Зоі Саг — паўтарылася толькі сем разоў. І стала значна менш кніг, якія называлі хоць бы тры-чатыры разы. Заўсёды апрацаваць спіс кніг, напісаны дзецьмі, — гэта для мяне пара гадзін шчыльнай працы з «Гуглам». Асабліва з раздзелам «Коміксы і мангі», які да 8 класа яшчэ больш пашырыўся.

Асабіста мяне вельмі хвалюе, што наша літаратура моцна прайграе перакладной, хоць падлеткі і прызнаюцца, што яны не глядзяць на прозвішча аўтара і часта ўяўлення не маюць, што чытаюць: арыгінал або пераклад? А рускую класіку для задавальнення яны ўвогуле не выбіраюць. І, мяркуючы па крыніцах, з якіх гімназісты чэрпаюць інфармацыю пра кнігі, мы моцна прайграём у раскрутцы нашай літаратуры ў інтэрнэце.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА, Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Добрая звычка са школы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».