23 Ліпень, панядзелак

Вы тут

Трагедыя адзіноты


Ужо амаль напісала калонку пра чалавечую неабачлівасць, але разгарнула пазаўчора газету з матэрыялам калегі Нэлі Зігулі пра смерць пенсіянеркі за зачыненымі дзвярыма маласямейкі... і перадумала пісаць вясёлыя нататкі. Цяжкае ўражанне застаецца ад гісторыі смерці былой настаўніцы ў невялікім раённым гарадку. Яна зламала нагу і ціха канала ў сваім пакоі, нікога не паклікаўшы на дапамогу. Самае прыкрае, што такіх пенсіянерак можна сустрэць ледзь не ў кожным горадзе.


І я ведаю адну такую, больш правільна сказаць, ведала. Некалі даўно мы працавалі ў адной газеце. Таццяна была тэхнічным работнікам аддзела пісьмаў, а яшчэ нібы нефармальным старастам усяго калектыву. Любіла парадак ва ўсім. Маладыя яе нават крыху пабойваліся. Яшчэ яна пісала вельмі дасціпныя вершаваныя радкі, часам выходзілі даволі добрыя вершы. Пазней была зацікаўленым нашым чытачом. Нават колькі яе радкоў было апублікавана сярод пісем, напрыклад, такі: «Ціскай ты мяне — не ціскай, я ахоплена падпіскай». Альбо: «С характером свинским, скандальна всегда, иду я за «Клинским» с пакетом «Звязда». Ну вы зразумелі, з гумарам у кабеты было ўсё ў парадку.

Была ў яе асаблівасць: на выгляд ёй ніколі б не вызначыў узрост, з аднолькавым поспехам можна было даць і сорак і шэсцьдзясят, а працаздольнасці ў яе было за дваіх. Але так сталася, што незадоўга да пенсіі яна засталася без працы. І ўся замкнулася. Калі яшчэ напачатку зрэдку сустракалася з асобнымі калегамі, з астатнім светам толькі размаўляла па тэлефоне. Далей — болей, паступова перастала выходзіць з кватэры. Казалі, што па прадукты часам наведвалася ў начныя аддзелы, пазней і наогул яду сталі прыносіць суседкі. І ўсё роўна тэлефанавала кожны дзень, сыпала жартамі, магла сходу чалавеку даць такую дасціпную характарыстыку, што і цяпер, гледзячы на таго чалавека, яе ўспамінаеш...

Потым жанчына захварэла. Аказалася, што ў паліклініцы яна наогул не была ніколі. Урача выклікаць катэгарычна адмаўлялася. А высокі ціск патрабаваў пастаяннага нагляду, можа і шпіталізацыі. Нават па голасе было чутно, што чалавек слабее, тых таблетак, што прыносяць суседкі, яўна не хапала. І ў адну з раніц, калі дзверы ніхто не адкрыў, суседзі забілі трывогу. Сцэнарый такі ж, як у Круглым, давялося ламаць дзверы. Таццяна была нежывая.

Яшчэ адна гісторыя жанчыны, больш даўняя, але не менш сумная. Я пісала даволі даўно пра былую настаўніцу, якая жыла на паддашку школы. На тым самым паддашку вясковай школы яна пражыла амаль усё жыццё. А пра тое, што была ардэнаносным удзельнікам вайны, навакольныя даведаліся толькі тады, калі бабулю афармлялі ў дом-інтэрнат. Пра гэта яшчэ раней ведала адна калега, але слова дала, што нікому не скажа. І Марыя Пятроўна, назавём яе так, ніколі не апранала пінжак з узнагародамі, калі ішла на мітынг 9 мая, наогул старалася не хадзіць на масавыя мерапрыемствы. А ўсё таму, што ў яе маладыя гады нейкі ідыёт сказаў, выскаліўшы зубы: «Не там носіш узнагароды, надзень на тое месца, якім зарабіла». Сказаў і сказаў, многім жанчынам-ветэранам даводзілася чуць падобнае, яны і не зважалі, маўляў, у дурня і песня дурная. А для яе гэта стала ўдарам. Яна ўсю вайну сувязісткай побач з лініяй фронту, а тут такое...

Вось і стала замыкацца. Ніколі нічога не прасіла, асабліва ў тых, хто мае ўладу. Адразу той пакой у паддашку далі як часовае жыллё, потым прызвычаілася. Часовасць расцягнулася на дзясяткі гадоў. А калі калгас стаў будаваць шматкватэрныя дамы, ёй нібыта прапаноўвалі аднапакаёвую кватэру. І яна, паводле слоў калегі, адмовілася, бо суседзямі былі тыя, хто мог дазволіць сабе жарт з нагоды яе сямейнага становішча, значыць, адзіноты. Словам, так і выйшла на пенсію на тым паддашку. І там бы без сумневу дажыла свой век. Але напачатку новага стагоддзя здарылася хваля праверак прыстасаванага жылля. І пайшлі прадпісанні: пажарны нагляд, санітарная служба запатрабавалі ад мясцовай улады выселіць чалавека з нежылога памяшкання. На той час асобнай кватэры не знайшлося. Заставаўся толькі інтэрнат для састарэлых. Яе доўга ўгаворвалі, яна не хацела, але ж нарэшце здалася. І Марыю Пятроўну адвезлі ў сацыяльную ўстанову. Усе тады вінавацілі саму, чаму не паклапацілася пра сябе, не паабівала парогі кабінетаў, тым больш, ветэран вайны.

Але не ўсе могуць вось так — самі за сябе. А за яе не было каму прасіць. Трагедыя адзінокага чалавека, скажаце? І так, і не. Ёсць жа сотні і тысячы адзінокіх, якія годна жывуць і гэтак жа дажываюць. Але не ўсе маюць стрыжань унутры, не ўсе моцныя духам. Тут яшчэ варта ўлічыць псіхічныя асаблівасці чалавека, які выстройвае вакол сябе замкнёную прастору сваёй адзіноты. І такому чалавеку амаль немагчыма дапамагчы. Часам ён і сам супраціўляецца, бо лічыць, што нікому не патрэбны, усім толькі перашкаджае. І гэта сапраўды трагедыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Як гродзенская прыгажуня стала чэмпіёнкай свету.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.