Вы тут

Ці выйдзе сёння Муза ў інтэрнэт?


Пытанне, куды рухацца літаратуры і як знайсці чытача, з разраду вечных. Маладыя беларускія літаратары разам са старэйшымі калегамі па творчасці, выкладчыкамі БДУ, рэдактарамі рэспубліканскіх друкаваных выданняў, журналістамі і студэнтамі спрабавалі вызначыць, як не стаць «мёртвым» пры жыцці, дзе шукаць папулярнасць і што прымушае чытача засынаць над творамі.


Наогул, літаратура ўсё больш трансфармуецца і адыходзіць ад традыцыйных сюжэтаў. Студэнты з задавальненнем чытаюць нон-фікшн — прозу на мяжы з дакументам. Так, Андрусь Горват пачынаў сваё «Радзіва «Прудок» фактычна з запісаў у «Фэйсбуку», але гэтыя пасты аказаліся настолькі цікавымі, што былі аформлены асобнай кнігай, і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы нават рыхтуе пастаноўку па матывах твора.

Пазнаць аўтара «ў твар» для сучаснага чытача становіцца праблемай. З Андрэем Хадановічам, паэтам і выкладчыкам БДУ, якраз здарыўся выпадак, які можна лічыць узорам стэрэатыпу «беларускі літаратар — «мёртвы» літаратар».

— Мая сваячка працуе намеснікам дырэктара ў агульнаадукацыйнай школе. Аднойчы там праходзіў урок пазакласнай літаратуры, вучні на памяць чыталі вершы. І вось хлопчык выбраў для дэкламацыі некалькі маіх лімерыкаў. Настаўніца задае пытанне «на дзясятку»: «Раскажаш што-небудзь з біяграфіі аўтара?» Хлапчук патыліцу пачухаў: «Ну, яго, здаецца, у 1937-м расстралялі...»

Дарэчы, на фоне астатніх жанраў паэзія якраз пажывае някепска. Гэтаму спрыяе невялікі аб'ём твораў. Верш добра выглядае на старонцы аўтара ў «ЖЖ», «Фэйсбуку» ці нават «УКантакце», а вось пад прозай які-небудзь жартаўнік можа пакінуць каментарый «не дачытаў, многа букаф».

Насамрэч, інтэрнэт-прастора дае аўтарам і чытачам мноства асаблівых магчымасцяў. Напрыклад, слухаць аўдыякнігі ў выкананні артыстаў або нават самога пісьменніка. Літрадыё.бай — гэта інтэрнэт-старонка з аўдыязапісамі галасоў беларускіх класікаў, якія чытаюць творы. Калі ж набраць у пошукавіку запыт «чорна-белыя вершы», то сістэма скіруе на некалькі дзясяткаў відэаролікаў на «Ютубе», дзе можна пачуць і пабачыць творы ў выкананні сучасных аўтараў.

У электронны фармат пераходзіць услед за літаратурай і крытыка. У сеціва перамяшчаюцца не толькі дыскусіі пра асобныя творы, але і размовы пра літаратурна-крытычны працэс наогул. Такім чынам маем у свабодным доступе як экспертнае, так і карыстальніцкае меркаванне. Не след забывацца і пра спрэчку паміж экспертнай крытыкай і «літ-журналістыкай». Апошняя аддае перавагу жанрам, дзе галоўнае паказаць сябе, нават калі ад гэтага церпіць інфарматыўнасць. Сам жа аб'ект аналізу адыходзіць на другі план.

З-за таго, што на семінары сабраліся маладыя літаратары, выступоўцы не прамінулі даць некалькі парад з уласнага вопыту. Так, старэйшае пакаленне лічыць, што сёння беларускаму маладому пісьменніку патрэбна праскочыць паміж дзвюма пачварамі — Маніяй Велічы і Комплексам Непаўнавартасці. Найлепшая зброя супраць першай — чытанне многіх аўтараў у арыгінале і ў перакладзе.Толькі так ёсць шанц выпрацаваць добры густ і шырокі літаратурны кругагляд. Яшчэ будзе нялішнім, калі аўтар «выхавае» ў сабе гіпатэтычнага чытача — гэта ўменне паглядзець на работу не з пазіцыі творцы, а як старонняму назіральніку. Што датычыцца аўтарскай сарамлівасці і нежадання выходзіць на публіку, то тут маладыя пісьменнікі і сталыя літаратары сышліся ў меркаваннях. Як бы ні было страшна выносіць свой першы рукапіс на суд чытачоў, зрабіць гэта неабходна. Бяда, калі малады пісьменнік закрываецца ў сабе, як смоўж у ракавіне, бо сёння ёсць магчымасць вучыцца літаратурнаму майстэрству разам.

— Раю маладым пісьменнікам збірацца разам не толькі на падобных семінарах, — прапанаваў прысутным галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп. — Збірайцеся з аднадумцамі, прыносьце на сустрэчы свае творы, абмяркоўвайце іх з сябрамі. Па-добраму спрачайцеся, крытыкуйце і не забывайцеся зазіраць у рэдакцыі літаратурных выданняў. Гэта шанц атрымаць прафесійную параду, разабраць памылкі і выйсці да аўдыторыі праз друк.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».