25 Верасень, аўторак

Вы тут

Што чакае будынак аптэкі, які ў вайну быў месцам падпольнага супраціву


Што чакае аўтэнтычны будынак аптэкі,  які ў гады вайны стаў месцам падпольнага супраціўлення мірнага насельніцтва Глушы захопнікам?

Нядаўна мы адзначалі трагічную 75-ю гадавіну Хатыні. Ёсць свая Хатынь і ў Магілёўскай вобласці — вёска Боркі Кіраўскага раёна. У 1942 годзе батальён Оскара Дырленвангера знішчыў 1800 жыхароў гэтай і навакольных вёсак. 13 гадоў таму тут быў узведзены мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак». Яшчэ раней пра трагедыю падрабязна напісаў Алесь Адамовіч. «Акцыя застрашвання» ў Кіраўскім раёне стала асновай яго аповесці «Карнікі», а потым і фільма «Ідзі і глядзі», знятага Элемам Клімавым. Гэта дзякуючы Адамовічу мы сёння можам з дакументальнай дакладнасцю прасачыць хроніку таго крывавага дня. Ён паспеў захаваць для нас успаміны жывых сведак тых жахаў...


Вера без спраў — мёртвая

Ён стварыў яшчэ адзін літаратурны помнік мужнасці і бясстрашнасці землякам-падпольшчыкам: напісаў дылогію «Партызаны» — «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Будынак аптэкі ў Глушы — сведка тых страшных дзён, калі наша краіна была пад акупацыяй, сведка гераічных учынкаў звычайных жыхароў пасёлка, якія нават пад страхам смерці не складалі зброю. Гэты дом сёння стаў індыкатарам нашага сумлення. Мы хочам яго захаваць, каб паказваць дзецям, унукам. Вучыць на яго прыкладзе патрыятызму, расказваць сапраўдную праўду пра вайну. Як кажуць, вера без спраў — мёртвая. Так і з музеем. Жаданне ствараць ёсць. І нічога больш. Няма заказчыка, не хапае грошай... Апошнім адчувальным унёскам у агульную скарбонку сталі ахвяраванні супрацоўнікаў Выдавецкага дома «Звязда». І вось ужо амаль год рахунак не папаўняецца.

Нядаўна ў «Звяздзе» прайшоў круглы стол на тэму захавання памяці «Аб чым званы Хатыні звоняць сёння?» Спецыялісты адзначылі, што зараз на нашых вачах у свеце адбываецца не проста рэвізія вынікаў апошняй сусветнай вайны, але і рэабілітацыя злачынных ідэалогій. А сённяшнія нашчадкі, якія жывуць у інтэрнэце, успрымаюць гэтую інфармацыю за чыстую манету. Калі на фоне гэтага чуеш, што прасцей будынак аптэкі ў Глушы знесці і пабудаваць пад музей новы, становіцца нават не па сабе. Навошта тады ў музеі ваеннай гісторыі ў Мінску экспануюцца абгарэлыя бярвёны і сельскагаспадарчыя прылады з Хатыні, калодзежны журавель з вёскі Літавец Дзяржынскага раёна, якая была спалена разам з жыхарамі ў студзені 1943 года? Дом у Глушы — жывая памяць. Не нейкі там навадзел. Нават скурай адчуваеш тыя гераічныя падзеі, што тут адбываліся. У ім яшчэ захавалася тая энергетыка. Гэтым ён і каштоўны. Чаго ж мы наогул вартыя, калі нават памяць пра гэта не здольныя захаваць?

Музейны куток замест паўнавартаснага музея?

Падчас выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу ў Магілёве старшыня верхняй палаты беларускага парламента Міхаіл Мясніковіч казаў, што ў краіне закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве існуе, але не дзейнічае. Бо няма канкрэтных механізмаў. Вось і ў Глушы праект з музеем быў заяўлены як прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства, але нешта перашкаджае яго паўнавартаснай рэалізацыі. І будынак, і разліковы рахунак, на які ідзе збор сродкаў, існуюць пры Бабруйскім райвыканкаме. На сённяшні дзень сабрана 11 850 рублёў. Але ахвяраванні паступаюць вельмі марудна. І гэта не ўсяляе ўпэўненасць у прадстаўнікоў раённай улады. Сумы, па словах намесніка старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяны Варанко, не хапае нават на праектна-каштарысную дакументацыю. А наперадзе яшчэ шмат работы, для якой спатрэбяцца немалыя грошы. І трэба мець па-сапраўднаму саліднага спонсара, які будзе здольны пакрыць гэтыя выдаткі. «Сітуацыя ўскладняецца тым, што мы можам не апраўдаць спадзяванні нашых ахвяравальнікаў, бо іншых крыніц паступлення сродкаў, акрамя разліковага рахунку, не існуе, — кажа Таццяна Варанко. — Нам наогул было б прасцей стварыць сваімі сіламі музейную экспазіцыю ў глушанскім Доме культуры, а грошы, якія акумуляваліся на рахунку, вярнуць».

Але гэта значыць, што прыйдзецца адмовіцца ад экспазіцый у гістарычным будынку. Музейшчыкі да гэтага ставяцца вельмі скептычна, бо музейны куток не можа замяніць паўнавартасны музей...

Гаспадарчы спосаб як альтэрнатыва

Пазіцыя Бабруйскага райвыканкама, на жаль, не аптымістычная. Браць на сябе адказнасць па рэканструкцыі будынка аптэкі пад будучы музей тут не вельмі імкнуцца. Але ж і нешта мяняць не рашаюцца. А прыйдзецца. Магчыма, трэба распрацаваць дадатковыя варыянты прыцягнення сродкаў? Асабіста мне час ад часу паступаюць прапановы ад ахвотных здаць грошы на музей, але без неабходнасці звароту ў банк. Прыходзіцца адмаўляць, бо механізма, як іх збіраць іншым шляхам, няма. Не магу ж я несці адказнасць за чужыя грошы.

Не зразумела таксама, чаму на рахунак не паступілі сродкі ад канцэрта творчых калектываў Бабруйскага раёна, які быў заяўлены ў падтрымку стварэння музея. Ён адбыўся яшчэ ў красавіку 2016 года ў рамках праекта «Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны» (артыкул ад 01.04.16). Наконт гэтага мы звярталіся ў Магілёўскі аблвыканкам. Адтуль прагучала абяцанне разабрацца.

А яшчэ мы прапанавалі вынесці на абмеркаванне абласнога аргкамітэта суботніка магчымасць частку заробленых на ім сродкаў выдаткаваць на рэканструкцыю музея. Мы спадзяёмся на станоўчае рашэнне, хоць і разумеем, што ў вобласці хапае іншых аб'ектаў, якім вельмі патрэбна грашовая дапамога. Напрыклад, ансамбль Езуіцкага калегіума ў Мсціславе, частка сцяны якога абрынулася летась у снежні. Але ж аўтэнтычны будынак у Глушы таксама трэба ратаваць.

Магчыма, за кошт сродкаў суботніка пажадае падтрымаць будучы музей у Глушы Бабруйскі райвыканкам? Тым больш што сёлета Год малой радзімы. Чаму б не адрадзіць кавалачак вельмі патрэбнай нам гісторыі? Напэўна да добрай справы і дэпутаты далучацца. Няўжо насельніцтва або прадпрыемствы адмовяцца нешта зрабіць для свайго славутага земляка? Пагатоў, што хутка будзем адзначаць 73-ю гадавіну Вялікай Перамогі ў Другой сусветнай вайне, а гэты музей прамы напамін пра гераічнае мінулае нашых мужных суайчыннікаў.

Як варыянт, можна пайсці менш стратным шляхам і стварыць музей гаспадарчым спосабам. Сёння гэта найбольш эфектыўны варыянт прывядзення ў парадак устаноў сацыяльнай сферы. Кіраўнікі маюць права заключыць дагавор з любым майстрам на свой выбар, дасягаючы эканоміі сродкаў і не горшай якасці. Прыклады такой рэканструкцыі ў Беларусі ёсць. Бабруйскаму райвыканкаму дадзена даручэнне аблвыканкамам вывучыць гэты варыянт стварэння музея больш дэталёва.

Прыемнай навіной на гэтым фоне стала тое, што пры фінансавай падтрымцы Магілёўскага аддзела Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зараз ствараюцца два банеры, прысвечаныя жыццю і творчасці Алеся Адамовіча. Тут жа ўказаны разліковы рахунак для ахвотных падтрымаць праект па стварэнні музея рублём. Гэтыя банеры плануецца выкарыстоўваць пры прывядзенні прысвечаных папулярызацыі творчасці пісьменніка мерапрыемстваў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама

р/с BY84АКВВ36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Загаловак у газеце: Няпросты лёс

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.