Вы тут

У Мінску з'явіўся «Горад птушак»


Ва ўрочышчы Сярэбраны Лог, што ў сталічным мікрараёне Серабранка, гэтымі вясновымі днямі асабліва шматгалосна. Птушкі, што прыляцелі з выраю ці ўдала перазімавалі на Радзіме, займаюцца будаўніцтвам новых гнёздаў ці рамонтам старых. А людзі, якія імкнуцца дапамагчы ім, устанаўліваюць на дрэвах новыя птушыныя “кватэры”.


"Горад птушак".

Штучныя гнёзды былі створаны вучнямі сталічных устаноў адукацыі ў межах штогадовага гарадскога конкурсу знаўцаў птушак “Мудры філін”. Сёлета да яго завяршэння прымеркавалі цырымонію адкрыцця “Горада птушак” – экалагічнага маршрута па воднай-балотнай сістэме ў пойме ракі Свіслач працягласцю 1,5 км, дзе размешчаны каля 40 штучных гняздоўяў і інфармацыйных стэндаў. Падчас адукацыйных экскурсій па Сярэбраным Логу жыхары і госці сталіцы змогуць даведацца шмат цікавай і карыснай інфармацыі пра розных крылатых і, зразумела, убачыць іх на свае вочы.

Нягледзячы на тое, што новыя домікі для птушак з’явіліся ў Сярэбраным Логу зусім нядаўна, некаторыя з іх ужо знайшлі сваіх гаспадароў. Дырэктар Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця, адзін з аўтараў праекта “Горад птушак” Руслан Шайкін тлумачыць гэты факт тым, што птушкам не хапае натуральнага жылля, таму штучныя гняздоўі, зробленыя школьнікамі, будуць для іх вялікай падмогай.

Водна-балотны комплекс ва ўрочышчы Сярэбраны Лог.

– Літаральна некалькі дзён таму мы знайшлі мінулагодняе гняздо рэмеза – цікавай птушкі, якая робіць свой дом у форме рукавічкі, – расказвае Руслан Шайкін. – Тут таксама жыве і такая балотная птушка, як бакас, а таксама зімародак і драч, прылятаюць шэрая і белая чаплі. Увогуле разам з пралётнымі ў Сярэбраным Логу сустракаецца каля 100 відаў птушак.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця “Горада птушак” першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна адзначыла:

– Калі мы кажам пра праблемы наваколля, то робім акцэнты на якіх-небудзь глабальных рэчах, на тым унёску, які дзяржавы могуць у цэлым зрабіць у ахову нашай планеты. Тое, што робіце вы (дзеці. – заўв. аўт.), здаецца на першы погляд маленькім крокам у абарону птушак. Але на самай справе – гэта велізарны ўнёсак не толькі ў ахову нашага наваколля, захаванне біялагічнай разнастайнасці, а і ў вашыя сэрцы. Таму што, зрабіўшы адну добрую справу, мы ніколі не дазволім здзейсніцца многім дрэнным справам.

Глава адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска Пётр Шостак падкрэсліў, што адкрыццё “Горада птушак” адбываецца ў гістарычным месцы. Упершыню Сярэбранае балота (цяпер – Сярэбраны Лог) упамінаецца ў 1557 годзе. У гэтым прыродным комплексе водзіцца шмат птушак, у тым ліку чырванакніжных. Таму неабходна захоўваць гэта месца і развіваць яго.

Руслан Шайкін правёў майстар-клас па пляценні гнездавых кашоў для вушастых соў.

– Гэта месца пры мінімальным удзеле ўсіх зацікаўленых можа вельмі хутка стаць візітнай карткай Мінска ў галіне экалагічнага выхавання і выканання Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, – упэўнены Руслан Шайкін.

Па словах спецыяліста, плануецца і далей развіваць гэту ўнікальную і незвычайную гарадскую тэрыторыю як прыродна-адукацыйны комплекс для падтрымкі экалагічнай адукацыі. Ужо зараз распрацоўваецца вучэбна-метадычны комплекс, які будзе бясплатна раздадзены педагогам, каб яны самі маглі праводзіць экскурсіі па “Горадзе птушак”.

***

Ужо некалькі гадоў запар у межах адукацыйнага праекта “Экалогія і дзеці” Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі пры садзейнічанні Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця праводзіць гарадскі конкурс знаўцаў птушак “Мудры філін”. Сёлета ён праводзіўся ў дзвюх намінацыях: на веданне птушак, што зімуюць у нашай краіне, і стварэнне доміка для птушак.

Падчас адкрыцця “Горада птушак” пераможцы конкурсу “Мудры філін-2018” у намінацыі “Птушыны домік” атрымалі свае ўзнагароды. Прайшоў і майстар-клас па пляценні гнездавых кашоў для вушастых соў. Гэтыя птушкі, у адрозненне ад сваіх родзічаў, не ўмеюць віць гнёзды, таму займаюць “кватэры” іншых відаў.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».