Вы тут

Фермер Аляксандр Барушка: Ніхто не працуе па доўгатэрміновых дамовах


Аляксандр Барушка — адзін з першых на Бярозаўшчыне, хто ўзяўся за фермерскую гаспадарку. Было гэта ў 2000 годзе. Цяпер Аляксандр Іванавіч з усмешкай згадвае сход, на якім прымалі рашэнне выдзеліць тры гектары калгаснай зямлі. Унутрана ён падрыхтаваўся пачуць нешта накшталт: «Першая ластаўка новай формы гаспадарання», а пачуў: «Першы адшчапенец».  Што называецца, асадзілі з парога. Тады зразумеў, што давядзецца пераадольваць негатыўнае стаўленне, у пэўным сэнсе псіхалогію непрыняцця.


Першыя тры гектары

Цяпер яны з жонкай усе гэтыя з'явы называюць хваробамі росту. «Мы ведалі, на што ішлі,— падхоплівае размову Вера Віктараўна. — Галоўнай для нас была работа. Мы хацелі самі паспрабаваць атрымаць нейкі вынік, прымяніўшы веды і вопыт. Ну а праблемы? Яны ўвесь час былі і будуць, іх трэба вырашаць».

Аляксандр і Вера Барушкі пажаніліся падчас вучобы ў Горацкай сельгасакадэміі. У іх была магчымасць застацца ў ВНУ з улікам Верынага чырвонага дыплома. Такое запрашэнне паступала... Але яны паехалі па размеркаванні на радзіму Аляксандра — у Бярозаўскі раён. На першае дзесяцігоддзе іх працы прыйшліся і развал Саюза, і розныя пературбацыі ў сельскай гаспадарцы. Правільней сказаць, працы Аляксандра Іванавіча, бо жонцы работу давялося сумяшчаць з дэкрэтнымі водпускамі: чацвёра дзяцей выгадавалі Барушкі.

Яшчэ ў 1989 годзе, на першай хвалі ўзнікнення кааперацыйнага руху, першых спроб прыватнай ініцыятывы Аляксандр з таварышам узялі ў арэнду калгасны сад. Але тады не атрымалася... Свой адбітак наклала менавіта негатыўнае стаўленне аднавяскоўцаў. Калгасны сад раней успрымалі як нічый альбо свой. Значыць, кожны, хто хацеў, браў там яблыкі ў любой колькасці. Садавіну можна было здаць нарыхтоўшчыкам, зварыць з яе варэнне ці пакласці ва ўласны склеп. І раптам — гаспадар, арандатар! Адным словам, давялося адмовіцца, хоць і высадзілі побач са старымі плантацыямі ладны кавалак маладога саду. Аднак ідэя пачаць сваю справу не пакідала. Той негатыўны вопыт паслужыў урокам. З часам, як ужо гаварылася, першыя тры гектары зямлі Барушкі атрымалі. Тады пасадзілі капусту і атрымалі нядрэнны ўраджай.

Агародніна і ягада

— Цяпер на рынках, у магазінах тавараў хоць заваліся, таму іншае ўявіць няпроста. Але ў калгасныя часы капуста... часта была ў дэфіцыце. І калі мы першы год прывезлі ўраджай у Мінск на кірмаш, чарга выстраілася велізарная, — расказваюць фермеры. — На другі год пасадзілі больш, але не адны мы такія разумныя аказаліся. А яшчэ праз некалькі гадоў некаторыя нашы калегі нават з поля капусту не ўбіралі — так яна ўпала ў цане. У нашай справе ўвесь час бывае пэўная рызыка ў сэнсе збыту. Таму трэба вар'іраваць, сачыць за рынкам...

У самым пачатку амаль усё рабілі рукамі, сям'ёй працавалі ў полі. У наступным годзе з выручаных грошай (яшчэ ў сястры пазычылі дзве тысячы долараў) купілі трактар. Працаваць стала лягчэй.

Потым гаспадарка стала паступова пашырацца. Узялі яшчэ 30 гектараў, затым 22. Цяпер фермерская гаспадарка «Барушка» мае 55 гектараў зямлі. Па цяперашніх мерках не самая вялікая, але і не самая малая. Зараз на палях вырошчваюцца чорныя парэчкі, буякі, клубніцы, маліны. Агародніна таксама.

Жывуць фермеры ў Малечы, а палі размешчаны за адзінаццаць кіламетраў, каля вёскі Бухалі. Едзем на поле. Гаспадар паказвае плантацыю клубніц, якія зімавалі пад плёнкай. Ягады пасаджаны па сучаснай тэхналогіі, забяспечаны кропельным палівам. А сухія лісцікі лёгка прыбіраюцца нават звычайнай шчоткай. Маладыя ж хутка пойдуць у рост. Паводле ацэнкі гаспадара-агранома, ягаднік перазімаваў добра, адсюль і спадзяванні на ўраджай.

Буякі зараз актыўна «падсяваюцца» трэскамі. Для іх прыгатавання купілі спецыяльную машыну. Буякам патрэбна менавіта такое асяроддзе. (На трэсках якраз працавалі сын гаспадароў і адзін наёмны работнік.)

Поле з чорнымі парэчкамі радуе вока раўнюткімі радамі кустоў. Летась было амаль 25 гектараў названай ягады, сёлета плануюць пакінуць 16. Патрабуецца замена на маладыя. Дарэчы, год таму фермерская гаспадарка набыла ў Польшчы камбайн для ўборкі парэчак. Агрэгат замяняе працу 80 чалавек. Столькі людзей і знайсці цяжка. А калі і назбіраеш работнікаў у Бярозе, дык іх трэба прывезці, забяспечыць скрынямі, кошыкамі, потым палічыць сабранае, заплаціць. Так што машына хоць і дарагая, але сябе апраўдвае. Да Барушак, дарэчы, ужо нашы машынабудаўнікі прыязджалі. Разбіралі гэтую машыну ледзь не да вінціка, здымалі, капіравалі. Хочуць зрабіць айчынны аналаг.

У зоне рызыкі

Вырасціць добры ўраджай на глебе з каэфіцыентам у 20 балаў не самае складанае, самае цяжкае — яго прадаць. Асноўную частку тых жа парэчак забірае Расія. Нашы вытворцы бяруць вельмі мала. У Баранавічах было невялікае прадпрыемства, брала ягаду на сок і для кандытарскіх вырабаў, але зараз яно знаходзіцца ў стадыі банкруцтва.

— У Польшчу заедзеш, — разважае Вера Віктараўна, — там столькі розных сокаў, у тым ліку натуральных, з чорных парэчак і на аснове гэтай ягады. У нас не надта шырокі выбар. Сокі ўсё больш з замежных канцэнтратаў. Выходзіць, нікому гэта не трэба.

Гады чатыры таму Аляксандр Барушка на адным з сайтаў у адкрытым доступе знайшоў цікавую для сябе статыстыку мытнага ведамства. Яна датычылася ўвозу ў нашу краіну тавараў менавіта з чорнай парэчкі. І лічбы былі даволі вялікія. Вось вам і імпартазамяшчэнне...

Цікаўлюся, ці бяруць на віно. Аказваецца, бяруць, але за капейкі. Барушкі расказалі цікавы выпадак са сваёй практыкі, калі ягады купіў нарыхтоўшчык аднаго з вінзаводаў. «Адзін раз расійскія партнёры нас падвялі, давялося аддаць партыю прадукцыі вінаробам. Прыехаў нарыхтоўшчык з бочкамі, куды згрузіў нашу шыкоўную ягаду з латкоў, падрыхтаваных да вывазу. І гэта яшчэ нічога. Потым ён пад'ехаў да воданапорнай вежы... і заліў тыя ягады вадой. Кажа: «Каб болей было — нібыта яны ўжо сок пусцілі». Значыць, там няма ніякага кантролю якасці. Бо ваду ў сучасных лабараторыях выявіць — справа хвілін. Нам, як той казаў, і справы не павінна быць да гэтага, — працягвае гаспадар. — Але, напрыклад, мне, каб пастрыгчыся — а гэта прыкладна шэсць з паловай рублёў, трэба аддаць паўтара вядра чорных парэчак, а ў вялікім горадзе нават два вядры, а то і больш, за 20 мінут работы цырульніка. Таму і шукаем магчымасці збыту ў Расіі, каб не сорамна было прадаваць вырашчанае».

Ці яшчэ вось такі аспект. Больш за дзесяць гадоў Барушкі забяспечвалі ўсе чатыры бальніцы свайго раёна агароднінай. Пастаўлялі ў лячэбныя ўстановы моркву, цыбулю, буракі, капусту прыкладна па 30 з нечым капеек за кілаграм (прыведзены сярэднія цэны на цяперашні час. — Аўт.). Потым прамыя пастаўкі забаранілі, сказалі: удзельнічайце ў тэндары. За ўдзел трэба было плаціць немалую суму, і яны не захацелі. І тэндар выйграў іншы.

Усё, вядома, зроблена па законе і правілах. Але цяпер бальніцы атрымліваюць агародніну па значна большым кошце, чым магла б прапанаваць гэта фермерская гаспадарка. Тады ў чым сэнс таго тэндара? Усё гэта Вера Віктараўна па-філасофску характарызуе хваробамі росту.

Агародніну і цяпер яны вырошчваюць у невялікай колькасці, «усяго патроху». Таму што займацца гэтым цікава. Сёлета, напрыклад, вельмі добры попыт на агародніну, яблыкі. Пакуль мы ехалі з Аляксандрам Іванавічам на поле, два разы пазванілі патэнцыйныя пакупнікі. «Але гэта не значыць, што налета будзе тое самае, — разважае фермер. — У нас ніхто не гатовы працаваць па доўгатэрміновых кантрактах, як на Захадзе. Таму мы ўвесь час у зоне рызыкі. І былі ўжо выпадкі, калі нам з калегамі немэтазгодна стала ўбіраць моркву, бо затраты па ўборцы перавышалі кошт закупкі».

Што далей?

Зараз у Барушкаў ёсць немалы тэхнічны парк, аснову якога складаюць чатыры трактары, два камбайны з рознымі прычапнымі агрэгатамі. Нядаўна купілі грузавую фуру-халадзільнік для перавозкі ягад. У планах абсталяванне невялікага сховішча для сельгаспрадукцыі. Набылі будынак старога млына з участкам. Гэтай вясной пачнецца добраўпарадкаванне тэрыторыі і рэканструкцыя памяшкання. А так вялікага пашырэння яны не плануюць.

— Мы разглядаем сваю гаспадарку як невялікі сямейны бізнес, — расказвае Вера Барушка. — Мы не разлічваем на вялікія даходы, нам не трэба яхтаў ці велізарных віл. Можа, таму маладыя нярэдка расчароўваюцца, пачаўшы падобную справу. А нам трэба, каб была праца, якая забяспечвае годнае існаванне сям'і. Працаваць жа цікава самастойна. Мы былі ў калгасе, ведаем асаблівасці калектыўнай гаспадаркі. А тут ты сам адказваеш за вынік, сам нясеш выдаткі і атрымліваеш дывідэнды. Ну, скажам, не хочаш убіраць моркву, бо сэнсу няма, — твае праблемы. А там прыедуць, умоўна кажучы, тры кантрольныя арганізацыі і кожная выпіша спагнанне...

І яшчэ. Яна не лічыць магчымым плакацца, што атрымала пенсію ўсяго ў 200 рублёў, бо ў дэкрэтных водпусках была часта. Яна лічыць патрэбным зарабіць на далейшае жыццё, чым і займаецца.

Зараз Вера Віктараўна і Аляксандр Іванавіч працуюць разам са старэйшым сынам Аляксандрам. Ён хоць і атрымаў спецыяльнасць праграміста, у Мінску не застаўся, прыняў рашэнне прадоўжыць справу бацькоў. Яшчэ двое сыноў, эканаміст і праграміст, працуюць у сталіцы. Дачка Марыя пакуль таксама з бацькамі — яна выкладае у музычнай школе.

— Вось на старасці купім дамок у Бухалях і пераедзем туды, каб быць бліжэй да сваіх палёў, — з загадкавай усмешкай гаворыць, гледзячы на жонку, Аляксандр Іванавіч. — Там усяго адна жыхарка засталася. А то ў дзень больш за 40 кіламетраў накручваем, калі дадому абедаць прыязджаем.

Вера Віктараўна аказалася яўна не гатовай да такога павароту падзей, але мужу пярэчыць не стала: «Трэба падумаць».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Бярозаўскі раён

Загаловак у газеце: Невялікі сямейны бізнес

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці