Вы тут

Дзяржава бачыць перспектывы ў падтрымцы фермерскіх гаспадарак


Фермерскі сектар з'яўляецца адным з тых, што дынамічна развіваюцца ў аграрнай сферы. Практычна штогод тут забяспечваецца прырост вытворчасці прадукцыі, дасягаюцца высокія паказчыкі. На дзяржаўным узроўні лічаць перспектыўным гэты кірунак і ствараюць клімат, які паспрыяў бы развіццю гаспадарак фермераў. Разам з тым удзельная вага прыватнага бізнесу на палях краіны застаецца невялікай.


На будучае

Зараз у складзе аграпрамысловага комплексу Беларусі фермерскія гаспадаркі з'яўляюцца самай масавай недзяржаўнай арганізацыйна-прававой формай сельскай гаспадаркі. На 1 студзеня 2018 года ў нашай краіне іх зарэгістравана больш за 3,1 тысячы. Для параўнання: гэта на 3,3 % больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года. Павялічваецца і агульная плошча зямель у фермерскім сектары. За перыяд з 1995-га па 2017 год яна стала большай у 3,3 раза (на 144,4 тысячы га).

Як адзначылі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, сёння асноўным напрамкам вытворчай дзейнасці фермерскіх гаспадарак з'яўляецца раслінаводства. На яго долю прыпадае каля 90 % ад усёй прадукцыі, якую вырабляюць фермеры. Пры гэтым практычна ў палове прыватных гаспадарак вядучым кірункам з'яўляецца вытворчасць збожжа. Вырошчваннем бульбы займаюцца 12 % прыватнікаў, і каля 9 % — вытворчасцю агародніны.

Нягледзячы на высокія тэмпы прыросту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў фермерскім сектары, удзельная вага яго ў агульнай вытворчасці застаецца нязначнай і складае крыху больш за 2 %. Аднак у краіне, арыентуючыся на паспяховы замежны вопыт, бачаць перспектывы развіцця гэтага напрамку і працягваюць ствараць больш зручныя ўмовы для фермерства.

«Фермерскія гаспадаркі варта разглядаць як патэнцыйных удзельнікаў у вытворчасці агародніны, бульбы, пладоў і ягад. У жывёлагадоўлі свой уклад фермеры могуць унесці ў вырошчванне мясной і малочнай жывёлы, дробных жывёл, пчалярстве», — адзначылі ў прэс-службе міністэрства.

Пачуць фермера

У такіх умовах важна лепш разумець тое, чаго хочуць людзі, як ім дапамагчы.

Як адзначылі ва ўпраўленні дзяржаўнай уласнасці Мінсельгасхарча, сёння фермеры звяртаюцца да іх па пытаннях аказання фінансавай дапамогі ва ўсталяванні межаў зямельных участкаў і першаснага ўладкавання гаспадаркі: маюць патрэбу ў дапамозе па будаўніцтве дарог, ліній радыё- і электраперадачы, аб'ектаў водазабеспячэння, тэлефоннай сувязі і іншых аб'ектаў, а таксама меліярацыі зямель. Такая падтрымка фермерам аказваецца. У гэтым годзе са сродкаў рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты ў сукупнасці прадугледжана накіраваць больш за 571 тысячу рублёў.

Нагадаем, што ў мэтах стварэння дадатковых умоў для развіцця фермерскіх гаспадарак намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы зацвердзіў комплекс мерапрыемстваў па развіцці і падтрымцы фермерскіх гаспадарак на 2016—2020 гады. У яго ўключаны ў тым ліку продаж, перадача ў арэнду, а таксама перадача ў бязвыплатнае карыстанне фермерскім гаспадаркам аб'ектаў нерухомай маёмасці, якія выкарыстоўваюцца неэфектыўна.

Вырашыць прыватныя пытанні

Фермерам таксама дапамагаюць і з больш прыватнымі праблемамі. Напрыклад, не так даўно прадстаўнікоў фермерскіх гаспадарак турбавала пытанне па вядзенні бухгалтарскай справаздачнасці. У законе «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» прапісана, што кіраўнік фермерскай гаспадаркі мае права ўскладаць вядзенне бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці на галоўнага бухгалтара або перадаваць яго вядзенне па дагаворы арганізацыі, якая аказвае такія паслугі. Разам з тым, калі фермерская гаспадарка з'яўляецца мікраарганізацыяй, то кіраўнік фермерскай гаспадаркі мае права весці бухгалтарскі ўлік і складаць бухгалтарскую справаздачнасць асабіста, калі адпавядае неабходным патрабаванням.

Большасць кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак з сярэдняй колькасцю работнікаў да 15 чалавек не адпавядаюць такім умовам і вымушаныя плаціць за гэта іншым арганізацыям, што стварае дадатковую фінансавую нагрузку. Таксама фермерскія гаспадаркі зарэгістраваныя і ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць пераважна ў сельскай мясцовасці, дзе адчуваецца недахоп кваліфікаваных бухгалтарскіх кадраў.

Таму ў мэтах спрашчэння вядзення бухгалтарскага ўліку ў фермерскіх гаспадарках прыняты Указ Прэзідэнта № 311 «Аб бухгалтарскім ўліку ў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках». Ён дае права фермерскім гаспадаркам пры выкананні пэўных умоў весці бухгалтарскі ўлік у кнізе ўліку даходаў і расходаў сялянскай (фермерскай) гаспадаркі. Гэта павінна вырашыць праблему.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Поле без бар'ераў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».