Вы тут

Як будзе развівацца Магілёўшчына?


У Магілёўскай вобласці склад кіраўнікоў раённых саветаў дэпутатаў абнавіўся на дзве трэці. Свае веды і арганізатарскія здольнасці тут рэалізуюць лідары з розных сфер дзейнасці. Шмат дзе гэтую пасаду занялі былыя намеснікі старшынь выканкамаў. У кожнага назапашаны карысны кіраўніцкі досвед, ёсць веданне балючых месцаў раёна і жаданне зрабіць аграгарадкі і вёскі яшчэ больш прыгожымі і прыдатнымі для жыцця. Нашы суразмоўнікі ахвотна падзяліліся з «МС» планамі на найбліжэйшую будучыню.


— Справа гэта для мяне новая, таму зараз актыўна асвойваю ўсё, што трэба ведаць, — запэўнівае старшыня Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў Сяргей СУВЕЕЎ, які раней працаваў у сістэме адукацыі. — І мне, дарэчы, у гэтым дапамагае «МС». Чытаю газету ад першага да апошняга радка. Па сваёй дэпутацкай справе мы ўжо шмат чаго зрабілі. Правялі арганізацыйныя сесіі (у нас 11 сельсаветаў), абралі старшынь, іх намеснікаў, зацвердзілі планы работы на 2018 год. Зараз займаемся стварэннем органаў тэрытарыяльна-грамадскага самакіравання. Прыводзім у належны выгляд пасля зімы населеныя пункты, асабліваю ўвагу ўдзяляем могілкам, прыборцы смецця, рамонту кантэйнерных пляцовак, аднаўляем дзе трэба агароджу.

Плануем праводзіць выязныя мерапрыемствы. У другім квартале, напрыклад, збіраемся наведаць дзіцячую школу мастацтваў № 1, паглядзець, як там ідуць справы. У нас ёсць дэпутат, які мае дачыненне да гэтай школы. Яшчэ адзін дэпутат прапанаваў правесці выязное пасяджэнне ва ўстанове «Маяк», дзе ён працуе. І гэта ў нас таксама ў планах, бо трэба, каб дэпутаты лепш ведалі эканамічны і культурны патэнцыял свайго раёна. Людзі прыйшлі з розных галін, ім карысна паглядзець, як усё функцыянуе ў цэлым. У нас і сельская гаспадарка развітая, і прамысловасць, і чыгунка... Але адна справа — пачуць, і зусім іншая — убачыць.

Слаўгарадскі раён добра вядомы сваімі праектамі па арганізацыі самазанятасці насельніцтва. Гэтым вопытам старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў Святлана ЯЗЕРСКАЯ дзялілася нават з удзельнікамі выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ў Магілёве.

— У нас добры вопыт работы па Дэкрэтах № 3 і № 1. Працуем з сацыяльна небяспечнымі асобамі, садзейнічаем развіццю прадпрымальніцтва, дапамагаем насельніцтву рэалізоўваць праекты. Трэба, каб людзі затрымліваліся ў раёне, працавалі, каб павялічваліся іх даходы, — кажа яна.

Да назначэння на новую пасаду Святлана Язерская працавала намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях.

— Папярэднія мае абавязкі дзесьці пераклікаліся з цяперашнімі, — прызнаецца дэпутат. — Інфармаванне насельніцтва і работа з ім — гэтым і раней я займалася. На сустрэчах з дэпутатамі размаўляем пра іх дзейнасць у акругах, каб яны маглі арганізаваць работу на месцах, трымалі цесную сувязь з насельніцтвам, органамі мясцовага самакіравання. Па максімуме трэба сканцэнтраваць сілы на добраўпарадкаванні, навядзенні парадку пасля зімы. Надвор'е падштурхоўвае. Супала так, што вясна сёлета позняя, а Радаўніца ранняя — будзем працаваць аператыўна. Адначасова рыхтуемся да Сырнага фэсту, ён ужо хутка — 29 красавіка. У ім удзельнічаюць нашы падсобныя гаспадаркі, сыравары. Ужо створаны штаб па падрыхтоўцы да гэтага свята, абмяркоўваем планы.

— Збіраемся актыўна выконваць праграму навядзення парадку на зямлі, — дзеліцца планамі старшыня Касцюковіцкага раённага Савета дэпутатаў Мікалай ПЛАТОНАЎ. — Сёлета Год малой радзімы, і мы збіраемся зрабіць нешта адметнае ў кожным сельсавеце. У Белай Дуброве, напрыклад, старшыня сельскага Савета прапанаваў устанавіць малую скульптурную форму. Думаем стварыць кампазіцыю з дзяўчынкай, якая гоніць гусей на рэчку.
У аграгарадку практычна няма дома, дзе не было б гусей. А раней вёска была ўся «гусіная». У нас там нават Гусінае свята восенню праводзіцца.

У Бялыніцкім раёне дэпутаты таксама збіраюцца ў знамянальны для малой радзімы год зрабіць нешта карыснае на месцах.

— Звернем увагу на эстэтыку, стварэнне нейкіх архітэктурных формаў, — удакладняе старшыня Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў Андрэй ГАНЧУК. — На гэтым тыдні, напрыклад, пры фінансавай дапамозе тутэйшага СПК «Калгас «Радзіма» наводзілі парадак у аграгарадку Вішоў. Высеклі кустоўе, зрабілі абрэзку дрэў, падраўнялі агароджу. Наогул працы ў раёне шмат. Асобна займаемся абследаваннем калодзежаў. Яшчэ адзін важны кірунак — удасканальванне работы па закупе малака ў насельніцтва. Гэта і нейкая матэрыяльная падтрымка мясцовым жыхарам, і адначасова карысць для раёна. Трэба зрабіць так, каб не было замінак са зборам малака, выплатай грошай людзям. Каб у іх была матывацыя займацца павелічэннем пагалоўя буйной рагатай жывёлы.

Наш тэлефонны званок застаў старшыню Чэрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анжэлу НОВІКАВУ ў дарозе.

— Вывучаем тыя пытанні, якія патрабуюць хуткага вырашэння, — коратка растлумачыла яна. — У сувязі з гэтым правялі некалькі сходаў, узялі на кантроль жыццёва важныя пытанні грамадзян. Збіраемся перагледзець і ўдасканаліць работу па навядзенні парадку. І дзейнічаць трэба неадкладна, бо лічаныя дні застаюцца да праваслаўных свят. Будзем паслядоўна выконваць усе тыя задачы, якія стаяць перад намі. Мы вельмі добра ведаем, якая адказнасць ляжыць на нас перад выбаршчыкамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Мы разумеем сваю адказнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».