Вы тут

2\3 беларусаў гатовы збіраць смецце асобна


Не менш як палову камунальных адходаў Беларусі мяркуюць перапрацоўваць у 2035 годзе. Гэта мэта Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА) і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР). Каб дасягнуць заяўленых паказчыкаў, неабходна ўкараненне новых тэхналогій — энергетычнага выкарыстання і біялагічнай апрацоўкі адходаў, мадэрнізацыя палігонаў і ўкараненне дэпазітна-залогавай сістэмы збору ўпакоўкі.


Існуючая сістэма раздзельнага збору смецця дазваляе за год збіраць 30 % шкляной і 20 % пластыкавай тары ад агульных аб'ёмаў упакоўкі, якія рэалізуюцца на рынку. Пры гэтым замежны вопыт працы такіх сістэм паказвае, што дзякуючы ім для паўторнага выкарыстання рэальна можна збіраць 80—90 % упакоўкі.

— Падобных паказчыкаў дасягнуць цяжка, аднак дзве трэці беларусаў, як паказваюць апытанні, гатовыя ўдзельнічаць у такой сістэме. Мяркуецца, яна запрацуе ў Беларусі ў 2020 годзе. Пакуль вядуцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы, — расказала Надзея ТАТАРЫНЦАВА, намеснік дырэктара ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Пры гэтым аператарам ці адміністратарам дэпазітна-залогавай сістэмы прынцыпова будзе некамерцыйная арганізацыя, створаная толькі для кіравання сістэмай.

Кампенсацыя за раздзельна сабраную другасную сыравіну летась склала крыху больш за 32 млн рублёў. Сёлета на гэта дзяржавай прадугледжана 45,3 млн рублёў.

Увядзенне сістэмы разам з удасканаленнем і развіццём існуючай сістэмы абыходжання з другаснымі рэсурсамі праз закупку тэхнікі, будаўніцтва кантэйнерных пляцовак, стварэнне дадатковых магутнасцяў па сартаванні дазволіць выбраць з камунальнага смецця 25—30 % сыравіны для другаснага выкарыстання, упэўнена спецыяліст. Разам з тым паралельна трэба мадэрнізаваць месцы захавання адходаў з рэкультывацыяй і будаўніцтвам новых палігонаў і закрыццём мініпалігонаў, якія не адпавядаюць сучасным патрабаванням бяспекі.

— Далейшае павелічэнне выкарыстання цвёрдых адходаў магчыма толькі шляхам прымянення новых тэхналогій: энергетычнага выкарыстання і біялагічнай апрацоўкі адходаў. Ужо распачаты пілотны праект у Гродне па вытворчасці альтэрнатыўнага РДФ-паліва са смецця для выкарыстання яго на цэментных заводах, — дадала Надзея Татарынцава. — Па выніках будзе прымацца рашэнне аб павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці, у тым ліку і ў іншых рэгіёнах.

Найвастрэй праблема па выкарыстанні адходаў паўстае перад Мінскам. Тут утвараецца найбольш смецця, а магутнасцяў палігонаў не хапае. Дапамагчы сталіцы можна, стварыўшы тут завод па спальванні адходаў магутнасцю 500 тысяч тон на год з вырабам цеплавой і электрычнай энергіі. На яго будаўніцтва прадугледжана 300 млн еўра.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Адходы — у цяпло, святло і энергію

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».