Вы тут

Тры оперы для Італіі


Для многіх беларускіх музыкаў шлях у вялікае мастацтва, як і прызнанне на радзіме, пракладваецца за межамі роднай краіны, праз замежныя падмосткі. Для Уладзіміра Авадка ўсведамленне гэтага пастулата стала адпраўным момантам у яго творчых планах і памкненнях.


Выхадзец з інтэлігентнай музычнай сям’і, Уладзімір Авадок з дзяцінства знаходзіўся ў атмасферы ўсеагульнага імкнення да прыгожага. Маці — выкладчык музычнай школы па класе фартэпіяна — падштурхнула сына да сур’ёзных заняткаў менавіта на гэтым інструменце. Бацька — баяніст, дырыжор, дацэнт кафедры народна-інструментальнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, уручыўшы сыну дырыжорскую палачку, паставіў яго за дырыжорскім пультам да аркестра. Скончыўшы Рэспубліканскі музычны каледж у класе заслужанага дзеяча мастацтваў А. М. Гужалоўскай, Уладзімір паступае ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў адразу на дзве спецыяльнасці: фартэпіяна (клас прафесара Л. С. Шаламенцавай), аркестравае дырыжыраванне (клас народнага артыста Расіі Генадзя Праваторава). Стаўшы дыпламаваным піяністам і дырыжорам камернага аркестра, Уладзімір Авадок зноў паступае ў Акадэмію музыкі — на аддзяленне опернасімфанічнага дырыжыравання ў клас Вячаслава Воліча, дырыжора Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя К. С. Станіслаўскага і У. І. НеміровічаДанчанкі і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Але і бацька Уладзіміра не мог заставацца ўбаку ад працэсу навучання сына. Разам з ім ён наведвае ўрокі дырыжыравання ў класе Г. Праваторава, робіць відэазапісы гэтых урокаў. Затым дома яны разам уважліва вывучаюць усе заўвагі і парады педагога, падрабязна разбіраюць усе агрэхі дырыжорскай тэхнікі, дэталёва прапрацоўваюць складаныя музычныя эпізоды.

Намаганні ўсёй сям’і не прайшлі дарма. Атрымаўшы выдатную адукацыю піяніста і дырыжора, Уладзімір не спыняецца на дасягнутым. Ён у пошуку, актыўны, творча скіраваны, не пасуе перад цяжкасцямі і няўдачамі. Смела кідаецца ў вір напружанай конкурснай барацьбы, бярэ ўдзел у майстар-класах знакамітых дырыжораў. Як правіла, такія майстаркласы заснаваныя на цвёрдым конкурсным адборы, што Уладзімір з гонарам пераадольвае, і гэта дазваляе яму бесперапынна рухацца да вяршыняў дырыжорскага мастацтва. Пад кіраўніцтвам сусветна вядомых музыкаў удасканальвае майстэрства.

Ён упарта і паслядоўна спрабуе свае сілы ў самых розных жанрах сімфанічнага і опернага мастацтва. Так, аднойчы Уладзімір задаўся мэтай асвоіць партытуру Дзявятай сімфоніі Ф. Шуберта пры дапамозе ўнутранага слыху — толькі праз прачытванне нот вачыма, прайграючы ў розуме гучанне цэлага аркестра. Маючы магчымасць паслухаць шматлікія запісы гэтай сімфоніі, ён наўмысна адмовіўся ад агульнапрынятых сродкаў спасціжэння новага матэрыялу для трэніроўкі свайго ўнутранага слыху і добра з гэтым справіўся.

Уладзімір не прапускае ніводнай магчымасці павучыцца ў дасведчаных дырыжораў-практыкаў. Яму тройчы пашчасціла пабываць на майстар-класах народнага артыста СССР, прафесара Юрыя Сіманава і працаваць з аркестрам Маскоўскай філармоніі. І кожны раз яго кандыдатура была ў ліку ўдзельнікаў заключных канцэртаў, якія праходзілі ў Канцэртнай зале імя П. І. Чайкоўскага.

Наступным этапам у жыцці музыканта стаў конкурс у оперную Акадэмію сусветна вядомага дырыжора Рыкарда Муці, які каля 20 гадоў узначальваў тэатр «Ла Скала», а цяпер з’яўляецца кіраўніком Чыкагскага сімфанічнага аркестра. Уладзімір Авадок, прайшоўшы праз конкурс у некалькі адборачных тураў з удзелам шматлікіх прэтэндэнтаў з усяго свету, спачатку трапляе ў дзясятку канкурсантаў, а затым становіцца адным з чатырох фіналістаў, адабраных самім маэстра Р. Муці для працы над пастаноўкай апошняй, самай складанай оперы Дж. Вердзі «Фальстаф» у тэатры Аліг’еры ў г. Равэна. Для любога музыканта апынуцца ў Італіі — калысцы опернага мастацтва — само па сабе перамога і вялікая ўдача. Пра гэты бліскучы рэванш беларускага дырыжора ў 2015 годзе (ён адзіны прадстаўнік з постсавецкай прасторы, які трапіў у Акадэмію аркестравых дырыжораў Рыкарда Муці) паведамлялі многія італьянскія і беларускія выданні. Яго запомніла крытыка, журналісты, таксама патрабавальная італьянская публіка і, вядома ж, сам маэстра, які ўважліва сочыць за поспехамі сваіх падапечных. Пасля завяршэння конкурсных выпрабаванняў у першым майстар-класе Уладзіміру была прадстаўлена магчымасць яшчэ двойчы наведаць оперную акадэмію Рыкарда Муці. Намаганні беларускага музыканта не прайшлі бясследна, і неўзабаве Уладзіміру Авадку паступіла прапанова працягнуць працу ў тэатры Аліг’еры ў Равэне, але ўжо ў якасці самастойнага пастаноўшчыка-дырыжора трох опер: «Сельскі гонар» П. Масканьі, «Тоска» Дж. Пучыні і «Паяцы» Р. Леанкавала. У знак адмысловай прыхільнасці Р. Муці даў Уладзіміру ўласныя асобнікі партытур гэтых опер са сваёй дырыжорскай разметкай, сказаўшы: «Гэта даражэйшае за золата...». Гадамі напрацаваны вопыт маэстра, адлюстраваны ў выглядзе яго пазнак у партытурах, стаў дапамогай у працы беларускаму музыканту.

Прэм’ера опер адбылася ў Равэне ў сярэдзіне лістапада 2017 года і прайшла вельмі паспяхова. Усяго Уладзімір правёў дзевяць спектакляў (па тры на кожную оперу) пры поўным аншлагу. Маэстра Р. Муці, які прысутнічаў на чатырох спектаклях, ухвальна ўспрыняў працу маладога беларускага дырыжора. Прафесійную сталасць Уладзіміра падкрэсліла і спадарыня Крысціна Муці, жонка маэстра, якая была вельмі патрабавальным рэжысёрам-пастаноўшчыкам усіх трох опер.

Варта адзначыць, што ўмовы ажыццяўлення гэтага мерапрыемства для дырыжора былі неверагодна складаныя. На пастаноўку трох опер Уладзіміру адводзілася два месяцы! У нашым разуменні гэта экстрэмальныя тэрміны. Ажыццявіць усё было магчыма дзякуючы арганізатарам праекта, якія распрацавалі падрабязны план, дзе прадугледжвалася пэўная колькасць рэпетыцый у кожным асобным сегменце: для спевакоў-салістаў, вакальных ансамбляў, хору, аркестра. Усе ўдзельнікі гэтага мерапрыемства, уключаючы салістаў і артыстаў аркестра, папярэдне прайшлі адборачны конкурс. Такім чынам, дырыжору адводзілася выключна музычна-пастановачная роля. Пэўная складанасць у працы дырыжора заключалася ў тым, што аркестр месціўся ў іншым горадзе, за 230 кіламетраў ад Равэны, куды Уладзіміра дастаўляла спецыяльная служба тэатра для аркестравых рэпетыцый. Такое рашэнне кіраўніцтва тэатра палічыла найбольш аптымальным, паколькі большасць музыкаў (пераважна італьянцы) пражывала за межамі Равэны. У той жа час камерцыйны складнік гэтага праекта забяспечвала дакладнае выкананне неабходных функцый усімі яго ўдзельнікамі. Спевакі, артысты аркестра, рэжысёрпастаноўшчык, дырыжор і нават работнікі сцэны — кожны ведаў свае службовыя абавязкі і стараўся выконваць працу з максімальнай аддачай, што ў канчатковым выніку забяспечыла поспех музычных спектакляў. Уладзімір успамінае, з якой лёгкасцю вырашалася пытанне з касцюмамі для персанажаў опер: іх проста арандавалі на момант спектакляў. Аказваецца, у Італіі ёсць служба пракату, якая прадастаўляе сцэнічныя касцюмы любому тэатру для самых розных оперных пастановак. Касцюмы там не шыюць для кожнага спектакля асобна, як гэта прынята ў нас, а арандуюць і гэтым значна спрашчаюць і робяць больш танным кошт оперных пастановак. На думку Уладзіміра, эфектыўна ажыццяўлялася і дэкаратыўнае афармленне оперных спектакляў з выкарыстаннем сучасных Lеdтэхналогій, якія дазвалялі ўзнавіць на сцэне маляўнічыя карціны дэкарацый, што значна спрашчала і паскарала пастановачны працэс. Уладзімір таксама звярнуў увагу на тое, што ў такім невялікім італьянскім гарадку, як Равэна, ёсць оперны тэатр са сваёй старажытнай гісторыяй і традыцыямі, дзе людзі ведаюць і любяць оперу. І, нягледзячы на сцвярджэнне некаторых спецыялістаў аб тым, што італьянская опера губляе папулярнасць, рэальная музычная практыка і бясцэнная спадчына італьянскіх кампазітараў сведчаць пра неверагоднае культурнае багацце гэтай краіны. Таму няма нічога дзіўнага, што нават звычайны таксіст у Італіі можа напяваць папулярныя оперныя арыі. Пасля вяртання з Італіі Уладзіміра Авадка чакала прыемная, надзвычай радасная падзея — нараджэнне сына-першынца, які, магчыма, працягне слаўныя традыцыі музычнай сям’і.

Ларыса ТАІРАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.