Вы тут

Як затрымаць спецыялістаў на вёсцы?


У Віцебскай вобласці плануюць зрабіць многае, каб у глыбінцы хапала кадраў. У прыватнасці, каб стымуляваць працу жывёлагадоўцаў — цяперашніх і будучых, плануюць значна павысіць іх заробкі.


Льготы пры паступленні

Не сакрэт, што на вёсцы не хапае работнікаў, а ў некаторых раёнах і асобна ўзятых гаспадарках — катастрафічна. І праблемная сітуацыя тыповая для краіны. Моладзь у большасці сваёй імкнецца, як той казаў, «зачапіцца» ў буйных гарадах, у сталіцы. І многія выпускнікі ВНУ, інакш кажучы, «касцямі лягуць», а ў вёску не паедуць, ці пакінуць яе як толькі тэрмін адпрацоўкі скончыцца.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў сярод праблем недахопу кадраў адной з галоўных лічыць тое, што гарадскія абітурыенты, якія паступаюць, у прыватнасці ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, прыгарадны аграрны каледж, наўрад ці паедуць у глыбінку.

А насамрэч: бюджэтныя сродкі на навучанне трацяцца, а дзе вынік? Сёння толькі ў жывёлагадоўлі рэгіёна не хапае больш за 500 спецыялістаў.

Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады бачыць рашэнне кадравай праблемы на вёсцы ў «бонуснай» сістэме пры паступленні для вяскоўцаў. Скончыўшы вучобу, яны паедуць туды, дзе ёсць сучасныя фермы і добры заробак. Упэўнены, калі на малой радзіме будуць плаціць у разы больш, чым гарадскім равеснікам, дык не пацягне ў горад.

1500 і болей рублёў у месяц

Ідэі, як павысіць заробкі на вёсцы, агучылі на сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама.

Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Анжаліка Нікіціна расказала пра нюансы таго, як вынікі працы паўплываюць на аплату: колькі змогуць зарабляюць самыя запатрабаваныя спецыялісты, напрыклад, ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі і загадчыкі фермаў, і пазнаёміла з «сеткай» лічбаў плануемых выплат па прагрэсіўнай шкале. Каб не ўдавацца ў дэталі, можна сцвярджаць, што, улічваючы прэміяльныя, зарплата ў цэлым можа дасягнуць 1500 і болей рублёў у месяц. Але і гэта не мяжа.

Прапанову абмяркуюць у раёнах, і пасля гэтага яна будзе зацверджана на абласным узроўні. Плануецца, што аналагічныя меры прадугледзяць таксама для даярак і іншых працаўнікоў вёскі.

Паралельна можна будзе зацікавіць тых, хто з'язджае працаваць за мяжу. Гэтая праблема актуальная на Віцебшчыне, якая мяжуе з Расіяй.

Да таго ж, чаму б гараджанам не пераехаць у вёску, калі там можна зарабіць нават не пяцьсот долараў у эквіваленце, а значна больш? Дарэчы, за пяць гадоў на новае месца жыхарства дзеля работы перасялілі каля 350 сем'яў беспрацоўных.

Адтэрміноўка для маладых спецыялістаў

На пасяджэнні прагучала вельмі цікавая прапанова аб тым, што для маладых аграрыяў, якія працуюць па размеркаванні, неабходна прадугледзець адтэрміноўку ад службы ў арміі. Ідэю губернатар давядзе да кіраўніцтва краіны. Ён упэўнены, што гэта будзе карысна і для войска. Асабліва тых часцей, дзе ёсць тэхніка.

— У прыватнасці, служыць прыйдзе не юнак, без вопыту эксплуатацыі тэхнікі, ды і жыццёвага, а чалавек з дарослай логікай, які ўжо пасталеў — такі падыход, — мяркуе губернатар.

Да тэмы

На Віцебшчыне пачынаюць эксперымент па падрыхтоўцы будучых кіроўцаў сельскагаспадарчых машын.

Акцэнт зроблены на падрыхтоўку, якая адпавядае сучасным патрабаванням. Сярод задуманага — цеснае супрацоўніцтва з вытворцамі тэхнікі. Галоўная мэта, каб хлопцы навучыліся карыстацца новай тэхнікай, што працуе ў полі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.