Вы тут

Дзяўчына-перуанка — аб стажыроўцы, быце i нацыянальных стравах


Калi ў палату заходзiць Лi Сагiра Тэхада, твары пацыентаў святлеюць. Гэтая дзяўчына з далёкай сонечнай краiны выпраменьвае цеплыню, спагаду, дабрыню. «Ну, як вы сёння спалi?» — звяртаецца да аднаго. «Вам трэба лепш есцi, каб хутчэй стаць на ногi», — кажа другому. Некаму паправiць падушку, iншага накрые коўдрай, камусьцi падасць вады. I абавязкова на развiтанне падбадзёрыць: «Не перажывайце, усё будзе добра, вы паправiцеся».


Нашчадак краiны iнкаў

Лi прыехала ў Беларусь з Перу, з горада Куска, якi знаходзiцца ў Андах i на працягу некалькiх стагоддзяў быў сталiцай iмперыi iнкаў. I, вядома, славiцца сваiмi археалагiчнымi помнiкамi.

— У цэнтры Куска — Збройная плошча ў атачэннi будынкаў са скляпенiстымi галерэямi, з разнымi драўлянымi балконамi. Тут жа можна ўбачыць рэшткi сцен, узведзеных iнкамi. У манастыры Святога Дамiнiка, якi надбудаваны над руiнамi храма Карыканча (храм Сонца), захавалася каменная кладка iнкаў, — расказвае пра сваю радзiму дзяўчына.

Лi скончыла Беларускi дзяржаўны медыцынскi ўнiверсiтэт i стажыруецца цяпер у першай Мiнскай клiнiчнай бальнiцы ў аддзяленнi анкалогii.

Спачатку дзяўчына праходзiла падрыхтоўчыя курсы, дзе спасцiгала незнаёмую i складаную для яе рускую мову. Затым вучылася на ўрача-анколага. Цяпер набiраецца практычнага вопыту ва ўстанове аховы здароўя.

— У Беларусi на высокiм узроўнi вядзецца медыцынская падрыхтоўка спецыялiстаў. У мяне былi вельмi добрыя педагогi ва ўнiверсiтэце. У першай клiнiчнай бальнiцы таксама прафесiянальныя ўрачы, якiя шмат чаму мяне навучылi, — дае ацэнку дзяўчына сiстэме падрыхтоўкi кадраў.

— Лi Тэхада вельмi старанная стажорка, упэўнены, будзе добрым анколагам, — лiчыць урач аддзялення малой iнвазiйнай тэрапii Канстанцiн Шышко.

Стаць урачом па анкалагiчных захворваннях Лi хацела з дзяцiнства. Дзяўчына ведала аб пакутах хворых на рак не па чутках. Яшчэ школьнiцай яна працавала валанцёрам у медыцынскiх установах свайго горада. «Анкалогiя — гэта праблема для ўсiх краiн свету. Перу не выключэнне, — канстатуе Лi Сагiра Тэхада. — Праз год я вярнуся дадому, каб дапамагаць сваiм землякам змагацца з гэтай каварнай хваробай. Пакуль не ведаю, дзе буду працаваць. Магчыма, у дзяржаўнай клiнiцы, а можа, у прыватнай». Але гэта для Лi не важна, галоўнае, яна будзе палягчаць боль i пакуты хворых. Будучы медык лiчыць, што ўрач павiнен быць не толькi прафесiяналам сваёй справы, пастаянна вучыцца, спасцiгаць новае, але i ўмець суперажываць пацыенту, быць цярплiвым, выслухаць яго, супакоiць, успрымаць яго боль як уласны. А дрэнны настрой, праблемы неабходна пакiнуць дома.

Акрамя таго, дзяўчына ў якасцi валанцёра наведвае адзiн са сталiчных iнтэрнатаў для дзяцей-iнвалiдаў. З iмi ладзiць розныя гульнi, малюе.

Упершыню ў жыццi ўбачыла снег

— Чаму менавiта прыехалi ў Беларусь набываць спецыяльнасць? — пацiкавiлася ў сваёй суразмоўнiцы.

— Я нават не ведала, што ёсць такая краiна. Лiчыла, што гэта Расiя, — усмiхаецца яна. — Але дапамог разабрацца сябар майго брата, якi вучыўся ў Мiнску. Менавiта ён расказаў, што гэта самастойная, незалежная дзяржава. I мой брат паступiў у Беларускi дзяржаўны полiтэхнiчны ўнiверсiтэт. Пасля заканчэння вярнуўся ў Куска, дзе цяпер працуе iнжынерам. Самае цiкавае, мяне папярэджвалi перад ад'ездам у Беларусь, што з сабой трэба браць куртку, бо тут бываюць халады, мароз, снег. Але я палiчыла, што цёплая куртка гэта — свiтар. Ужо тут, на месцы, купляла ўсё неабходнае, каб не мерзнуць, — успамiнае дзяўчына.

Падчас нашай сустрэчы з Лi на вулiцы iшоў снег. На яе чорныя блiскучыя валасы лажылiся сняжынкi.

— А ў нас трыццаць градусаў цяпла, — з сумам заўважыла яна. — Упершыню ўбачыла снег, калi прыехала ў Мiнск. Холадна, вядома, але я люблю, калi навокал усё бялюткае, вельмi прыгожа.

Сям'я Лi жыве ва ўласным пяцiпавярховым доме: мацi, брат з жонкай i двое малых дзетак. У Мiнску Лi здымае кватэру. Яна сябруе з зямлячкай, таксама перуанкай, замежнымi студэнтамi: ходзяць у кiно, на выстаўкi, гуляюць па горадзе. Але самы лепшы яе сябра — сабачка Бланкiта. Гэтага белага пухнатага шчанюка Лi ўзяла ў прытулку. Бланкiта паедзе з ёй у Перу, Лi зрабiла для яе пашпарт i чып.

Як прызналася Лi, яна вельмi любiць сабак. У яе дома жывуць чатыры «браты нашы меншыя», якiх падабрала на вулiцы. «Мама мне сказала: калi прывязеш яшчэ аднаго, то будзеш з iм спаць на падлозе», — смяецца дзяўчына.

Боршч спадабаўся, а сала — пакуль не пакаштавала

Лi сумуе па радзiме, сваiх родных i блiзкiх. А яшчэ ёй не хапае свежых фруктаў, якiх у Перу мноства вiдаў. Яна згадвае, як з мацi па дарозе ў джунглi рвалi экзатычныя плады проста з дрэў. «Яны растуць, як у вас яблынi ды грушы: у горадзе, абапал дарог», — кажа Лi Тэхада.

Што датычыцца беларускай нацыянальнай кухнi, то Лi падабаюцца дранiкi, блiны. А вось калi ўпершыню дзяўчына ўбачыла боршч, то вельмi здзiвiлася: як можна есцi гэтую чырвоную мешанiну. Але ўсё ж такi рашылася пакаштаваць — аказалася смачна. А халадзец i сала да гэтага часу — нi ў рот.

Дома Лi гатуе ежу сама. Напрыклад, нацыянальную страву севiчэ. Гэтая простая ў прыгатаваннi ежа распаўсюдзiлася па ўсёй Лацiнскай Амерыцы. У залежнасцi ад рэгiёна iнгрэдыенты могуць мяняцца. Аднак аснову складаюць сырая рыба, замарынаваная ў соку лiмона або лайма, морапрадукты: крэветкi, кальмары, васьмiногi. Дадаецца сюды таксама розная зелянiна, востры перац.

За час вучобы i стажыроўкi Лi шмат дзе пабывала: у Брэсце, Вiцебску, Гомелi, Гродне. Але найбольш ёй падабаецца Мiнск з яго шырокiмi вулiцамi, скверамi i паркамi. «У Беларусi жывуць добрыя i гасцiнныя людзi, адкрытыя душой i сэрцам, — лiчыць перуанка. — I я сябе не адчуваю тут чужынкай, аднак клiча да сябе далёкая радзiма — Перу».

Будучы медык лiчыць, што ўрач павiнен быць не толькi прафесiяналам сваёй справы, пастаянна вучыцца, спасцiгаць новае, але i ўмець суперажываць пацыенту, быць цярплiвым, выслухаць яго, супакоiць, успрымаць яго боль як уласны. А дрэнны настрой, праблемы неабходна пакiнуць дома.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля БАСАВА

Загаловак у газеце: «Тут я не адчуваю сябе чужынкай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй.