Вы тут

Калі майстры здымаюць інфармацыйна-асветніцкія фільмы


Вядомы рэжысёр Галіна Адамовіч летась зняла на кінастудыі «Беларусьфільм» дакументальную карціну «Чужое і сваё», якая расказвае пра Беларускі дзіцячы хоспіс і яго дырэктара Ганну Гарчакову. А пасля, ужо для «Першай КінаВідэакампаніі», але таксама «па заказе Міністэрства культуры», аўтар узялася за сугучны матэрыял — дзіцячы аўтызм. Пасля прэм'еры, што адбылася ў кінатэатры «Беларусь» якраз у Сусветны дзень інфармавання аб праблеме аўтызму — 2 красавіка, Галіна Адамовіч, спаслаўшыся на цяжкасць тэм, сказала, што страшэнна рада закрыць гэты кірунак і пераключыцца на нешта іншае. Натуральна, гэта праца наўрад ці была задавальненнем.


Але фільм у рэжысёра на атрымаўся цяжкім. Падалося, быццам здымачная група прыняла на сябе магутны паток, карпатліва яго адфільтравала і рэшткі аддала экрану, з «цяжкага» пакінуўшы толькі эпізод, у якім адна з гераінь — дзяўчынка з аўтыстычным расстройствам — беспрычынна крычыць. Свядома ці не, магчыма, з-за кароткага тэрміну здымак, грашовых пытанняў, уздзеяння нейкіх абставін, фільм «Нашы дзеці» атрымаўся больш інфарматыўным, чым даследчым. Больш павярхоўным, чым паглыбленым у нейкую праблему. Больш сацыяльным праектам, чым аўтарскім кіно.

Дзіцячы аўтызм у карціне Галіны Адамовіч паказваецца не праз уласна дзяцей, а праз інтэрв'ю з тымі, хто іх гадуе: героямі сталі некалькі сем'яў, але на першым плане аказаліся перажыванні, пачуцці і развагі менавіта бацькоў. Трэба сказаць, і персанальныя адкрыцці перад камерай — даволі павярхоўны спосаб пранікнуць у свет сваіх герояў.

Мы трапляем, напрыклад, у сям'ю, якая глядзіць і каментуе знакамітую карціну «Чалавек дажджу», дзе зняліся Дасцін Хофман і Том Круз. Ці да бацькоў, якія бачаць у сваёй дачцэ з аўтыстычным расстройствам талент мастака. Альбо да маладых сужэнцаў, якія лічаць, што без «незвычайнага» сына не сталі б добрымі бацькамі. Больш за ўсё ў фільме (і, напэўна, зашмат) — актрысы Ганны Хітрык, энергічныя выступленні якой пераплятаюцца з аповедамі герояў карціны пра свой вопыт. Яна ж становіцца адной з тых, хто перад камерай раскрывае сваю ўласную гісторыю.

А самі дзеці з аўтыстычным расстройствам тут толькі мільгаюць, у гэтым кіно іх лёгка можа і не быць, бо, падобна, факт іх існавання аўтарам больш цікавы, чым яны самі. Такое размеркаванне акцэнтаў можна цалкам лагічна, этычна і практычна растлумачыць, але ў выніку самае патаемнае, схаванае і незвычайнае застаецца ўбаку дзеля таго, каб проста яшчэ раз расказаць публіцы, што існуюць сем'і, якія гадуюць дзяцей з аўтыстычным расстройствам.

І гэта сапраўды важна, сапраўды — тэма, сапраўды — нават у нейкім сэнсе цікава, але і беларускае грамадства, і тым больш гісторыя дакументальнага кіно даўно перараслі этап, на якім пра аўтызм трэба паведамляць. Калі інфармаванне ў гэтай сферы і патрэбна, а яно, канешне, патрэбна, то гэта дакладна задача не самага дарагога і мудрагелістага віду мастацтва. Тым больш такой ідэі не патрэбна гучнае імя Галіны Адамовіч (прадзюсарам праекта выступіў Віктар Лабковіч, а аўтарамі сцэнарыя — рэжысёр сумесна з Аленай Антанішынай). Пад аўтарствам нашых майстроў дакументалістыкі мы хутчэй павінны бачыць фільмы-даследаванні з тэрмінамі здымак дакладна большымі, чым чатыры месяцы, як было ў выпадку з карцінай «Нашы дзеці».

Што яшчэ знамянальна — пасля прэм'ернага паказу аўтар сцэнарыя Алена Антанішына акрэсліла прадстаўніку Міністэрства аховы здароўя заўважаную ёю праблему, якая датычыцца дзіцячага аўтызму ў Беларусі. Але казаць пра гэта пасля фільма, які не раскрывае і нават мелькам не канцэнтруецца ні на адной з такіх праблем, а працуе, паўтаруся, у інфармацыйным кірунку — неяк недарэчна. Бо менавіта кіно павінна было тымі сродкамі, якімі яно валодае, і тым патэнцыялам уздзеяння на шырокага гледача расказваць пра аўтызм праз даследаванне альбо праз аналітыку і крытыку.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Паведамляць нельга аналізаваць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».