Вы тут

Раім схадзіць


Спектакль «Пан Тадэвуш», творчы вечар Веры Паляковай, дакументальны фільм «Маўрыц Эшэр. Скончыць няскончанае» і выстава «Пеўчыя птушкі і галубы» — афіша «Звязды» з 9 па 15 красавіка.


Спектакль «Пан Тадэвуш»

Дзе: тэатр імя Янкі Купалы (вул. Энгельса, 7)

Калі: 10 красавіка, 19:00

Колькі каштуе: 21 р.

Спектакль «Пан Тадэвуш» пастаўлены паводле вядомага твора Адама Міцкевіча. Паэма, напісаная ў традыцыях рамантызму, расказвае пра каханне, рыцарскую годнасць, штодзённасць старога шляхоцкага побыту. Яе таксама называюць гімнам-успамінам пра вольны край, які спазнаў лёс легендарнай Атлантыды.

Напісаны падчас парыжскай эміграцыі, твор Міцкевіча напоўнены настальгіяй пра мясціны, якія давялося пакінуць. Геаграфічна паэма «Пан Тадэвуш» прывязаная да Навагрудчыны, гістарычнай Літвы, да якой паэт звяртаецца ў першых радках твора. 


Творчы вечар Веры Паляковай

Фота БЕЛТА.

Дзе: КЗ «Мінск» (вул. Кастрычніцкая, 5)

Калі: 10 красавіка, 19:00

Колькі каштуе: ад 10 р.

Вера Палякова — актрыса, спявачка, на працягу трох гадоў вядучая беларускага жаночага тэлешоу «Жыццё як жыццё». Запісала дыск «Актрыса». Песні ў выкананні Веры нязменна гучаць на радыё, займаючы вышэйшыя радкі рэйтынгу. 

Іграе ў аншлагавых спектаклях «Вельмі простая гісторыя», «Апошняя жанчына сеньёра Хуана», «На ўсякага мудраца даволі прастаты», «Сродак Макропуласа». За ролю ў п'есе «N 13» намінавалася на Нацыянальную тэатральную прэмію.

Паспяхова здымаецца ў расійскім кіно. Узнагароджана Спецыяльным прызам ТРА Саюзнай дзяржавы і медалём Саюзнай дзяржавы за ўмацаванне культурных сувязяў паміж Расіяй і Рэспублікай Беларусь, Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за ўклад у развіццё культуры Беларусі. У 2017 годзе ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.


Дакументальны фільм «Маўрыц Эшэр. Скончыць няскончанае»

Дзе: НЦСМ на Някрасава (вул. Някрасава, 3)

Калі: 11 красавіка, 19:00

Колькі каштуе: па квітках на бягучую экспазіцыю

Дыскусійны клуб і адукацыйная праграма BLOWUP Нацыянальнага центра сучасных мастацтваў прапануе для прагляду і абмеркавання дакументальны фільм канадскіх кінематаграфістаў «Маўрыц Эшэр. Скончыць няскончанае» (2007 г.).

Фільм апавядае пра літаграфію знакамітага мастака Маўрыца Карнеліса Эшэра (1898-1972) «Выстава гравюраў» (Print gallery, 1956). Кажуць, што адзін малюнак даражэйшы за тысячу словаў. А як быць з малюнкам, які інтрыгуе многія пакаленні аматараў мастацтва, малюнак, чый патаемны сэнс можна разгадаць толькі з дапамогай тэхналогій, якія яшчэ не існавалі пры жыцці мастака? Гэтая літаграфія, на першы погляд, здаецца звычайнай. У цэнтры яе — пустэча, аднак моц яе ўздзеяння вялікая. Дзякуючы гэтаму малюнку мы разумеем, што мастацтва і навука — два бакі аднога медаля.

Працягласць фільма — 52 хвіліны. 


Выстава «Красавіцкае чараўніцтва»

Дзе: «Мэджык-клаб» (вул. Інтэрнацыянальная, 23)

Калі: па 31 мая

Колькі каштуе: 7 р. — дзеці і студэнты; 8 р. — дарослыя

Інтэрактыўная выстава «Красавіцкае чараўніцтва» прадстаўляе творы мастацтва, інсталяцыі і арт-аб'екты, аб'яднаныя агульнай тэмай містыкі. Наведвальнікаў таксама чакаюць тэматычныя гульні і квэсты.


Выстава «Пеўчыя птушкі і галубы»

Дзе: Выставачная зала музея прыроды і экалогіі Беларусі (вул. Багдановіча, 9а)

Калі: па 3 ліпеня, 10:00-18:00

Колькі каштуе: 7 р. — дзеці і студэнты; 8 р. — дарослыя

На выставе прадстаўлена больш за 40 відаў палявых і лясных пеўчых птушак, дэкаратыўных парод галубоў. Магчыма, вам ўпершыню ўдасца пачуць, як спявае амялушак, і ўбачыць, чым голуб-капуцын адрозніваецца ад нямецкага голуба-бубнача. 

Выстава будзе цікавая як дарослым, так і дзецям, для якіх створана адмысловая інтэрактыўная зона з магчымасцю памаляваць.


Выстава «Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі»

Дзе: музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр-т Незалежнасці, 116)

Калі: па 20 красавіка, 10:00-19:00

Колькі каштуе: па чытацкім білеце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — бясплатна, па пропуску разавага наведвання — 1 р.

На выставе дэманструюцца знакамітыя буквары і азбукі XVI–ХХІ стагоддзяў: розныя па складзе, графіцы, мастацкім аздабленні, педагагічных прыёмах навучання чытанню і пісьму.

Сярод экспанатаў прадстаўлены адны з самых старажытных айчынных кніг для навучання. Сярод іх — і знакамітыя буквары з праваслаўных манастыроў, і малавядомыя выданні для ўніятаў і старавераў. 

Асаблівую цікавасць прадстаўляюць беларускія падручнікі для навучання чытанню пачатку ХХ стагоддзя: беларускія лемантары і чытанкі Каруся Каганца, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Янкі Станкевіча, Леанілы Гарэцкай і інш. Шмат нечаканага кожны наведвальнік можа знайсці ў беларускіх савецкіх букварах перыяду ліквідацыі непісьменнасці, у заходнебеларускіх букварах, выданнях беларускай дыяспары за мяжой.


Выстава «Вясна, кветкі і пацалункі або вясновая ліхаманка»

Дзе: НЦСМ на Някрасава (вул. Някрасава, 3)

Калі: па 21 красавіка

Колькі каштуе: 3 р., школьнікі, студэнты дзённай формы навучання і члены творчых саюзаў (пры прад'яўленні пасведчання) — 2 р., пенсіянеры і дзеці да 5 гадоў — бясплатна

Якая ж вясна без рамантычных пачуццяў, спатканняў і пацалункаў? Менавіта ўвесну здараюцца самыя яркія і незабыўныя сустрэчы, адраджаюцца пачуцці. Каму, як ні мастаку, роўна як і паэту, музыканту, рэжысёру, харэографу, выразнымі сродкамі мастацтва дадзена перадаць невымоўнае.

Прадстаўленыя на выставе аўтары, сярод якіх Васіль Касцючэнка, Уладзімір Кожух, Аляксандр Ксяндзоў, Руслан Вашкевіч, Антаніна Слабодчыкава, Ганна Сілівончык, у сваёй творчасці даследуюць гэтую вобласць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.