Вы тут

Сусветная вайна Максіма Гарэцкага


Яго героі заўсёды ў змаганні. Для іх самае страшнае — звыкнуцца з той жудаснай рэчаіснасцю, якая іх акаляе. Тут заалогія пачуццяў падпарадкоўвае сабе паэзію думак, а мары пра ўсеагульную нацыянальную свядомасць беларусаў выглядаюць па-дзіцячы неразумнымі, такой жа недарэчнай уяўляецца літаратура пісьменнікаў-«нашаніўцаў». Недарэчнай, бо ўносіць сваім падкрэсленым ідэалізмам яшчэ большы дысананс у асэнсаванне рэальнасці.


Максім Гарэцкі ў шпіталі.

Героі Максіма Гарэцкага лічаць, што навакольны свет нічым не розніцца ад моташных палотнаў Франсіска Гоі альбо Ота Дыкса. Для іх страшна не жыццё сярод д’яблаў, а іншае: ёсць небяспека самім незаўважна ператварыцца ў такіх самых пачвар.

У аповесці «На імперыялістычнай вайне» пісьменнік з найбольшай творчай выразнасцю паказвае гэты страх і спосабы яго пераадолення. Галоўны герой, Лявон Задума, трапляе на Першую сусветную вайну і ўсімі сіламі стараецца, кажучы словамі класіка, не быць «скотам». Гарэцкі малюе захапляльны ў сваёй абвостранай трагедыйнасці двубой паміж пякельнай рэчаіснасцю (яна ўспрымаецца як жывая істота) і Задумам.

Тут, сярод штодзённых баёў, рабункаў, мыта, курганоў «сініх трупаў», брудных кішак, якія вывальваюцца з разарваных жыватоў і як быццам цягнуцца да цябе, хочуць задушыць, вельмі лёгка (і выратоўча) гвалціць у адказ, рабаваць, выганяць пад абстрэл з акопу слабейшага, каб злучыў парваны тэлефонны дрот, а самому ад страху навальваць у тым жа акопе гурбу за гурбай (менавіта так пісаў М. Гарэцкі. Ён меў на ўвазе фізіялагічную патрэбу. — В. Д.-М.), каб пасля атрымаць Георгіеўскі крыж. Вельмі лёгка стаць такім, як і ўсе. І за гэта ніякага пакарання. Бо як жа іначай на вайне?

Герой спрабуе ратавацца беларускай літаратурай. Але вершы Ясакара, у якіх выяўленне жудасцяў вайны патанае ў сытай кабінетнасці (бо аўтар «ніколі не сядзеў у акопах»), расчароўваюць. Артыкулы Янкі Купалы, прысвечаныя вайне, паводле Лявона Задумы, — «пераліванне з пустога ў парожняе».

Родная літаратура не дапаможа. І спадзявацца на гэта неразумна. Максім Гарэцкі ці не першы з нашых пісьменнікаў, хто пісаў аб тым без ніякіх ілюзій. Жахі акопнага жыцця змяняюцца для героя кашмарам шпітальнага бытавання. Задуму ўсяго працінае страшны, бясконцы, розны па сіле і напоры фізічны боль. І апісана гэта з такой гіперрэалістычнай выразнасцю, што пачынаеш неўзабаве адчуваць і сам: «тысячы іголак», бы раз’юшаныя восы, упіваюцца ў тваю нагу, дабіраюцца ажно да самай косткі.

Калі частку, прысвечаную вайне, можна назваць своеасаблівым пеклам, то шпіталь — чысцец. Тут знявечаназвар’яцелыя героі апанаваныя невыноснымі ўспамінамі аб здзейсненых забойствах, знаходзяцца ў пакутлівым чаканні. У кожнага быў свой раман з вайной. І кожны заслужыў сваё. Аднаго паціху і няспешна забірае ў абдымкі гангрэна, другі (не маючы ніякіх фізічных ран) з такой жа няўмольнасцю едзе з глузду. Па сутнасці, ні ў кога тут няма ціхай спакойнай смерці. Кожны крычыць, якоча, імкнецца заявіць аб сваім нежаданні сыходзіць у нябыт. Але марна.

Задуму пашанцавала. Ён адзін з нямногіх, каго вайна адпусціла. Лявон едзе на радзіму.

Ці можна сказаць, што пасля пекла і чыстца Гарэцкі, пашкадаваўшы свайго героя, адправіў яго ў рай? Каб у гэтай аповесці быў іншы аўтар, то — безумоўна.

Але не забывайма: Максім Гарэцкі — гэта пісьменнік, які не мае ніякіх ілюзій. Так, боль цела праходзіць, але ён змяняецца... болем душы.

Першабытна-ўбогае бытаванне сям’і Лявона Задумы (пад сям’ёй разумей тут увесь беларускі край), бруд, злосць, беспрасветнасць і нежаданне хоць што-небудзь змяніць, дзікунская самаўпэўненасць, што менавіта так, сярод гною, гнілля, смаркатасці можна і трэба жыць — самае цяжкое выпрабаванне для беднага Задумы.

На вайне ён мог паразумецца і знайсці агульную мову ці не з кожным. Але з роднымі гэта немагчыма.

Нават у самых жудасных баях Лявон не забіў і прусака. Тут жа яго агортваюць раптоўныя прылівы лютай, нематываванай жорсткасці (гэтак блізкай многім персанажам з іншых твораў пісьменніка). Ён б’е ў жывот любімага сабаку, крыўдзіць маці, ламае крыло голубу, а затым хапае бедную птушку за лапкі і з усяго размаху шпурляе ў сцяну...

Ціхая, вонкава спакойная радзіма аказалася страшнейшай за вайну (з яе вывернутымі кішкамі), больш жудаснай за шпіталь (з пролежнямі і марудным кананнем).

Максім Гарэцкі ізноў першы сярод беларускіх літаратараў выказвае дастаткова смелую, нават і для сённяшняга нашага ўспрыняцця думку, што менавіта «родная старонка» можа аказацца для такіх вось ідэалістычных Лявонаў Задумаў тым сапраўдным пеклам, якое здольнае ператварыць іх у тое, чаго яны больш за ўсё баяліся — у пачварных герояў палотнаў Франсіска Гоі альбо Ота Дыкса.

Ці змог уратавацца Лявон Задума?

У сваёй аповесці Гарэцкі пакінуў адкрыты фінал.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».