Вы тут

Адкуль бяруцца пачуцці да айчыннай дакументалістыкі?


Стаўленне да дакументальнага кіно ў нашай краіне цяпер можна параўнаць са «Стакгольмскім сіндромам». Спачатку гледача трэба зацягнуць у кінатэатр, пасадзіць у фатэль, уключыць фільм. Хутчэй за ўсё, падабацца будзе не адразу: аўдыторыя, якая прывыкла да галівудскіх блакбастараў ды расійскіх меладрам, не ацэніць высокае мастацтва рэальнасці. Але потым глядач сам не разумее, як да яго прыходзяць пачуцці. Нездарма арганізатары дакументальных фестываляў (у тым ліку і ў Беларусі) прызнаюцца, што калі чалавек прыйшоў на паказ дакументальнага кіно, то вернецца яшчэ. Так першапачаткова «Стакгольмскі сіндром» перарастае ў сапраўдную любоў, шанаванне ды гонар за дакументалістыку. У нашай краіне такіх выпадкаў, на жаль, адзінкі, але папулярнасць неігравога кіно ў свеце рана ці позна давядзе гэты трэнд і да нас. А пакуль вы рыхтуецеся палюбіць дакументалістыку, варта згадаць, што знялі беларускія рэжысёры неігравога кіно студыі «Летапіс» за мінулы год.


Кадр з фільма «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам» (рэж. В. Дашук).

Мяжа блізкасці

Па даных рэдактара студыі дакументальнага кіно «Летапіс» Уладзіміра Мароза, летась агулам знялі 19 фільмаў. З іх 4 — хронаметражом амаль у гадзіну, астатнія — ад 13 да 40 хвілін. У бягучым годзе кіраўніцтва кінастудыі плануе павялічыць колькасць дакументальных фільмаў да 25 адзінак. Такую лічбу трэба лічыць малой ці вялікай? Напэўна, гэта наогул немэтазгодна, бо на першым плане ўсё ж якасць, а не колькасць. Большасць стужак, знятых за 2017 год, — заказы дзяржавы. Напрыклад, карціна «Беларусь — Малдова», прымеркаваная да 25-гадовага юбілею ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі, «Чэкісты Міншчыны» — фільм, прысвечаны аднаму з аддзелаў КДБ, гісторыя якога пачалася ў 1918 годзе, некалькі стужак, якія Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка замовіў «Беларусьфільму», каб адзначыць унёсак дзеячаў культуры — намінантаў на Дзяржаўную прэмію — у развіццё гэтай важнай сферы.

Але, безумоўна, ёсць кіно, якое рэжысёры здымаюць па ўласных задумах, і адзін з прыкладаў — «Чужое і сваё» Галіны Адамовіч (якая зняла ў тым ліку 2 стужкі па замове: «Дакументаліст» пра рэжысёра Анатоля Алая ды «Поспех» пра спектакль «Сівая легенда» Вялікага тэатра оперы і балета). На працягу 8 месяцаў здымак рэжысёр шмат плакала, бо выбрала складаную, нават невыносную тэму: расповед пра невылечна хворых дзяцей у хоспісе. Адамовіч расказвала, што медсёстры яе «ацвярожвалі» — казалі, што слёзы тут непатрэбныя, бо чым дапамогуць? Гераіня фільма Ганна Гарчакова працуе дырэктарам дзіцячага хоспіса, штодня сутыкаецца з чалавечымі расчараваннямі, але дакладна не слабасцямі. За гады працы жанчына ўбачыла, спазнала на сабе, якімі моцнымі могуць быць людзі, якую жорсткую барацьбу вядуць з несправядлівым светам. Галіна Адамовіч сваім фільмам не проста ўздымае тэму супрацьстаяння жыцця і смерці, а больш за тое — не баіцца прызнаць непазбежнасць смерці, кажа пра яе не са страхам, а хутчэй з празрыстай маўклівасцю.

«Чужое і сваё» — своеасаблівы працяг тэмы стужкі «Імгненні радасці» Басава, знятай яшчэ ў 1993 годзе. Галіна Адамовіч называе сваё кіно спробай навучыць гледача задаваць сабе няёмкія пытанні ды шукаць на іх адказы. Напрыклад, адно з такіх пытанняў задае і гераіня фільма Ганна Гарчакова: «Як ты хочаш памерці?». Стужка ў выніку дазволіць гледачу зразумець, што фінал непазбежны, што чужыя праблемы могуць стаць нашымі, што трэба заўсёды ставіць сябе на месца іншага. Акрамя трагічнага, кіно Адамовіч стварае цэлы сусвет прыемных вібрацый — распавядае пра людзей, якія неабыякавыя да чужых пакутаў.

 Вясковая Атлантыда

Рэжысёр Юрый Цімафееў зняў 2 фільмы — «Святое, незабыўнае...» пра аркестр імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца і «Агмень», які запрашае гледача ў падарожжа па беларускай глыбінцы. У нейкіх момантах «Агмень» перагукаецца са стужкамі Дзмітрыя Махамета, які любіць разважаць пра смерць вёскі, але ўсё ж «Агмень» — гэта ўнікальная гісторыя. Па сюжэт рэжысёр паехаў у Ганцавіцкі раён у вёску Лактышы (побач нарадзіўся і сам Цімафееў), дзе існуе адзін з самых незвычайных беларускіх музеяў — «Музей АнтыБахуса», які яшчэ называюць пакоем прапаганды здаровага ладу жыцця: яго экспанаты — шкляныя бутэлькі з-пад алкаголю. І гэта, напэўна, ледзьве не адзіная «актыўнасць», якая ёсць у вёсцы. Жыхары кажуць, што Лактышы паміраюць, выглядаюць нібы Прыпяць, але ў другім выпадку хоць вядома, што стала з горадам. У Лактышах няма школы (бо на ўсю вёску — некалькі дзяцей), няма забаў, акрамя ўласнастворанага клуба, дзе калі-нікалі мясцовыя жыхары штосьці арганізоўваюць. Рэжысёр распавядаў, што здымалі «Агмень» вельмі хутка — менш за паўгода, бо чаго зацягваць? Жыццё ў вёсцы аднолькавае штодня (пагаджаюцца з гэтым і жыхары), адзіныя змены — пахаванні, якіх за час здымак было шэсць. Кіно не дае ніякіх адказаў, але паразважаць над тым, што адбываецца з беларускай правінцыяй сёння, дакладна прымушае.

Выйшла і доўгачаканая стужка Віктара Аслюка «Беларуская Атлантыда» (акрамя яе, у 2017 годзе рэжысёр зняў фільм «Янка Купала»). Згодна з сінопсісам, карціна распавядае пра «наступствы глабалізацыі», ды насамрэч у фільме можна знайсці цэлае кола тэм. Але найперш пра форму: «Беларуская Атлантыда» акрамя ўласна здымак Аслюка спалучае ўспаміны аб мінулых фільмах: ёсць кадры з «Крэўскага замка» Вольгі Дашук, з «Кола» Віктара Аслюка, часам некаторыя кадры нагадваюць «Саламанку» Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак. Але «Беларуская Атлантыда» — гэта самабытнае падарожжа па чалавечым жыцці ды светаўспрыманні, якое не дапаможа спасцігнуць ніякі штучны інтэлект.

Герой стужкі — Сяргей Бандарэнка. Ён прадае гліняныя сувеніры ля руін замка, сам гэтыя сувеніры стварае (такі сямейны бізнес), але ў яго ёсць амбітная мара — стварыць копію Крэўскага замка (у маштабе 1:10) і зрабіць яе славутасцю, куды б прыязджалі турысты. Пакуль жа ідэя Бандарэнкі выклікае ў суседзяў пытанні (ён што, царкву тут будуе?) і не выклікае разумення, што рамеснік хоча вярнуць гістарычны помнік у сучаснасць. У «Беларускай Атлантыдзе» наогул шмат супярэчнасцяў: рэжысёр параўноўвае сучаснасць з мінулым праз цікавыя кадры. Вось хлопчык размахвае мячом на фоне руін славутасці, дзе калісьці разграмілі «фанатызм крыжакоў»; вось сучасныя ветраныя млыны ствараюць энергію, а на іх фоне па вясковай дарозе едзе дзядуля на старажытным возе з канём; вось турысты сядзяць на руінах замка, фатаграфуюцца з рэшткамі калісьці моцных муроў, не разумеючы сёння іх значнасці (дарэчы, падобныя кадры паказваў ужо Сяргей Лазніца ў «Аўстэрліцы»).

Менавіта пра такую глабалізацыю і спрабуе сказаць гледачу Аслюк, але разам з тым знаходзіць і некранутае. Здымкі лесу ў стужцы нагадваюць экзатычную Танзанію — настолькі сакавітую зеляніну знайшоў рэжысёр! Гэты лес у выніку аказваецца могілкамі са старажытнымі надпісамі на камянях... Аслюк знаходзіць герояў, якія расказваюць легенды пра скарбы Напалеона ды пра тое, як калісьці па гэтых дарогах нібыта ездзіла Кацярына Вялікая. Рэжысёр паказвае ўрадлівую зямлю, дрэвы, якія ломяцца ад яблыкаў, дождж, што прынясе ўраджай, — словам, «Беларуская Атлантыда» цалкам адпавядае сваёй назве, толькі наша — зусім не міфічная.

Урокі краязнаўства

Вольга Дашук зняла стужку «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам», з якой брала ўдзел у фестывалі «Лістапад». Герой выбраны, зразумела, невыпадкова. Ён — «мэтр беларускай фатаграфіі» і «жывы класік фотаанімалістыкі», адзін з самых вядомых беларускіх фатографаў, краязнаўца. Каго, калі не Плыткевіча, можна назваць сапраўдным патрыётам? Ён ездзіць на фотапаляванне не дзеля таго, каб за прыгожы кадр пасля атрымаць грошы — ездзіць па рэальнае жыццё. І Вольга Дашук паказала гэтую шчырую любоў свайго героя да прыроды — у іх з Плыткевічам гэта ўзаемна. Ён здымае жывёл, птушак ды дрэвы, а вакол круціцца сабака, які толькі і чакае, каб «паразмаўляць» з фатографам на сваёй мове. Адзін з самых важных момантаў, якія перадае стужка Дашук, — зліццё яе героя з прыродай, іх узаемаразуменне. Сапраўды, складаецца ўражанне, быццам Плыткевіч валодае мовай прыроды (размаўляе з птушкамі), зліваецца з ёй (у камуфляжы гэта досыць лёгка).

Вольга Дашук здолела паказаць не непрыступнага чыноўніка Плыткевіча, які кіруе выдавецтвам і аб’яднаннем «Фотамастацтва» ды з’яўляецца старшынёй Клуба фатографаў дзікай прыроды, а менавіта фатографа ды аматара прыроды, Плыткевіча-чалавека, які задаволены тым, што яшчэ не ведае Беларусь як свае пяць пальцаў і тут ёсць, дзе заблукаць ды праваліцца. Напэўна, такім і павінна быць кіно пра чалавека — не замовай, дзе абавязкова будзе закадравы тэкст ды звесткі з біяграфіі, а эмоцыяй самога героя! Гэта робіць кіно жывым, герой прызнаецца: «Я бачыў усе славутасці і зафіксаваў іх. І я спрабую паказаць лепшыя бакі Беларусі, я і краязнаўца, і рэкламіст».

Разам з Плыткевічам здымачная група падарожнічае па Беларусі, бачыць неверагоднай прыгажосці пейзажы, вучыцца майстэрству краязнаўчай фатаграфіі ды здымае прыроду ў руху. Герой дае неацэнныя ўрокі: кажа, што вобраз у фатаграфіі павінен чытацца, адзначае, што абавязкова трэба крочыць за этыкай — аналізаваць, што можна ці нельга паказваць. Магчыма, у фільме «Чалавек з фотаапаратам» герой сябе не пазнае, не прызнае, бо многага там не сказана ды не паказана. Але для таго, каб зразумець асобу не біяграфічна, а пачуццёва, стужка Вольгі Дашук пасуе: у ёй ёсць важны момант зліцця чалавека з прыродай, адчуванне не працы, а прызвання, эстэтыка натуральнай чалавечай любові — усё, што так дорага галоўнаму герою.

Менавіта такое кіно прывівае гледачу любоў да дакументалістыкі. Бо, вядома ж, фільмы мы любім у першую чаргу вачыма. І беларускі дакументальны кінематограф можа спадзявацца тут на ўзаемнасць. Але хочацца, каб да гледача прыйшло разуменне, што неігравыя карціны — гэта не забава, якая выдатна спалучаецца з папкорнам, а мастацкае выказванне, нават каштоўнасць, бо злавіць рэальнасць за хвост — дарагога каштуе. Таму лавіць за такі самы хвост трэба і беларускую дакументалістыку, якую ў кінатэатрах, на жаль, амаль не паказваюць.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.