Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра развязку чэмпіянату краіны па хакеі, вынікі таварыскіх матчаў гандбольнай зборнай і другі тур чэмпіянату Беларусі па футболе.


1. Хакеісты «Нёмана» абаранілі тытул чэмпіёнаў Беларусі ў экстралізе, абыграўшы ў шостым матчы фінальнай серыі плэй-оф мінскае «Юнацтва» — 3:2 (вынік фінальнай серыі 4:2)

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў каманду хакейнага клуба «Нёман» з упэўненай і прыгожай перамогай у адкрытым чэмпіянаце Беларусі па хакеі з шайбай у экстралізе сезона-2017/2018 і заваяваннем Кубка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Гэта дасягненне — вынік сур'ёзнай працы не толькі спартсменаў, але і ўсіх спецыялістаў і трэнераў, якія забяспечвалі неабходныя ўмовы для паспяховага выступлення каманды. Ва ўпартым і напружаным супрацьстаянні з мінскім «Юнацтвам» вы даказалі, што ў шэрагах «Нёмана» сабраліся сапраўдныя майстры, здольныя на працягу ўсяго сезона захоўваць выдатную спартыўную форму, байцоўскія якасці і нацэленасць на вынік», — гаворыцца ў віншаванні.

Камандзе хакейнага клуба «Нёман» Аляксандр Лукашэнка пажадаў моцнага здароўя і новых перамог.

— У вырашальнай стадыі барацьба за ганаровы трафей аказалася вельмі цяжкай. У шостым матчы, лічу, мы мелі перавагу, зрабілі правільныя высновы пасля паражэння ў Гродне. Адзначу, што чэмпіёнства заўсёды трохі прасцей заваяваць, чым яго адстаяць. Нам гэта ўдалося, — адзначыў пасля матча галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў.

— Каментарыяў у мяне няшмат: перамагае наймацнейшы. «Нёман» быў нацэлены на перамогу, змагаўся, закідваў. А ў нас, на жаль, многія так і не зразумелі, што гэта плэй-оф, — сказаў Міхаіл Захараў, рулявы «Юнацтва».

Кубак Прэзідэнта ўручылі гродзенцам на «Чыжоўка-Арэне» міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук і старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Сямён Шапіра.

Адзначым, што для хакейнага клуба «Нёман» гэта сёмы тытул у гісторыі. Раней каманда з Гродна станавілася пераможцам чэмпіянату ў 1998, 1999, 2001, 2013, 2014, 2017 гадах. Каманда Сяргея Пушкова трэці раз прыме ўдзел у хакейнай Лізе чэмпіёнаў, дзе выступіць і мінскае «Юнацтва», што атрымала права згуляць у гэтым прэстыжным турніры, выйграўшы ў студзені Кантынентальны кубак.


2. Гандбалісты зборнай Беларусі няўдала правялі таварыскія матчы ў гасцях у каманды Славеніі

У першай сустрэчы ў Трбоўле беларусы саступілі з лікам 29:35, а ў другой у горадзе Лашка — 23:27.

— Мы засмучаны, што двойчы прайгралі. Але я задаволены, што такія матчы ў нас былі. Яны прымушаюць праяўляць характар, вучаць дзейнічаць супраць агрэсіўнай жорсткай абароны, якую прымяняе зборная Славеніі, — каментуе вынік галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў. — Былі сур'ёзныя агрэхі ў абароне, выкліканыя тым, што мы даволі даўно не гулял і сёе-тое з ранейшых напрацовак прыйшлося аднаўляць на хаду. Перад паўторным матчам мы паспелі патрэніравацца, грунтоўна папрацавалі з відэа. Таму і гульня па змесце атрымлівалася значна лепшай.

Нагадаем, за права гуляць на чэмпіянаце свету ў 2019 годзе наша зборная ў чэрвені пазмагаецца з гандбалістамі з Аўстрыі.


3. Завяршыўся другі тур чэмпіянату краіны па футболе

Мінскае «Дынама» і «Іслач» разышліся мірам — 0:0, «Мінск» саступіў БАТЭ — 0:2, «Дняпро» (Магілёў) перайграў «Гомель» — 1:0, «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) з такім жа лікам перамог «Смалявічы» — 1:0, «Віцебск» быў мацнейшы за «Шахцёр» (Салігорск) — 2:1, матч «Слуцка» і «Нёмана» (Гродна) скончыўся з лікам 1:1, «Тарпеда» (Мінск) перайграў «Гарадзею» — 1:0, «Дынама» (Брэст) быў мацнейшы за «Прамень» (Мінск) — 2:1.

Загаловак у газеце: Не толькі заваяваць, але і адстаяць

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.