Вы тут

Павел Башкін: Пасля Іспаніі я прыехаў у Беларусь і задаволены


Павел Башкін — ураджэнец Астрахані, у мясцовым гандбольным «Дынама» і пачалася яго кар'ера. У 2004-м разам са зборнай Расіі ён стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў, а праз два гады адправіўся на легіянерскі хлеб спачатку ў Славенію, у тамашні клуб «Гарэнне», а затым у іспанскі «Лагронья». У 2010-м Башкіну паступіла прапанова ад брэсцкага БГК імя Мяшкова. Павел даў згоду. І вось ужо восьмы год ён жыве і працуе ў Беларусі. Яго гульнявая кар'ера ўжо ў мінулым, зараз Павел Яўгенавіч — спартыўны дырэктар аднаго з найлепшых клубаў краіны. Чаму ён вырашыў застацца ў Брэсце і ці стаў гэты горад яму родным, чым адрозніваюцца беларусы ад расіян і з якімі пачуццямі Павел успамінае Алімпіяду, ён расказаў у сваім інтэрв'ю.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

— У Беларусь вы пераехалі 8 гадоў таму, былі раней знаёмыя з Брэстам?

— Яшчэ са школьных часоў ведаў пра Брэст і яго знакамітую Брэсцкую крэпасць, а таксама пра Белавежскую пушчу. Калі мяне паклікалі ў БГК, у клубе працаваў трэнер, пад кіраўніцтвам якога я гуляў да ад'езду ў свой першы замежны калектыў — «Гарэнне». Менавіта Аляксей Пчалякоў запрасіў мяне, калі БГК спатрэбіўся гулец на пазіцыю правага крайняга. У той час якраз заканчваўся кантракт у Іспаніі, дзе я, нягледзячы на траўмы, з-за якіх прапускаў гульні, быў у спісе найлепшых бамбардзіраў унутранага чэмпіянату. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ўжо тады ставіў перад сабой амбіцыйныя задачы, менавіта гэта адыграла ролю пры маім выбары.

— Якія першыя ўражанні засталіся ад горада, бо да гэтага вы шмат часу правялі ў Еўропе.

— Вядома, Брэст адрозніваецца ад еўрапейскіх гарадоў: архітэктурай, планаваннем гарадской прасторы, ладам жыцця гараджан. У той жа час Брэст, як і Беларусь у цэлым, вылучае высокі ўзровень бяспекі — тут, напрыклад, не перажываючы, адпускаюць дзяцей гуляць. У камандзе я таксама адаптаваўся хутка і адчуў камфортную атмасферу.

— Расіяне і беларусы моцна адрозніваюцца адзін ад аднаго?

— Калі ўзяць балканцаў або іспанцаў і нас, славян, то можна казаць пра нейкія адрозненні, а вось у беларусаў і расіян, мне здаецца, усё ж больш агульнага. Калі ўсё ж такі параўноўваць, то беларусы, напэўна, больш працавітыя, цярплівыя, больш увагі аддаюць добраўпарадкаванню сваёй тэрыторыі, сочаць за сваімі дамамі і садамі. Тут заўсёды дагледжана і акуратна.

— Ці можна сказаць, што Брэст стаў для вас родным?

— Вядома! І горад, і каманда даўно сталі роднымі. У мяне пакуль няма планаў з'язджаць. Хоць я заўсёды вельмі лёгка пераязджаў з краіны ў краіну.

— А як успамінаеце гады жыцця ў Славеніі і Іспаніі?

— Этап у Славеніі — мой першы замежны вопыт. Здзівіла стаўленне гульцоў да спорту, да сваіх прафесійных абавязкаў. Калі казаць пра заняткі па фізічнай падрыхтоўцы, то там не патрэбны трэнер, у кожнага ёсць свой план работы: гульцу паставілі задачу, і толькі ён сам сябе кантралюе. Гэта адрознівае нас ад еўрапейцаў: нашы ўсё ж спрабуюць «згультаяваць», таму маюць патрэбу ў кантролі. Што датычыцца побыту, то ў Славеніі людзі атрымліваюць асалоду ад жыцця, выдатнага камфортнага клімату, спакойна плануюць свой адпачынак на год наперад, таму што ўсё роўна і стабільна.

Іспанія — гэта зусім іншая краіна, яна адрозніваецца тым, што людзі, якія прыязджаюць туды жыць, інтэгруюцца ў культуру, яны выконваюць мясцовыя традыцыі, час прыёму ежы, гэта значыць, падладжваюцца пад мясцовых. Што, напрыклад, не характэрна для Германіі, куды прыязджаюць нашы суайчыннікі і ладзяць свае вячоркі, па-свойму святкуюць Новы год, ёсць рускія крамы. Для мяне Іспанія — гэта самая лепшая краіна для жыцця. Мора, сонца, горы, ежа — усё быццам створана для таго, каб атрымліваць асалоду. Хоць менавіта пасля Іспаніі я прыехаў у Беларусь і задаволены, што так склалася маё жыццё.

— Вы ведаеце шмат моў?

— У нас інтэрнацыянальная каманда, і ў сілу сваіх прафесійных абавязкаў я часта кантактую як са сваімі гульцамі, так і з прадстаўнікамі гандбольных ліг, клубамі, агентамі. Свабодна размаўляю, вяду перапіску на балканскіх мовах — славенскай, сербскай і харвацкай, разумею македонскую, яны ў прынцыпе падобныя, але ёсць асаблівасці. Напрыклад, калі славенцы разумеюць харватаў, то харваты славенцаў — не. Даволі хутка — недзе за паўгода — асвоіў іспанскую. Безумоўна, не абыходзіцца і без англійскай.

— А што з беларускай?

— Думаю, працэнтаў на 80 я разумею беларускую мову. БГК актыўна прасоўвае родную мову, выкарыстоўваючы ў рэкламных кампаніях, сацыяльных праектах, нават здымалі відэаролік, дзе разам з салістамі легендарных «Верасоў» гульцы каманды праспявалі знакамітую «Завіруху». Да таго ж я гляджу некаторыя спартыўныя трансляцыі з каментарамі на беларускай мове.

— Якія моманты сваёй гульнявой кар'еры ўспамінаеце часцей за ўсё?

— Больш за ўсё запомніўся чэмпіянат свету ў Тунісе, чэмпіянат Еўропы ў Славеніі. Алімпійскія гульні — сур'ёзная падзея, якая здараецца не ў кожнага спартсмена ў кар'еры, але мне пашанцавала. Прыходзіць у галаву і маладзёжны чэмпіянат свету ў Катары. Калі казаць пра клубныя выступленні, то знакавым момантам стаў фінал Кубка ЕГФ супраць "Барселоны", тады я выступаў за "Дынама" з Астрахані.

— Са зборнай Расіі вы атрымалі медаль Алімпійскіх гульняў — 2004, але на пляцоўцы не згулялі. Гэта пакінула дваякае ўражанне аб турніры?

— Я лічу, што нават трапіць у алімпійскую каманду — ужо заслуга, таму што туды бяруць усяго 15 гульцоў. Я быў менавіта тым 15-м чалавекам, які не трапляў у заяўку, але чакаў свайго часу. Тады мне перашкодзіла траўма, партнёры па камандзе супакойвалі, маўляў, алімпійская зборная — гэта ўжо крута. Сёння я сапраўды спакойна стаўлюся да гэтай сітуацыі, рады, што ўдалося пабываць на найбуйнейшым сусветным турніры, убачыць многіх зорак спорту, алімпійскую вёску, наогул, зразумець, як уладкавана Алімпіяда. Гэта ўнікальны вопыт.

— Вы завяршылі кар'еру з-за траўмы?

— Так, як і большасць гульцоў. Гэта быў другі год майго знаходжання ў Брэсце. У сярэдзіне сезона стаў адчуваць, што цела не дазваляла рабіць тое, што хацелася галаве. Для ўсіх спартсменаў заканчваць кар'еру цяжка, думаю, усе спрабуюць адтэрмінаваць свой сыход. Мне пашанцавала, таму што атрымаўся вельмі добры пераход ад гульца да спартыўнага функцыянера. На той момант я ўжо асталяваўся ў Брэсце, палюбіў гэты горад, прыкіпеў да клуба і пераязджаць не хацелася. Удзячны клубу за магчымасць застацца ў прафесіі і працягнуць займацца любімай справай.

— Падымацца па кар'ернай лесвіцы вы пачалі даволі хутка.

— Пасля таго як перастаў гуляць, пачынаў з пасады адміністратара каманды, паралельна дапамагаў у трэніровачным працэсе галоўнаму трэнеру Астраўскасу, а праз год стаў спартыўным дырэктарам. Не магу сказаць, што гэты пераход даўся мне лёгка. Проста я імкнуся хутка вучыцца і адаптавацца да новых умоў.

Галоўны мой абавязак сёння — гэта падбор кадраў для асноўнай каманды і рэзерву. Акрамя таго, я займаюся арганізацыйна-бытавымі пытаннямі дзейнасці каманды: падчас выязных матчаў і вучэбна-трэніровачных збораў на мне ўся лагістыка — ад аўтобуса да чартара, а таксама пражыванне, харчаванне, арганізацыя трэніровак і рашэнне іншых пытанняў.

Працы папраўдзе шмат, і яна вельмі напружаная. Лічу, што чалавеку, які знаёмы з гандболам знутры, такой працай займацца правільней, бо ён ведае, што трэба спартсменам, які адпачынак, якая нагрузка, як прасцей адаптавацца да пераездаў і пералётаў. Гэты сезон наогул стаў асаблівым і дзіўным, таму што БГК выступае адразу ў трох турнірах: Лізе чэмпіёнаў, SЕHА Gаzрrоm Lеаguе і чэмпіянаце Беларусі. З улікам таварыскіх матчаў колькасць праведзеных паядынкаў да канца сезона складзе восем дзясяткаў!

— Сёння многія менавіта Брэст называюць гандбольнай сталіцай Беларусі.

— І я з гэтым згодзен! Альтэрнатывы няма.

— Як гэтага атрымалася дасягнуць?

— У першую чаргу мы сталі больш старанна падбіраць якасных гульцоў і трэнерскі склад. Зразумела, што тут працавалі розныя спецыялісты: і літоўцы, і расіяне, і харваты. Яны многае прыўносілі ў клуб. Удзел у SЕHА-лізе паспрыяў развіццю клуба, БГК сталі пазнаваць у Еўропе, таму добрыя гандбалісты перасталі баяцца ехаць у Беларусь, зніклі пытанні пра месцазнаходжанне краіны.

Мы ідзём наперад крок за крокам, не спыняючыся, ёсць стратэгічныя мэты і задачы, разумеем, што адразу выйсці ў фінал чатырох Лігі чэмпіёнаў немагчыма, але клуб упэўнена рухаецца да сваёй мэты.

Да БГК значна вырасла цікавасць гледачоў. Па-першае, палепшыліся вынікі каманды, мы сталі гуляць на ўзроўні топ-клубаў. Па-другое, маркетынгавая служба шмат робіць для прасоўвання клуба і для балельшчыкаў, каб ім было камфортна праводзіць час на арэне.

— Да спраў сённяшніх. Гульні са СКА для БГК у цяперашнім сезоне складваюцца не так лёгка, як у мінулым.

— Я думаю, перш за ўсё гэта звязана з тым, што на гульцах сёлета ляжыць вельмі вялікая нагрузка. Так, мы падзяляем склад, недзе гуляюць другія нумары, але не заўсёды атрымліваецца правесці паўнавартасную падрыхтоўку да кожнага матча. Да таго ж СКА сёлета таксама дадаў у гульні. Хоць перавага пакуль усё роўна на нашым баку, засталося тры матчы, два з іх адбудуцца ў Брэсце, я думаю, усё ў нас павінна атрымацца.

— Зразумела, што некаторыя галоўныя гульні ў БГК яшчэ наперадзе, але можна ўжо падвесці маленькія вынікі цяперашняга сезона?

— У Лізе чэмпіёнаў нашай задачай было выйсці ў 1/8 фіналу, у SЕHА-лізе ніколі не здымаецца задача перамагчы, ну і, вядома, чэмпіянат і Кубак Беларусі. У канцы мая, калі падымем кубак над галавой, тады скажам, што ўсе задачы выкананы. У нашым клубе мы ўсе максімалісты.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

г. Брэст

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Кіраўнікі дзяржорганаў працавалі на сваёй малой радзіме.

Грамадства

Якая будучыня ў сядзібных участкаў сталіцы?

Якая будучыня ў сядзібных участкаў сталіцы?

Разбіралася карэспандэнт «Звязды».

Грамадства

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

Прафесар у галіне машынабудавання на пенсію яшчэ не збіраецца.