Вы тут

«Святло Хрыста», «Вялікдзень у Іерусаліме» і «Пераход»



«Святло Хрыста», «Вялікдзень у Іерусаліме», «Пераход», «Да Анёла-захавальніка», «Вербніца»... Назвы карцін Святланы Наздрын-Платніцкай адразу ж сведчаць пра накіраванасць яе позірку ў бок хрысціянства. Апошнія 20 гадоў яна так часта звярталася да евангельскіх сюжэтаў, што палотнаў набралася на выстаўку, аб'яднаную тэмай «Зямля і неба».


Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан і мастачка Святлана Наздрын-Платніцкая.

— Зямля — гэта гарызанталь нашага быцця. Гэта наша Палессе, нашы палі, вельмі прыгожая прырода. Неба — гэта вертыкаль. Імкненне да духоўнага развіцця. Такім чынам атрымліваецца крыж. І чалавек усё жыццё на гэтым крыжы. Яму хочацца часцей пабыць у гарызанталі, а трэба імкнуцца да вертыкалі. Важна прымусіць сябе працаваць, каб нешта засталося пасля.

Хрысціянскія матывы ў творчасці члена Беларускага саюза мастакоў і члена савета Беларускага саюза дызайнераў Святланы Наздрын-Платніцкай спачатку прысутнічалі неасэнсавана. Гаворыць, садзейнічалі іх узнікненню і шматлікія паломніцкія паездкі:

— Асабліва мне спадабаўся Валаамскі манастыр. Мы там працавалі два тыдні, было даволі цяжка, і настрой быў розны. Завяршыў серыю паломніцтваў Іерусалім. На Святой зямлі атрымалася пабываць якраз на Вялікдзень. Потым я паўгода знаходзілася ў нейкім блажэнным стане, калі нічога не раздражняе. Пасля з'явіліся работы, натхнёныя той паездкай. Будзем спадзявацца, што Бог дазволіць яшчэ нешта стварыць на гэтую тэму.

Святы Спірыдон Трыміфунцкі.

Карціны мастачкі з Гомеля выстаўляліся ў духоўна-асветніцкім цэнтры Аляксандра-Неўскай лаўры Санкт-Пецярбурга. Асаблівую ўвагу звяртае на сябе серыя партрэтаў «Будучыя святыя ў зямным жыцці». Адна з работ прысвечана святому праведнаму Іаану Кармянскаму. Цікава, што карціна напісана па адзінай прыжыццёвай выяве святара — саматканым пакрывале пачатку ХХ стагоддзя. А вось цёмна-чырвоны аксаміт даў ідэю стварэння падвоенага партрэта-дыялогу вялікай княгіні Лізаветы Фёдараўны. На карціне — лёс: ад бліскучага шлюбу да падзвіжніцтва і пакутніцкай смерці.

— У работах Святланы Наздрын-Платніцкай відавочнае перажыванне пра зямлю, якая яе вырасціла, — адзначае архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан. — Выявы нясуць у сабе глыбокі сэнс духоўнасці. У іх ёсць спадзяванне на вечнае жыццё душы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ад зямлі да нябёс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».