Вы тут

Канстанцін Астрожскі (1463? — 08.08.1530)


Паводле гістарычных крыніц, Канстанцін Астрожскі перамог у 63 бітвах і баях з ворагамі. Гэтая лічба ўражвае! Яго празвалі Сцыпіёнам Рускім па аналогіі з легендарным рымскім палкаводцам Сцыпіёнам Афрыканскім. Але калі Сцыпіён Афрыканскі вёў захопніцкую вайну з Карфагенам, дык Канстанцін Астрожскі абараняў сваю краіну. Зведаў ён і горкія паражэнні, якія сталі для яго добрым урокам. Зрэшты, праз іх прыходзяць перамогі.


Канстанцін Астрожскі нарадзіўся ў сям'і князя Івана Астрожскага і княгіні Анастасіі Глінскай. Паводле некаторых крыніц, князі Астрожскія паходзілі ад удзельных тураўскіх князёў. Астрожскія адыгралі адметную ролю ў гісторыі ВКЛ у ХV ст., а прадзед Канстанціна, князь Фёдар, нават быў прылічаны праваслаўнай царквой да ліку святых.

У юнацтве Канстанцін знаходзіўся на вялікакняжацкім двары і ў 1494 г. нават ездзіў з пасольствам у Маскву. Прыдворная служба відавочна не падабалася дзейнаму і рашучаму князю і ён вярнуўся на радзіму ў Астрог. Вярнуўся якраз да справы. Пачасціліся набегі крымскіх татар на Валынь. Коннікі палілі вёскі і гналі ў няволю людзей, большую частку якіх прадавалі ў рабства. ВКЛ не магло гарантаваць бяспеку сваіх паўднёвых межаў. Татары наляталі, як вецер, і гэтаксама імкліва прападалі. Нешматлікія прыватныя атрады магнатаў не ратавалі становішча. У 1495 г. Канстанцін Астрожскі разам з князямі Сымонам Гальшанскім і Васілём Храптовічам узначаліў абарону Роўна ад нападаў крымскіх татар. Гэта было баявое хрышчэнне будучага славутага палкаводца. У 1497 г. ён ужо разам з братам Міхаілам на чале атрада разбіў татарскі загон на рацэ Сароце. Сярод забітых ворагаў быў і ханаў сын Акмала. Магчыма, тады Астрожскі вывучыў татарскія прыёмы і выпрацаваў сваю тактыку барацьбы з імклівым ворагам. Ён вызначаў месцы стаянак супраціўніка, а таму дарэмна не ганяўся за асобнымі атрадамі, даваў ім аб'яднацца і абцяжараным здабычай і палонам вяртацца назад. Ішоў следам за ворагам. І калі татары адчувалі сябе ў бяспецы, ноччу імклівым маршам падыходзіў да іх лагера і на світанку пачынаў поўны разгром. Такім чынам Астрожскі граміў наезнага ворага, вызваляючы з татарскага палону дзясяткі тысяч сваіх суайчыннікаў.

У ліпені таго ж 1497 года Астрожскі ўдзельнічаў у паходзе войска ВКЛ у Малдавію і дайшоў амаль да Ачакава. На зваротным шляху атрад Астрожскага пераследаваў з баямі сын крымскага хана Махмат-Гірэй. Але той сам быў паранены і ледзь не трапіў у палон. Гэты паход прынёс Астрожскаму славу адважнага воіна і гетманскую булаву.

Першая ж бітва войска ВКЛ пад кіраўніцтвам К. Астрожскага закончылася страшэнным паражэннем. У значнай ступені ў гэтым была віна самога Астрожскага, які без дадатковых сіл выступіў на маскоўскае войска. Ён паддаўся на гарачнасць сваіх паплечнікаў, якія праглі біцца з ворагам. 14 ліпеня 1500 г. на рацэ Вядрошы маскоўскія палкі фальшывым адступленнем заманілі войска Астрожскага ў пастку, зайшлі ў тыл і спалілі мост цераз рэчку. Войска было разбіта, а сам гетман трапіў у палон.

Шэсць гадоў Канстанцін Астрожскі знаходзіўся ў няволі. І толькі згода служыць маскоўскаму ўладару Івану ІІІ вызваліла яго ад кайданоў. Атрымаўшы свабоду, Астрожскі пры зручнай магчымасці ўцёк у 1507 г. на Літву. Ні багатыя падарункі, ні баярскі сан не ўтрымалі яго на чужыне.

Новы гаспадар ВКЛ Жыгімонт Казіміравіч вярнуў Астрожскаму гетманскую булаву. І Астрожскі апраўдаў ягоны давер. Ён атрымаў некалькі перамог над маскавітамі і крымскімі татарамі. Самай гучнай была вікторыя ў бітве пад Вішняўцом на Валыні. Раніцай 28 красавіка 1512 года войска Астрожскага, узмоцненае польскімі воінамі, разбіла ўшчэнт войска Крымскага ханства. Па тагачасных звестках, загінула каля 24 тысяч коннікаў. Сам хан Менглі-Гірэй выратаваўся ўцёкамі, але страціў трох сыноў. З татарскага палону было вызвалена 16 тысяч чалавек. Падзея, якая вымусіла Крымскае ханства ісці на мір з ВКЛ.

Куды больш гучную перамогу атрымаў Астрожскі 8 верасня 1514 года ў бітве з маскоўскім войскам пад Оршай. Гэта бітва ўвайшла ў ваенную гісторыю як першая, дзе палявая артылерыя сыграла вызначальную ролю. Астрожскі хітрым манеўрам завабіў маскоўскія палкі пад знішчальны агонь гармат. Аднак не толькі гэты манеўр прынёс Астрожскаму перамогу, але і ўмелая каардынацыя ўзаемадзеяння пяхоты, конніцы і артылерыі. Гэта таксама была навіной у тагачасным ваенным мастацтве.

Значэнне Аршанскай бітвы не ў колькасці забітых, а ў яе выніках: Маскоўскае княства пазбавілася сваёй ударнай сілы і не змагло працягваць пераможны рух на Літву. Разваліўся саюз Свяшчэннай Рымскай імперыі і Масковіі з мэтай падзелу Польшчы і Літвы.

Былі ў Канстанціна Астрожскага іншыя слаўныя перамогі. Гэтак, 27 студзеня 1527 года на рацэ Альшанцы на Кіеўшчыне войска, складзенае з прыватных атрадаў князёў Юрыя Слуцкага, Хведара Сангушкі, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх, Аляксандра Чартарыйскага, кіеўскага ваяводы Андрэя Неміровіча і Астафія Дашковіча, на чале з Канстанцінам Астрожскім разбіла войска крымскіх татараў, паклаўшы на полі больш за 20 тысяч коннікаў. З палону было вызвалена 40 тысяч чалавек. Пра гэтую слаўную бітву ў Нюрнбергу выйшла кніга, напісаная каралеўскім сакратаром Дэцыям.

Пасада троцкага ваяводы, якую Астрожскі атрымаў у 1522 г., давала яму магчымасць уплываць і на дзяржаўныя справы. Гэтая пасада была нададзена Астрожскаму за выключныя заслугі перад краінай. Гаспадару Жыгімонту Казіміравічу давялося парушыць закон аб наданні пасад у Віленскім і Троцкім ваяводствах толькі каталікам, што выклікала незадавальненне каталіцкіх паноў. Сваім прыкладам Астрожскі паказаў, што вышынь улады можна дасягнуць дзякуючы не толькі прывіляванаму становішчу, але і мужным, і дабрадзейным служэннем сваёй Радзіме.

Асобная гаворка — гэта грамадская дзейнасць Канстанціна Астрожскага, матэрыяльная падтрымка праваслаўнай канфесіі, будаўніцтва цэркваў, дабрачыннасць па стварэнні шпіталяў і школ, мецэнацкая апека над беларускім друкаром Францыскам Скарынам — усё тое карыснае і вартае, што зрабіў гэты слаўны палкаводзец як грамадзянін сваёй краіны.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».