Вы тут

Людміла Рублеўская: Імкнуся вярнуць у мову забытыя скарбы


Творчасць Людмілы Рублеўскай вядомая шырока — і як паэтэсы, і як празаіка. А яшчэ драматурга, літаратурнага крытыка, журналіста і публіцыста. І ў прадстаўленні яна не мае асаблівай патрэбы. Яе творы перакладзены на многія замежныя мовы. Хіба толькі варта нагадаць, што, згодна з галасаваннем аднаго з фондаў ААН і партала Lady.tut.by, Людміла Рублеўская ўвайшла ў дзясятку самых паспяховых жанчын Беларусі.


Фота: irl.by

— Вы працуеце ў жанры гістарычнага дэтэктыва, у якім працаваў Уладзімір Караткевіч. Той, хто зачытваўся Караткевічам, зараз зачытваецца і Рублеўскай. Я не зусім згодны са спадаром Сяргеем Пешыным, дырэктарам выдавецтва «Беларусь», які на пасяджэнні круглага стала ў «Звяздзе» сказаў пра гістарычны дэтэктыўны раман: «На жаль, з Караткевіча яно пачалося, Караткевічам, у пэўным сэнсе, і скончылася». Нічога, дзякаваць Богу, не скончылася. Такім чынам, як здарылася, што вы, пачаўшы з вершаў, у прозе прыйшлі менавіта да гэтай тэмы і ў выніку падхапілі «сцяг, які выпаў з рук класіка»?

— Гісторыяй я цікавілася заўсёды. Кажуць, гэта такая ж уласцівасць, як музычны слых. Мяне заўсёды страшэнна гэта хвалявала — уявіць мінулую эпоху ва ўсіх падрабязнасцях, пажыць там праз увасабленне ў герояў... Але ў літаратуры сцягі ніхто нікому не перадае. Кожны вялікі талент — як шляхецкі герб апошняга ў родзе. Калі хтось той герб па пабочнай лініі і прыўлашчыць — кроў у ягоных жылах усё роўна не тая. Клоны ў мастацтве не патрэбныя. Проста Караткевіч у свой час паказаў мне чароўны свет Беларусі рыцарскай, шляхецкай, інсургенцкай, пазначыў шляхі да стварэння прымальнага нацыянальнага міфа, герой якога не «мужык, пан сахі і касы», а высакародны князь Алесь Загорскі ці інтэлігентны фалькларыст Андрэй Беларэцкі, ці вандроўны шкаляр і артыст эпохі Адраджэння Юрась Братчык. Караткевіч паказаў і метад папулярызацыі такога міфа: забаўляльная абалонка сур'ёзных, глабальных тэм. Я выкарыстоўваю шмат прыёмаў: элементы дэтэктыва, прыгодніцкага жанру, фэнтэзі, гатычнага рамана, але я не пішу дэтэктыў ці фэнтэзі ў чыстым выглядзе. Праўда, і ніколі не спрачаюся з крытыкамі, якія раздаюць ярлыкі.

— Тым не менш хацелася б зразумець, адкуль усё ж такое глыбокае веданне гісторыі свайго народа, асабліва ў найбольш балючыя, пераломныя яе моманты? Веданне не толькі дзейных асоб, вызначальных для тых падзей, але і агульнай тагачаснай атмасферы, шматлікіх дэталяў побыту, усяго таго, што дае цэласную карціну жыцця? Колькі ж часу вы правялі ў архівах і бібліятэках, каб данесці ўсё гэта да нас і да тых, хто прыйдзе заўтра?

— Для мяне вельмі важна ствараць праўдападобны гістарычны фон падзей, вывяраць дэталі, выкарыстоўваць рэальныя факты біяграфій. Таму і пачынаюць чытачы майго рамана «Дагератып» апантана гугліць, шукаючы звесткі пра маёнтак Жухавічы і графа Каганецкага, ва ўпэўненасці, што яны існавалі. А аднойчы мне патэлефанавалі з аптэкі ў Траецкім прадмесці і запрасілі на пасяджэнне клуба гісторыі фармацыі — аказалася, там прачыталі маю аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе ёсць паданне пра аптэку ў Траецкім, і палічылі, што мой герой, аптэкар Ёзаф, рэальна існаваў, як існаваў ягоны найміт Ян Давыд Шэйба. Цяпер там, у музеі гісторыі фармацыі, праводзяць экскурсіі «У гасцях у аптэкара Ёзафа», а мой герой з'явіўся на карціне мастачкі Лідзіі Лазоўскай, на дэкаратыўных талерачках і магніціках.

Каб дасягнуць эфекту праўдападобнасці, я сапраўды шмат працую з дакументамі: архівамі, мемуарамі, дыярыушамі, адсочваю навуковыя працы па цікавых мне тэмах. З дакументамі мяне ў свой час добра навучыў працаваць вядомы гісторык і архівіст Віталь Скалабан. Праўда, ён казаў — «больш за ўсё лжэ дакумент». Сапраўды, кожная даведка складзеная чалавекам, і за кожнай — свая гісторыя. І яшчэ маё перакананне: факты, узятыя без апрацоўкі, без змен на карысць мастацкасці, вельмі магчыма пададуцца фальшывымі. Не раз узнікалі сітуацыі, калі выдуманае мною безумоўна прымалася за факт, а працытаваныя дакументы лічылі нягеглай аўтарскай выдумкай.

— Раскажыце, калі ласка, пра сябе. Нарадзіліся вы ў Мінску, але ў якім такім зайздросным акружэнні раслі? Хто прывіў вам глыбінную любоў да літаратуры і гісторыі? Адкуль смачная мова, добрае веданне жыцця свайго народа і такое цудоўнае адчуванне гэтага народа?

— Я нарадзілася ў Мінску ў звычайнай гарадской сям'і, у хрушчоўцы каля завода. Мяне выхоўвалі маці і бабуля. Беларускай мовы тады не чула, хіба трохі, і то калі ездзілі ў вёску да сваякоў. Бабуля не хацела, каб я штосьці казала «па-дзеравенску», але я назнарок тое-сёе паўтарала за вясковымі сваякамі. Чытаючы прыгодніцкія раманы, я вельмі шкадавала, што на маёй зямлі не адбывалася нічога падобнага да таго, што ў раманах Дзюма і Сянкевіча... І вельмі хацела штосьці такое знайсці. А калі вельмі хочаш — здзяйсняецца. Беларуская гісторыя — такая ж багатая на неверагодныя сюжэты, як гісторыя любога іншага еўрапейскага народа. Толькі мы больш забылі і ад нас больш схавалі, забралі. Мне пашанцавала, што наш дом — непадалёк ад Кальварыйскіх могілак, аднаго з тых нешматлікіх месцаў, дзе адчуваецца дух гісторыі. У дзяцінстве мы часта блукалі між старых надмагілляў са шляхецкімі прозвішчамі.

Але мову я вучыла, лічыце, самастойна, па кнігах. Пісала ўжо вершы на беларускай мове, але не авалодала дзеканнем, вымаўляла літары асобна, як напісана. Мову я вучу ўсё жыццё. Гэта жывая стыхія, якая развіваецца, якая жыве цяпер і «на асфальце», набываючы новыя адценні. Я імкнуся вярнуць у яе як мага больш забытых скарбаў. Мае настольныя кнігі — слоўнікі Ластоўскага, Станкевіча, Байкова і Некрашэвіча, краёвыя слоўнікі, зборнікі беларускіх выслоўяў. Многае можна знайсці ў дыярыушах і мемуарах. Вось, напрыклад, слоўца «кукарэцыі» — так красамоўна называлі ў васямнаццатым стагоддзі заляцанні хлапца да дзяўчат.

А адчуваць свой народ — дык я ж яго часцінка! Я жыву ў ім і для яго. У мяне ніколі не было аранжарэйных умоў. Жыву ў хрушчоўцы, езджу на грамадскім транспарце, сяджу ў калідорах раённай паліклінікі... Нічога элітарнага за сабой не заўважаю, прабачце.

— Актыўная праца ў журналістыцы, у тым ліку круглыя сталы, літаратуразнаўчыя артыкулы, гістарычныя знаходкі (якія трэба яшчэ і знайсці), артыкулы на патрэбу дня і многае іншае... А раманы пішуцца ноччу, няйначай? Не шкадуеце вы сябе...

— Мы не выбіраем, калі і дзе нам нарадзіцца. Значыць, твае сілы, тое, што табе дадзена, патрэбнае менавіта гэтай эпосе і гэтаму месцу. Проста трэба пастарацца аддаць як мага больш. Вось і раблю, што магу — пішу. Мастацкія творы — па начах. Іншага часу проста няма. А чакаць, калі той час з'явіцца, — дык нічога не напішаш. Я ведаю, што лепшых умоў не будзе. Да таго ж узнагарода пісьменніка — у самім працэсе пісання. Гэта і пакуты вялікія, выдаткі фізічныя і эмацыянальныя, і асалода, адрэналін, які выплюхваецца, выбухае ў кроў, калі пражываеш з героямі іх неверагодныя прыгоды.

На сваёй творчай пляцоўцы ты заўсёды самотны, ты рызыкуеш, выказваючыся гранічна смела, ты пражываеш тое, што ў рэальным жыцці не давядзецца. Я пішу не для чытача ці крытыка. Я пісала, нават калі была ўпэўнена: гэта — у стол. Шкада, што сёння маладым больш трэба матэрыяльная матывацыя і шмат хто з таленавітых пачаткоўцаў, пераканаўшыся, што не заробіць на літаратуры і не здабудзе хутка вялікай славы, кідае пісаць. Некаторыя яшчэ і з крыўдай на няўдзячны свет. Свет нам нічога не павінен, спадарове, за тое, што мы — пісьменнікі.

— Ваша кніжка, што выйшла ў маскоўскім выдавецтве нядаўна, — сапраўдны беларускі прарыў у рускую літаратуру ў апошнія гады. Як прынялі яе ў першапрастольнай? Ці плануеце сустрэчы з расійскім чытачом?

— Сапраўды, нядаўна ў выдавецтве «Прэстыж бук», у серыі «Ретро библиотека приключений и фантастики», у так званай «рамцы» выйшлі два мае раманы пад адной вокладкай — «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» і «Скокі смерці». «Авантуры» пераклаў на рускую мову пісьменнік Павел Ляхновіч. Выданне калекцыйнае, дыхтоўнае, добра ілюстраванае мастаком Аляксандрам Мядзведзевым. Выдаўцы знайшлі мяне праз сацыяльныя сеткі. Рэдактар — вядомы пісьменнік Яўген Віткоўскі, эксперт Саюза перакладчыкаў Расіі, прыемна было чуць яго добрую ацэнку. Але ў Маскве з нагоды выхаду кнігі пабыць так і не ўдалося. Ведаю, што яе купляюць па ўсёй рускамоўнай прасторы, прынамсі, на ozon.ru некалькі дзён над ёй вісела пазнака «бестселер». Але я разумею, што гэта можа нічога не значыць: сёння і ў Расіі многія пісьменнікі, нават самыя якасныя, маюць тыражы, сувымерныя з нашымі, і чытаюцца толькі знаўцамі. На форуме выдавецтва водгукі добрыя... Насуперак меркаванням некаторых беларускіх скептыкаў, што расіянам не будзе цікавая беларуская гісторыя ці што яны пакрыўдзяцца з-за нечага. Наадварот — мае расійскія чытачы якраз хочуць чытаць інтэрпрэтацыю гістарычных падзей з беларускага пункту гледжання, дазнацца пра тое, чым беларусы адметныя, бо тут інфармацыйны вакуум.

Дзякуючы інтэрнэт-піратам мае тэксты ў перакладзе на рускую мову блукаюць па сеціве даўно, і час ад часу натрапляю на водгукі пра іх, напрыклад, нядаўні — настаўніцы з Омска, якая прачытала кнігу «Жаніх панны Данусі»... І ёй, акрамя іншага, спадабалася, што аўтар любіць сваю Беларусь. У тым і сэнс — творы павінны жыць уласным жыццём. Самі сябе прасоўваць, распаўсюджвацца, абараняць свайго аўтара.

— Пісьменнік — «духоўны пастыр» свайго народа. Прабачце мне, прабачце, але як тады ставіцца да ненарматыўнай лексікі ў літаратуры і культуры наогул? Чаму сярод тых, хто здае найважнейшыя пазіцыі ў маральнасці, прыстойнасці, і пісьменнікі?

— Кожны творчы чалавек сам вызначае для сябе межы. У адных ёсць табу, у другіх няма. Я не гатовая адмовіцца ад творчай спадчыны Венечкі Ерафеева ці Букоўскі, нягледзячы на прысутнасць там ненарматыўнай лексікі. У культуры нішы з высокай ступенню дапушчальнасці прысутнічалі заўсёды, нават у самыя рэлігійныя эпохі. Фарс, балаган, кіч, рэп-батлы... Справа не ў тым, каб забараніць літаратару выкарыстоўваць нейкія словы ці сюжэты — гэта дурноцце. Справа ў тым, каб забяспечыць адэкватную трансляцыю культурнага прадукту розным катэгорыям спажыўцоў. Праўда, у эпоху інтэрнэту зрабіць гэта амаль немагчыма. Але хаця б дзеці павінны выхоўвацца ў культурным асяроддзі, дзе не будзе абсцэннай лексікі. І нават калі яны яе будуць чуць, трэба, каб у іх ужо было выхавана — гэта не норма. Так, бруд ёсць, але ж табе зусім не абавязкова ім выпэцквацца. І я перакананая, што ў многіх выпадках спасылкі на мастацкі прыём — нацягнутыя, можна было аўтару абысціся без ужывання мацюкоў — нічога ў мастацкім плане твор не страціў бы. Вялікія рэжысёры ведалі, што мацней за ўсё гледача можа крануць у кульмінацыйны момант не крык акцёра, а ціхае слова. Але ж гэта патрабуе вялікага майстэрства. Прасцей — пакрычаць.

— Ну і напрыканцы традыцыйнае пытанне: пра вашы творчыя планы. Калі не сакрэт, што пішаце і як пішацца?

— Толькі што скончыла яшчэ адзін раман... Не хачу рабіць спойлеры, выдаваць сакрэты... Бо апошняя кропка для мяне — толькі пачатак новага этапу працы. Я даю прачытаць тое, што атрымалася, некалькім экспертам. Першы з іх, вядома, мой муж, паэт Віктар Шніп. Абавязкова сярод маіх добраахвотных рэдактараў — прафесійныя гісторыкі. Яшчэ месяцы два я даводжу тэкст да ладу, спрабую падабраць больш трапныя словы, звяраю факты. Ну і імкнуся сама адысці ад надзвычайнага фізічнага і эмацыянальнага напружання. Што не вельмі лёгка. Да таго ж вельмі шкада выходзіць са створанага свету, развітвацца з героямі. Скруха — як ад расстання з блізкімі людзьмі. Вось зараз у мяне менавіта гэты нялёгкі этап.

— Ці сапраўды ўдзельнікі паўстання Каліноўскага віталі адзін аднаго так, як вы напісалі ў «Золаце забытых магіл»: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь». — «Тады ўзаемна»?

— Гэта гістарычны факт, і ў рамане «Золата забытых магіл» я яго выкарыстоўваю. Гэтак жа, як і іншыя рэальныя гістарычныя факты. Часам натхненне даюць рэчы. Напрыклад, там ёсць эпізод, як інсургенты абараняюцца ад жаўнераў у менскім храме... У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва мне паказалі ўнікальную знаходку: нататнік, у якім паўстанцы, што знаходзіліся ў зняволенні ў кляштары, пакінулі свае запісы... Я ўявіла гэты нататнік у руках аднаго са сваіх герояў. І з'явіўся эпізод вакол рэальнага артэфакта.

Гутарыў Уладзімір Хількевіч

Каментары

Як цікава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».