Вы тут

Лясы пад прыцэлам камер


Цёплыя дні проста вабяць адпачыць у лесе. Але пікнікі на прыродзе і чалавечая ахайнасць не заўжды ідуць поруч. Адзін кінуў непатушаную цыгарэту, другі пакінуў пустую бутэльку, якая на сонцы спрацавала як збіральная лінза, — і вось сярод дрэваў закурыўся дымок...


— За апошняе дзесяцігоддзе ўстаноўлены тры гістарычныя мінімумы з 1959 года па плошчы, пройдзенай ляснымі пажарамі, — паведаміў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр КУЛІК. — Напрыклад, летась агонь «гуляў» па 72 гектарах лесу, а ў 2013 годзе — і ўвогуле па 50 га. Якое будзе лета — засушлівае ці не вельмі, — мы пакуль не ведаем. Але ў любым выпадку, да пажаранебяспечнага сезона мы рыхтуемся.

Лясныя гаспадаркі краіны набылі каля сотні мотапомпаў, больш за тысячу ранцавых апырсквальнікаў і іншых тэхнічных прылад. Год таму парк гаспадарак папоўнілі 75 пажарных аўтамабіляў, перададзеных Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Яшчэ раней Міністэрства абароны перадало два дзясяткі магутных гусенічных балотаходаў. Гэтае пытанне ўзнікла пасля таго, як у 2015 годзе даводзілася тушыць лясныя пажары на Палессі, а менавіта ў багатых на балоты Столінскім і Лельчыцкім раёнах. Зараз жа балотаходы размеркаваны па ўсіх шасці абласцях. Выдаў пазыку і Сусветны банк. Гэтыя грошы пайшлі на набыццё 49 новых пажарных аўтамабіляў.

«Вастрыню» пажарам на Палессі дабаўляе і дзяржаўная мяжа. Напрыклад, тры гады таму полымя не раз заходзіла на беларускую тэрыторыю з Украіны.

— Лясы цягнуцца ўздоўж мяжы з Украінай на 590 кіламетраў. Там працуюць сістэмы відэаназірання. Разам з Пагранкамітэтам уладкоўваем проціпажарныя разрывы. Агулам жа сістэма наземнага выяўлення лясных пажараў налічвае 570 назіральных вышак і мачтаў. 80 % з іх ужо абсталяваны сістэмамі відэаназірання. Астатнія 20 % займеюць камеры ўжо да канца гэтага года.

Лясным вартаўнікам дапамагаюць і авіяцыйныя падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

— Летась мы з паветра выявілі 49 лясных пажараў, — гаворыць начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзмітрый ТУРЧЫН. — Акрамя таго, мы праводзім і касмічны маніторынг. Напрыклад, летась нашы спецыялісты прааналізавалі каля дзвюх тысяч здымкаў са спадарожніка. Дзякуючы гэтаму своечасова былі выяўлены 53 пажары.

Сакавік, які быў больш падобны на чацвёрты месяц зімы, прывёў да таго, што колькасць пажараў у прыродных сістэмах знізілася ажно на 62 % у параўнанні з мінулым годам. Аднак усё роўна сёлета іх зарэгістравана 285. Агонь знішчыў 14 будынкаў, сярод якіх — два жылыя дамы. А апошні выпадак гібелі людзей на такіх пажарах быў зафіксаваны 7 красавіка.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.