Вы тут

Прад вечным вяртаннем прадвесня...


— Хрыстос уваскрэсе!

— Ўсяісна ўваскрэсе!

і рэха — як гром веснавы ў паднябессі...

і рэха — у сэрцах... і рэха — у песнях...

і вера, што кожны ў Хрысце ўваскрэсне!..

...і цемра адыдзе... і гора растане...

і смерць, быццам прывід пад сонцам світальным,

міне ва ўспамін паўнаты Дабравесця...

— Хрыстос уваскрэсе!

— Ўсяісна ўваскрэсе!

Напярэдадні Вялікадня ў сценах Жыровіцкай абіцелі, слыннай дзівосамі і цудатворнымі ацаленнямі, адбылася сустрэча з унікальным паэтам, чый шлях да Бога быў пакутны і пакручасты. Але нездарма гавораць, што як Бог асабліва любіць сваё дзіця, то і дае найбольш цяжкія выпрабаванні. Зніч, як назваў сябе Алег Бембель, сын знакамітага народнага мастака Беларусі Андрэя Бембеля, прадстаўнік «залатой моладзі», у савецкія часы мог мець усё што заўгодна. Але ж... адчуў у сваім сэрцы пакліканне і прыйшоў да веры. Вельмі нешараговая з’ява для тых часоў, калі паўсюль шырока прапагандаваўся атэізм. Ужо больш за 20 гадоў, Алег Бембель жыве ў манастыры. Цяпер ён манах Іаан.

— Айцец Іаан, Вы, у мінулым гарачы і няўрымслівы, наўрад ці маглі спакойна верыць толькі ў душы, ніяк вонкі не выяўляючы пачуццяў...

— Аднойчы паглядзеў па тэлебачанні чарговае выступленне, дзе ў якасці аргументаў за неіснаванне Бога прыводзіліся разважанні кшталту: паслалі касманаўтаў у космас, яны абляцелі вакол зямлі, паляцелі далей і ніякага Бога не пабачылі. І раптам адчуў натхненне. Адразу ж напісаў байку (якая стала першым звяном у ланцужку падобных па дарозе ў псіхіятрычнае аддзяленне).

— То бок, стаўшы вернікам, Вы адразу ж сталі і дэсідэнтам...

— Тады гэта прагучала дыягназам «параноя». Бацьку выклікалі на сур’ёзную размову ў адпаведную ўстанову. Яму безапеляцыйна прапанавалі вырашыць мой лёс (а мне ішоў 25-ты год): альбо за краты, альбо ў «псіхушку». Ён выбраў апошняе. На працягу 5 месяцаў мяне прымусова лячылі. Мэта была адна: «перавярнуць» светаўспрыманне і змяніць светапогляд пацыента.

— Пасля такога можна сапраўды на ўсё жыццё застацца запалоханым і няўцямным. Вы ж не кінулі сваіх літаратурных спробаў, напісалі дысертацыю на «непрахадную» тэму...

— Так, будучы аспірантам Інстытута філасофіі, пад кіраўніцтвам знакамітага прафесара Уладзіміра Конана напісаў кандыдацкую на тэму «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў духоўнай культуры». Але яна не ўкладалася ў рэчышча марксісцка-ленінскай ідэалогіі, не адлюстроўвала ўсеагульны кірунак на непераможны крок камунізму, таму абараніць яе стала нерэальна. За савецкім часам тэкст дысертацыі перадалі ў Англію, і там яна была выдадзеная па-беларуску. Неймаверны па тых часах прэцэдэнт, за які я быў выключаны з інстытута і нават звольнены з працы. Мяне не атэставалі як лабаранта.

— А што прывяло ў манастыр?

— Найчасцей туды ідуць праз трагедыю. Пакуль усё добра, дык і не задумваешся асабліва пра Бога. Але калі Бог задумаў гукнуць чалавека, то праз пэўных людзей і збег абставінаў дае знак. Праз «нестраенне» ў адносінах з бліжнімі, начальствам, дзяржавай, праблемы са здароўем. Спачатку жыў як тыповы прадстаўнік багемы. Аднойчы, каб здзівіць сяброў, скочыў з пірса ў штармавыя хвалі і... ледзь не патануў. Ужо не меў надзеі, сілы скончыліся, хвалі мяне накрылі, а я не магу рук падняць... Думаю: няўжо так лёгка душа аддзеліцца ад цела? І раптам мяне быццам на далоні хтосьці ўзняў і вынес.

Былі і іншыя знакі. Паўсюль у грамадстве мяне адрынулі, дысертацыю блакіравалі як немарксісцкую і нацыяналістычную. Бацьку Гасподзь забраў. Сядзібу ў цэнтры горада — бацькоўскі дом з добрым кавалкам зямлі — адсудзілі. Да таго ж ледзь уратавалі хірургі (была прабадная язва). Я прыехаў у манастыр паміраць і... вось ужо трэці дзясятак тут. Сустрэў мяне знакаміты сваёй празорлівасцю старац Мітрафан. Сказаў, ні пра што не пытаючыся: «Трымайся манастыра. Ты па натуры манах». Спачатку было няпроста. Потым прызначылі келейнікам да старца Мітрафана...

— Не шкадуеце, што сталі манахам?

— У мяне ніколі не было настолькі поўнай свабоды творчасці.

— У Бібліі сказана: спачатку было слова... як гэта зразумець?

— Па-грэчаску слова — гэта «логас». Напачатку быў логас. Логас мае шмат значэнняў: «слова», «творчая сіла», «дух». У Бібліі маецца на ўвазе творчая сіла, якая ўнутраным бязмежным эўрыстычным патэнцыялам стварае з нічога бясконцае мноства супрацьлеглых якасцяў. З гэтай безлічы супрацьлегласцяў і ствараецца гармонія быцця. Чалавечымі меркамі Божыя тайны не патлумачыш. Але я спрабую патлумачыць аналогіямі. Слова — не безасабовае. Гэта творчая Асоба (з вялікай літары), якая стварыла ўсе супрацьлеглыя якасці, а па сваім падабенстве стварыла і нашы душы.

— Ці не кашчунна гучыць аналогія: як Бог стварыў сусвет, так і паэт стварае вершы? То бок, паэт у нечым прыпадабняецца да Бога?

— Не толькі паэт, кожная душа створаная па Боскім падабенстве, у кожную душу Бог уклаў таленты і творчыя сілы. І загадаў вярнуць з прыбыткам.

— Талент ад Бога... А бывае талент ад д’ябла?

— Ад д’ябла не таленты, а энергія змроку, хаосу, разбурэння. З Богам — сутворчасць, а «злы геній» альбо «цёмнае натхненне», экстатычныя станы вядзьмарак і ведзьмароў фармальна могуць быць прыняты за таленты, але насамрэч гэта праяўленне цёмнай энергіі. Мефістофель, альбо Чорны чалавек, — праяўленне Боскіх талентаў для злых спраў.

— Праўда, што паэт гаворыць не сам ад сябе, а цераз яго гаворыць нехта ці нешта?

— Магу адказаць вершам:

Душа, будзь толькі ў Бога ў паслушанні.

Дбай аб прысудзе Вечнага Суддзі.

Ухвалы й глум прымай без хвалявання

І з дурнем спрэчак не вядзі!

— Творчасць — гэта дар Бога. У Вас гэта дар паэтычны. Якім чынам Вы, будучы манахам, рэалізоўваеце гэты дар? Якім чынам жывяце з творчасцю ў манастыры?

— Так склалася, што я стаў рэдактарам манастырскага выдання. Да таго ж узначаліў літаб’яднанне пры ім. Уладыка сказаў: трэба сабраць лепшыя інтэлектуальныя манастырскія сілы, стварыць рэдкалегію і распачаць выданне пры абіцелі. Так і зрабілі. Першы нумар выйшаў праз год пасля таго, як я тут застаўся, у 1997-м. З таго часу я — рэдактар гэтага «Жыровіцкага лістка». Ён выходзіць 5 разоў на год. Неўзабаве ўзнікла і літаб’яднанне «Крэсіва». Пачалося з таго, што выпусцілі спецыяльны інфармацыйны лісток пад назвай «Культуралагічны круг» па праблемах адпаведнай тэматыкі. Ім зацікавіліся настаўнікі і вучні найперш слонімскай гімназіі — давялося ствараць літаб’яднанне. У нас няма бюракратыі, справаводства. Але калі збіраюцца хаця б 2—3 чалавекі, мы творым літаратурнае ці філасофскае сумоўе ў імя Гасподне. Выдаём па лініі літаб’яднання літаратурныя зборнікі. Аўтары — уцаркоўленыя настаўнікі, студэнты, выкладчыкі, вучні. На старонках нашых кніг спрабуем асэнсаваць уласны гістарычны шлях у кантэксце 1000-годдзя хрышчэння Русі і 2000-годдзя зямнога шляху Іісуса.

— Што Вы несяце людзям праз друкаванае слова? Пра што «Лісток»?

— Самыя надзённыя пытанні для моладзі, у тым ліку прапаганда здаровага ладу жыцця.

 — Як вызначаеце жанр Вашых твораў?

— Я іх заву рыф-мары, альбо мары ў рыфмах...

— Адна з Вашых кніг называецца «Апошняму беларусу». Чаму апошняму?

— Дэмаграфічная сітуацыя надзвычай складаная.

— Ці жыве беларуская мова ў манастыры?

— Для мяне праблемы мовы няма. Я размаўляю пабеларуску і са мной таксама размаўляюць па-беларуску. Хто з семінарыстаў яшчэ не валодае мовай, хаця б пару слоў скажуць. Каб паказаць, што і яны не лыкам шытыя. Святары часам праводзяць літургіі па-беларуску.

— Як нам захаваць астравок уласнай культуры ў глабалізаваным свеце, калі тэмпы паглыння большымі культурамі меншых паскараюцца?

— ...Не прад сконам з табою мы сёння стаім —

А прад вечным вяртаннем прадвесня...

...ўваскрасі Беларушчыну ў сэрцы сваім —

І ў Сусвеце яна уваскрэсне!

Гутарыла Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.