Вы тут

Іканастас Зінаіды Елісеевай


Майстра па саломапляценні, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Зінаіду Елісееву з Новалукомля ведаюць не толькі ў Беларусі. Колькі саламяных апраў да святых абразоў зрабіла сямідзесяцігадовая новалукамчанка, ужо і не злічыць. А юбіляр, здаецца, забылася пра стому і ўзрост, плённа працуе і шчыра дзеліцца з аднадумцамі сваімі назіраннямі, сакрэтамі майстэрства.


Зінаіда Елісеева і яе работы.

Зінаіда Сяргееўна нарадзілася і выхоўвалася ў праваслаўнай сям’і. Старэйшаму з родзічаў, якіх ёй пашчасціла ведаць, было каля 120. Менавіта ў бацькоўскай хаце атрымала першыя ўрокі сапраўднай любові да блізкіх. У канцы шасцідзясятых паступіла на мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага педінстытута. Але як толькі выдавалася вольная хвілінка, ехала ў родную вёску, каб паназіраць за працай народных умельцаў. Дома настаўнікам была маці, вядомая ў акрузе майстрыха. Дзякуючы ёй, вельмі рана ўсвядоміла сілу духоўнай спадчыны. Для дыпломнай работы Зінаіда Сяргееўна абрала тэму «Эстэтычнае і патрыятычнае выхаванне сродкамі дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва роднага краю».

З горадам беларускіх энергетыкаў звязана большая частка жыцця Елісеевай. Тут Зінаіда Сяргееўна стала вядомым майстрам. Саломапляценне ўзяло ў палон яшчэ ў маладосці. З гадамі пераканалася: саломка — не горш за золата. Калі ў Беларусі людзі зноў пайшлі ў храмы, звярнуліся да Бога, яна паспрабавала рабіць саламяныя аправы для абразоў. Справа настолькі захапіла, што ні аб чым іншым ужо і не думала, быццам нябесныя сілы вялі па абраным шляху.

У сваёй творчасці новалукамчанка прытрымліваецца традыцый саломапляцення ХVІІ — ХІХ стагоддзяў. Толькі ў тыя часы саламянае ўбранства было ў асноўным сродкам дэкарацыі. Зінаіда Елісеева захацела надаць дэкаратыўнасці сэнс. Яе аправы — як своеасаблівае тлумачэнне да святога вобраза.

Майстрыха спадзяецца, што сваёй творчасцю дапамагае людзям вярнуць страчанае, прыйсці да Бога. Вельмі радуецца, калі так здараецца. Заўжды з усмешкай успамінае выпадак на «Славянскім базары ў Віцебску». Да майстроў з Чашніччыны падышоў мужчына, якому падарылі яе абраз. Цалуючы руку Зінаідзе Сяргееўне, ён зазначыў: «Ведаеце, ваша ікона неяк усіх у маёй сям’і памірыла. Мы перасталі сварыцца, сталі больш цярплівыя...» Словы ўдзячнасці чула неаднойчы і ад гараджан, у дамах якіх прапісаліся яе работы.

Некалькі абразоў майстрыха ахвяравала новалукомльскаму храму, але ў хуткім часе там здарыўся пажар. Агонь пашкодзіў амаль усю царкоўную маёмасць у памяшканні, дзе віселі абразы Елісеевай. Полымя прайшлося і па іх. Але, на дзіва, саламяныя аправы з абразамі ўцалелі, нібы нехта захінуў іх. Можа, гэта благаславенне аўтару на творчае даўгалецце?

Ірына ТОРБІНА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.