Вы тут

5 памылак пры сяўбе гародніны


1. Спяшаемся з пасевамі

Па зямлі за зіму засумавалі, рукі да працы цягнуцца, ды і свежай гароднінай парадавацца хочацца як мага раней — вось і спяшаемся сеяць. Але нярэдка тым самым толькі дадаём сабе працы. І справа тут не толькі ў зваротных замаразках (хоць і яны могуць зрабіць сваю «чорную справу»). Асноўнае пытанне — гатоўнасць глебы. Калі, паспяшаўшыся, мы сеем у халодную, празмерна вільготную зямлю, насенне ў ёй «задыхаецца», гніе, але не прарастае. Яму не хапае цяпла, не хапае кіслароду — і ўсходаў мы можам не ўбачыць зусім.

Калі ўжо вельмі хочацца ранняй зеляніны, можна крыху раней накрыць выбраную градку плёнкай, прагрэць глебу і дачакацца, пакуль з яе сыдзе залішняя вільгаць, а потым ужо сеяць. Іншы варыянт — сяўба пад зіму. З восені можна пасеяць холадаўстойлівыя гародніну і зяленіва, а вясной радавацца іх усходам.

Фізічная спеласць глебы, гэта значыць яе гатоўнасць да сяўбы, вызначаецца даволі проста. Бяром жменю зямлі, сціскаем у камяк і «кідаем» яго з вышыні каля 1 м. Саспелая глеба ўтварае камяк, які пры падзенні развальваецца. А калі глеба яшчэ не гатовая, мокры ліпкі камяк не рассыпаецца.

2. Пачынаем сяўбу занадта позна

Бывае і так: часу не хапае, сяўбу адкладаем і прыступаем да яе, у выніку, з прыкметным спазненнем. Да чаго гэта прыводзіць? Увесну вільгаць з глебы сыходзіць вельмі хутка (выключэнне могуць складаць цяжкія гліністыя глебы), а для таго каб насенне прарасло, яна жыццёва неабходная. Калі з сяўбой мы запазніліся (глеба «пераспела» — камяк у руцэ не фармуецца, рассыпаецца адразу), насенне можа так і праляжаць у глебе, не даўшы парасткаў.

Вядома, выйсце ёсць: калі такое здарылася, давядзецца не ленавацца і рэгулярна паліваць градкі. Але начыстую — ці ва ўсіх ёсць такая магчымасць? Вядома, не. Калі мы прыязджаем на лецішча толькі па выхадных, хто ж будзе паліваць пасевы? Аднаразовага паліву, хутчэй за ўсё, не хопіць, і калі дажджоў не будзе, за тыдзень градкі высахнуць. Так што лепш не спазняцца.

3. Забываем пра севазварот

Напэўна, ні для кога не навіна, што чаргаванне культур (гэта значыць севазварот) — неабходны складнік добрага ўраджаю. Але, нават ведаючы аб гэтым правіле, выконваем мы яго не заўсёды — часам па легкадумнасці адмахваемся, часцей проста няма калі ў мітусні ўсё як след прадумаць і спланаваць. Што ў выніку?

Калі штогод сеяць на адным і тым жа месцы культуры з аднолькавымі патрабаваннямі да сілкавання, парушаецца баланс пажыўных рэчываў у глебе, адбываецца яе знясіленне. Мы ж не праводзім кожны сезон аналіз складу глебы і ўтрымання ў ёй розных элементаў — угнаенні ўносяцца, часцей за ўсё, зыходзячы з агульных рэкамендацый, па пэўных «усярэдненых» схемах, і можа ўзнікнуць дэфіцыт тых ці іншых важных элементаў.

Калі на адным і тым жа месцы вырошчваем культуры, схільныя да адных і тых жа хвароб, на якія нападаюць адны і тыя ж шкоднікі, мы тым самым уласнаручна ствараем крыніцы сур'ёзных праблем. Узбуджальнікі хвароб і лічынкі застаюцца ў глебе і паспяхова размнажаюцца — бо ўмовы мы ім забяспечылі.

Выйсце простае і складанае адначасова: абавязкова знаходзім час, каб спланаваць пасевы, размеркаваць па градках агародныя культуры з улікам іх правільнага чаргавання.

4. Не ўлічваем патрабаванні культур

Кожнаму віду гародніны — не толькі свой час, але і сваё месца. Аднаму вільгаць патрэбна, іншаму — інтэнсіўнае харчаванне і гэтак далей. Калі пасевы мы плануем загадзя, то, вядома ж, паклапоцімся аб тым, каб стварыць усім будучым «жыхарам» агарода камфортныя ўмовы. А вось калі часу зноў не хапае, калі сеем, «дзе месца ёсць», то можам і раслінам, і сабе цяжкасці арганізаваць.

Возьмем, для прыкладу, звыклую радыску. Без якіх-небудзь высілкаў з нашага боку яна дасць ураджай хіба што ранняй вясной, калі і вільгаці ў глебе ўдосталь, і спякоты няма, і дзень яшчэ досыць кароткі. А каб улетку караняплодам парадавацца, тут ужо падумаць трэба, улічыць яе патрабаванні і падабраць месца, дзе радыска ад засухі і спякоты пакутаваць не будзе. Ёсць, вядома, непатрабавальныя гародніна, якая расце, дзе ні пасадзі, але калі ўлічыць «пажаданні» кожнага, ураджай будзе большы, а клопатаў — менш.

5. Грэбуем змешанымі пасадкамі

Змешаныя і ўшчыльненыя пасадкі, якія сталі папулярнымі апошнім часам, — не даніна модзе, а вельмі рацыянальнае рашэнне многіх агародных праблем. Недахоп месца, пустазелле, шкоднікі і хваробы — разумнае камбінаванне культур на градцы дазваляе без дадатковых намаганняў справіцца з імі. Мы ж ведаем аб узаемным станоўчым уплыве тых ці іншых раслін, дык чаму ж гэтую ўласцівасць не выкарыстоўваць? І не будзем забываць, што карысць гэта можа быць яшчэ і прыгожая: тыя ж аксаміткі, напрыклад, і шкоднікаў адпудзяць, і градкі ўпрыгожаць.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».