23 Ліпень, панядзелак

Вы тут

Што трэба зрабіць для павышэння канкурэнтаздольнасці вышэйшай школы?


Як паўплывалі працэсы глабалізацыі на развіццё адукацыі і навукі? Ці можна будаваць навучальныя праграмы выключна пад патрэбы заказчыка і ці можа адукацыя быць толькі рыначнай паслугай? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі круглага стала «Навука і адукацыя на этапе цывілізацыйных перамен», які прайшоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце з удзелам беларускіх і расійскіх вучоных.


— Акадэмік Уладзімір Бібіхін казаў, што трагедыя сучаснай школы заключаецца ў тым, што ў дзіцяці аднімаюць права на маўчанне. Як пазбавіцца ад усяго лішняга ў наш час татальнага гаварэння? Ад засмечвання інфармацыяй, якая знішчае ўсе сэнсы? Як знайсці сэнсы ў сістэме адукацыі? Якім павінна быць напаўненне вучэбна-метадычнай літаратуры, тэхналогій і методык навучання? З якіх пазіцый падыходзіць? Можа, найперш трэба знайсці адказ на пытанне «Навошта вучыць?», а ўжо потым «Чаму вучыць?» і «Як вучыць?», — акрэсліў праблемнае поле рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ. — Што мы сёння транслюем вучням: веды ці нейкую адчужаную інфармацыю? Наколькі апраўдана вучыць шаблонна глядзець на адны і тыя ж рэчы? Ці трэба падаваць веды на сподачку ў гатовым выглядзе?

— У 90-я гады, пасля распаду СССР, выказваліся ідэі выкінуць усё савецкае і слепа скапіраваць усё на Захадзе, — падзяліўся сваімі думкамі акадэмік РАН, прэзідэнт Расійскага філасофскага таварыства Вячаслаў СЦЁПІН. — Але нічога з гэтага не атрымалася. На Захадзе разважаюць прыкладна так: можаце спрабаваць усё, а рынак потым рассудзіць. Але я ўпэўнены, што калі мы будуем сістэму адукацыі, нам патрэбны хоць бы прыблізны вобраз будучыні, таму што ўсё пачынаецца яшчэ з дашкольнай адукацыі. За ёй ідуць школьная і вышэйшая... Такім чынам размова ідзе пра інтэрвал прыблізна ў 20 гадоў. А вы ўпэўнены, што праз два дзесяцігоддзі каштоўнасці спажывецкага грамадства застануцца дамінуючымі ў развіцці ўсіх краін? Між іншым, мы павінны зазіраць нашмат наперад. Так, зараз мы перажываем вельмі складаны і хваравіты перыяд змянення ў грамадстве каштоўнаснай базы, і нам трэба спрабаваць убачыць як перавагі, так і заганы глабальнай рыначнай эканомікі.

— Універсітэт — педагагічная сістэма, якая не можа існаваць без мэты. І тое, што адбылося ў Расіі, я асабіста расцэньваю як трагедыю навукі і адукацыі, — падкрэслівае рэктар Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў, член-карэспандэнт РАН Аляксандр ЗАПЯСОЦКІ. — Адукацыя — гэта навука плюс выхаванне. А ў нас раптам вырашылі, што ўніверсітэты могуць існаваць без выхавання. У педагагічнага калектыву павінен быць вобраз будучага выпускніка, які складаецца не толькі з набору ведаў. У маладога спецыяліста павінна быць сфарміравана пэўная сістэма каштоўнасцяў, стаўленне да ведаў, да прафесіі, вытворчая этыка і гэтак далей. Мы не можам проста навучыць студэнта зарабляць грошы. Наша задача — сфарміраваць яго як паўнавартасную асобу.

— Калі ў 90-я гады з'явіліся платная адукацыя і платная медыцына, была ілюзія таго, што яны вырашаць усе праблемы, — кажа першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар філасофскіх навук, прафесар Святлана ВІНАКУРАВА. — Але ў рэчаіснасці пераход да платнай адукацыі разбурыў каштоўнасны падмурак узаемаадносін паміж педагогам і студэнтам. Частка студэнтаў увогуле не жадаюць вучыцца, і гэта адно з наступстваў масавай вышэйшай адукацыі. Калісьці адукацыя давала прафесію, якая была шчыльна звязана са сферай, куды трапляў малады спецыяліст. Але сёння такой жорсткай прывязкі няма. Вышэйшая адукацыя стала двухступеньчатай, аднак рынак працы ніяк не адрэагаваў на з'яўленне магістраў.

На думку загадчыка кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Аляксандра ДАНІЛАВА, сістэма адукацыі выконвае ў грамадстве функцыю абароны ад магчымых катастроф. «А мы пасля распаду Саюза пачалі абарону адключаць, калі зрабілі вышэйшую адукацыю масавай», — растлумачыў ён.

— Дыплом і мантыю можна купіць, але духоўна-маральнае напаўненне купіць немагчыма. Што чакае наперадзе, ніхто не ведае. Новыя ўмовы, але якія? Я лічу, што нашых выхаванцаў да іх можна падрыхтаваць, калі навучыць па-творчаму ставіцца да навізны, калі ўкараніць думку, што няма гатовых шаблонаў і гатовых рэцэптаў, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі шэф-рэдактар часопіса «Философские науки», прэзідэнт Акадэміі гуманітарных даследаванняў, правадзейны член Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук Хачатур МАРЫНАСЯН.

Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім ГІГІН заўважыў, што ў савецкія часы ў беларускіх ВНУ навучаліся 80 тысяч студэнтаў. А яшчэ зусім нядаўна колькасць студэнтаў даходзіла ў нашай краіне да 430 тысяч чалавек, праўда сёння гэта лічба зменшылася (у тым ліку і з прычыны дэмаграфічнай сітуацыі) да 330 тысяч. Розніца велізарная!

— З аднаго боку, мы хацелі б захаваць традыцыі савецкай вышэйшай школы па падрыхтоўцы штучных спецыялістаў, па адборы ў лік студэнтаў найлепшых абітурыентаў, але з іншага, — жадаем зарабляць грошы. З усімі нашымі цудоўнымі разважаннямі не варта забывацца пра тое, што мы знаходзімся фактычна на рынку. І студэнт разважае прыкладна так: а паеду я туды, дзе адукацыя больш танная. Імкнёмся быць лідарамі ў глабалізаваным свеце, але хочам не ўбудоўвацца ў яго да канца, захаваць сваю ідэнтычнасць. Перайшлі на сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па сістэме чатыры плюс два, далучыліся да Балонскага працэсу, але працягваем яго крытыкаваць. А што мы прапанавалі сваё? — задаў зусім не рытарычнае пытанне Вадзім Гігін. — Пакуль не створым сваю мадэль, дакладна не акрэслім нашы мэты, немагчыма зразумець, куды нам трэба рухацца далей. Можна правесці паралель. Сям'я французскіх пекараў шмат гадоў выпякае хлеб: спачатку гэта робіць дзед, затым яго сын, унук. У іх унікальнай прадукцыі ёсць пастаянныя пакупнікі, якія разумеюць усе яе перавагі. Але раптам на рынку з'яўляецца магутны рытэйлер, які прасоўвае тавары шматлікіх масавых брэндаў, прапануе і гэтым пекарам купіць іх сямейны рэцэпт хлеба. І як можна з ім канкурыраваць?

«Круглы стол дазволіў нам крытычна ацаніць пазіцыі па шэрагу пытанняў. Галоўнае — дасягнута ўсведамленне вострых праблем, якія сёння стаяць перад праекціроўшчыкамі зместу адукацыі, — рэзюмаваў вынікі сустрэчы рэктар БДУ Андрэй Кароль. — Пакуль рана казаць пра гатовыя адказы, але ўсе ўсведамляюць уплыў глабалізацыі і канстатуюць неабходнасць захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, прычым на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі. Трэба рухацца наперад, захоўваючы ўсё найлепшае, што ў нас ёсць, і адсякаючы ўсё лішняе».

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Колькасць ці якасць?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Як гродзенская прыгажуня стала чэмпіёнкай свету.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.