Вы тут

«Мы, усе разам...»


Праўду пісаў наш Францыск Скарына: «Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны, вялікую ласку маюць».


І сапраўды, у кожнага чалавека ёсць куточак зямлі, дзе ён нарадзіўся і рос, дзе прайшло яго маленства, дзе жывуць (ці жылі) яго родныя ды блізкія, дзе наогул дарагое ўсё — ад нараджэння да скону.

У многіх гэта гарады, пэўныя мікрараёны, кварталы, двары, у многіх...

Ёсць у нашай роднай мове прыгожае слова — «вёска». Яно цёплае, яно... прыцягальнае, як напаленая печка ў халодны зімовы дзень. На жаль, нягледзячы на гэта, знікаюць словы і знікаюць вёскі.

У 60-я гады мінулага стагоддзя ў нашай Каменцы, што на Нясвіжчыне, было 280 хат, жыло 765 чалавек.

Цяпер засталося некалькі бабулек і дзядуль — дай бог ім доўгага жыцця, бо пасля іх адыходу застануцца хіба што могілкі ды вельмі старая драўляная каплічка. Яна ў нас як напамінак пра сувязь часоў і падзей, як сведчанне таго, што нашы продкі дбалі не толькі пра хлеб надзённы, але і пра духоўны. Яны жылі тут, працавалі, потам палівалі родную зямлю, якая дагэтуль славіцца сваімі ўраджаямі. І яны тут паміралі.

Усё так: імёны гэтых працаўнікоў цяпер на помніках.

Яны, вядома ж, з розных матэрыялаў, розныя па сваіх памерах, колерах, коштах... Для ўсіх, хто ставіў іх на магілах сваіх родных і блізкіх, агульнай заставалася хіба што трывога: не дай бог зломяцца, рухнуць старыя дрэвы, і тады...

Праблема ў тым, што іх, гэтых дрэў старых, на нашых могілках было аж 90. Каб спілаваць адно, трэба заплаціць каля 200 рублёў.

На шчасце, сярод ураджэнцаў вёскі знайшліся ініцыятыўныя, неабыякавыя людзі: сёстры Ірына Аляксееўна Зялінка і Лілія Аляксееўна Туціна, былая дырэктар Аношкаўскай школы Таццяна Іванаўна Краўцова, былая калгасніца Ірына Мікалаеўна Мядзведзь.

Дзякуючы ім пра дабрачынную акцыю, пра збор грошай стала вядома не толькі ў Беларусі.

І, трэба сказаць, што людзі правільна ўсё зразумелі, яны адгукнуліся. Першымі былі Антаніна Кузьмінічна Нагорная і Ганна Аляксандраўна Адросік (дай бог ім здароўя), а таксама Міхаіл Рыгоравіч Жаўняровіч і Вячаслаў Мікалаевіч Марук (светлай памяці!)... Нехта ў агульную скарбонку ахвяраваў пяцьдзясят рублёў, нехта — сто пяцьдзясят...

Актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні могілак прыняў старшыня Казлоўскага сельскага Савета Алег Паўлавіч Ярош, тэхнікай дапамог дырэктар ААТ «Новае жыццё» Андрэй Казіміравіч Ратомскі... Мы ўсе разам (хоць, вядома ж, былі і тыя, хто адмовіўся) справіліся, мы не баімся больш ніякіх штармавых папярэджанняў.

А яшчэ мы бачым: што, калі над вёскай узыходзіць сонейка, яно, здаецца, найперш асвятляе могілкі — месца, дзе спачываюць тыя, хто тут нарадзіўся і жыў.

Антаніна МАРУК, ураджэнка вёскі Каменка Нясвіжскага раёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».