Вы тут

Выпрабаванне сацсеткамі


Мінулы тыдзень быў насычаны трывожнымі падзеямі, у якіх так ці інакш фігуравалі сацыяльныя сеткі і месенджары. Назіраліся перабоі ў рабоце «Твітара» і YouTube. Раскамнагляд падаў іск на Telegram. Сацсетка «УКантакце» цяпер будзе дзяліцца данымі карыстальнікаў з расійскімі банкамі, а ў «Фэйсбуку» знайшлі новыя «шчыліны» для сачэння за карыстальнікамі. Спынімся на гэтым падрабязней.


Telegram не можа ці не хоча?

Напярэдадні Раскамнагляд падаў іск у Таганскі раённы суд Масквы з патрабаваннем аб абмежаванні доступу да месенджара Telegram на тэрыторыі Расіі. Прычына іску простая — адміністрацыя Telegram адмовілася перадаць ФСБ ключы для дэшыфроўкі паведамленняў. Але не таму, што ў кампаніі гэтага рабіць не хочуць, а таму, што не могуць гэтага зрабіць тэхнічна.

Месенджар выкарыстоўвае два віды чатаў: «воблачныя» і «сакрэтныя». Паведамленні, якія перадаюцца праз «сакрэтныя» чаты, ніколі не захоўваюцца на серверах Telegram. Перапіска, якая праходзіць у «воблачных» чатах, захоўваецца ў зашыфраваным выглядзе, размяркоўваецца на розных падсістэмах у розных месцах. Адміністратар сэрвісу не мае доступу да інфармацыі, якая дае магчымасць дэкадзіравання электронных паведамленняў. Выканаць патрабаванні Раскамнагляда можна толькі шляхам змены тэхналогіі перадачы інфармацыі.

Эксперты сцвярджаюць, што тэхнічна прыпыніць работу сэрвісу рэальна. Гэта можна зрабіць двума шляхамі. Першы — абмежаваць запампоўку праграмы для новых карыстальнікаў. Але гэта цяжка выканаць без шкоды для ўсіх іншых сэрвісаў у інтэрнэце. Другі — поўная блакіроўка работы сэрвісу, што тэхнічна магчыма.

Ці не азначае гэта, што Telegram стане толькі пачаткам новага вітка падзей па татальным кантролі за інтэрнэтам? Бо нямала пытанняў было і да «Фэйсбука», WhatsApp.

«Давайце есці слана па частках. Зараз мы падалі іск у дачыненні да Telegram і будзем чакаць рашэння суда. Пакуль на гэтым усё», — заявіў кіраўнік Раскамнагляда Аляксандр Жараў.

«УКантакце» будзе дзяліцца з банкамі

Калі адно стварэнне Паўла Дурава працягвае сваю спрэчку за свабоду перадачы інфармацыі, то другое, якое яму ўжо не належыць, пойдзе іншым шляхам. Кампанія Maіl.ru Group, якая валодае сацыяльнай сеткай «УКантакце», пацвердзіла, што дазволіла Нацыянальнаму бюро крэдытных гісторый аналізаваць профілі пазычальнікаў. Бюро атрымае доступ толькі да тых даных, якія адкрыў сам карыстальнік.

У Расіі ў Нацыянальнага бюро крэдытных гісторый у распараджэнні ёсць сэрвіс, які дазваляе аналізаваць профілі пазычальнікаў у сацыяльных сетках. Аб сэрвісе і аб інфармацыі, якую ён збірае, пакуль мала што вядома.

Аднак у гэтай падзеі няма нічога дзіўнага. Банкі многіх краін свету аналізуюць карыстальнікаў па іх старонках у сацсетках перед выдачай крэдыту. Але цяпер гаворка ідзе пра тое, каб гэта пачалося ў прамысловых маштабах. Кампаніі будуць адсочваць усё, што вы лайкаеце, і як паводзіце сябе ў сацыяльнай сетцы. На аснове аналізу можа быць прынята рашэнне аб выдачы крэдыту.

«Фэйсбук» працягвае сачыць за табой

Новыя падрабязнасці пра тое, як сацсетка працягвае сачыць за сваімі карыстальнікамі. Праграма «Фэйсбук» больш за два гады збірала інфармацыю аб уваходных і выходных званках. Пра гэта паведаміў новазеландзец Дылан МакКей, які запрасіў у сацсеткі копію ўласных даных.

«Фэйсбук» фіксаваў працягласць размоў, нумары тэлефонаў, імёны абанентаў, а таксама дадзеныя аб тэкставых паведамленнях. Пры гэтым увесь гэты час Дылан карыстаўся абароненым смартфонам Blackphone, які дазваляе ахоўваць асабістую інфармацыю ад спецслужбаў.

Акрамя таго, высветлілася, што «Фэйсбук» правярае асабістыя паведамленні сваіх карыстальнікаў у праграме «Фэйсбук Месенджар» на наяўнасць супрацьпраўнага кантэнту, паведамляе Bloomberg. Мадэратары сацсеткі вывучаюць спасылкі і малюнкі, якія перасылаюць карыстальнікі, а таксама іх асабістую перапіску, калі чат «пазначаны для праверкі мадэратарамі». Калі кантэнт не адпавядае правілам сацсеткі, то ён блакуецца або выдаляецца. Мэта зрабіць зносіны бяспечнымі — добрая, але гэта азначае, што канфідэнцыяльнасць перапіскі можа парушацца. Карыстайцеся «Фэйсбукам» асцярожней.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.