Вы тут

Што рабіць, калі ўкусіў клешч?


Кляшчы з'яўляюцца ранняй вясной у сонечныя дні на праталінах. Вось і сёлета першыя звесткі аб тым, што кляшчы атакавалі людзей, прыйшлі з Брэсцкай вобласці. Пікі іх актыўнасці прыпадаюць на май — чэрвень і жнівень — верасень. Гэтыя невялікія істоты з'яўляюцца пераносчыкамі многіх хвароб. Самыя распаўсюджаныя з іх — клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз. Чым жа яны небяспечныя?


Клешчавы энцэфаліт — гэта інфекцыя, якая характарызуецца ліхаманкай, інтаксікацыяй і пашкоджаннем галаўнога і спіннога мозга. Ён можа прывесці да ўскладненняў неўралагічнага або псіхіятрычнага характару або нават смерці.

Лайм-барэліёз — інфекцыя, якая «б'е» па суставах, сэрцы, нервовай сістэме, вачах. Як і ў выпадку з клешчавым энцэфалітам, заражэнне можа скончыцца лятальным канцом.

— Кляшчы сядзяць на нізкай траве, на хмызняку, — кажа Уладзімір Пашковіч, загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. — Высока яны не ўздымаюцца і на людзей з дрэваў не падаюць — дарэчы, гэта адно з устойлівых памылковых перакананняў. Яны сядзяць у позе чакання. Калі праходзіць чалавек або жывёла і дакранаецца да галінкі з кляшчом, то ён чапляецца пярэднімі лапкамі за ахвяру і пачынае паўзці туды, дзе крывяносныя сасуды вельмі блізка прылягаюць да скуры. Гэта, як правіла, пахавая вобласць, падмышачныя ўпадзіны. І як толькі клешч дабраўся да такога месца, ён пачынае сваю «чорную справу». Па досведзе мінулага году, колькасць заражаных Лайм-барэліёзам кляшчоў даходзіла да чвэрці ад агульнай колькасці. Прыкладна 3,5 % былі заражаны клешчавым энцэфалітам. Здараецца так, што адна істота адначасова з'яўляецца пераносчыкам дзвюх хвароб.

Клешч сваімі парнымі сківіцамі пракусвае скуру і ўводзіць у рану джала. Ён выдзяляе спецыяльныя рэчывы, якія перашкаджаюць згортванню крыві, каб джала не захрасла ў ране, і клейкае рэчыва, каб утрымацца на скуры. Адчуць момант укусу немагчыма — агрэсар пры ўкусе ўводзіць анестэтык.

Пасля ўкусу клешч выглядае, як вішнёвая костачка. Насмактаўшыся крыві, ён звычайна павялічваецца ў 10—15 разоў. Прычым звычайна ў дыяметры яго памер не перавышае аднаго-двух міліметраў. Пасля гэтага ён адпадае. Правесці на целе ён можа ад трох да чатырох сутак.

— Магчымасць «падчапіць» маленькага шкодніка існуе не толькі ў лясах, парках і скверах, але і на прысядзібным участку, калі на ім ёсць няскошаная трава, непрыбранае з восені апалае лісце, ламачча, — працягвае Уладзімір Пашковіч. — Можна нават сказаць, што гэта не кляшчы жывуць сярод людзей, а мы жывём сярод кляшчоў. Трэба прывыкнуць да іх, як да камароў, да мух, да мурашак. Кляшчы — вельмі старажытныя насякомыя. Любых цеплакроўных істот — і жывёл, і чалавека — яны разглядаюць як сваю ежу.

— Таму пасля прагулак трэба аглядваць сваё цела, — гаворыць афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ.Вырашылі выйсці на вуліцу з хатнім гадаванцам — абавязкова трэба агледзець і яго. Калі шкоднае насякомае на вас усё-такі засела, то яго трэба дастаць. У ідэале трэба звярнуцца ў раённы траўмапункт. Там акажуць кваліфікаваную дапамогу, кляшча накіруюць на даследаванне і прызначаць курс антыбактэрыяльнай тэрапіі. Але калі да ўрачоў ад вас далёка, то дастаць «вампіра» можна і самастойна. Для гэтага трэба захапіць кляшча ніткай, завязаць яе ў вузел як мага бліжэй да хабатка, затым павольна яго разгойдваць і падцягваць уверх. І ў любым выпадку, кляшча трэба аднесці ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, дзе яго правераць на заражанасць. Месца ўкусу трэба апрацаваць антысептыкам. Гэта можа быць ёд, зялёнка, перакіс вадароду. Пасля чаго старанна вымыйце рукі з мылам.

Даволі распаўсюджаная памылка — што трэба капнуць на кляшча алеем. Маўляў, ён задыхнецца і будзе бясшкодным. Гэты варыянт кепскі тым, што насякомае ў далейшым не будзе прыдатна для даследаванняў на наяўнасць узбуджальнікаў захворванняў. Яшчэ адна памылка — спроба сілай адарваць кляшча ад цела. Ротавы апарат надзейна фіксуе яго на скуры. Таму вынікам такіх спроб стане тое, што галоўка застанецца трывала прымацаванай, што выкліча запаленчую рэакцыю.

У наступныя дні пасля ўкусу ўважліва сачыце за сваім самаадчуваннем: у выпадку з'яўлення недамагання, галаўнога болю, павышэння тэмпературы, болю ў мышцах неадкладна зноў звярніцеся да ўрача.

Але звесці да мінімуму магчымасць падчапіць непажаданую маленькую істоту падчас адпачынку на прыродзе цалкам рэальна. Пажадана, каб вопратка была светлых колераў і аднастайнай расфарбоўкі. У такім выпадку своечасова заўважыць на ёй жывыя «кропачкі» будзе куды больш рэальна. Кляшчы, як правіла, напаўзаюць з раслін і хмызняку на ўзроўні ніжніх канечнасцяў цела і заўжды падарожнічаюць па вопратцы ўверх. Таму штаны пажадана пры магчымасці заправіць у абутак або гольфы ці шкарпэткі з трывалай рызінкай. Манжэты рукавоў павінны шчыльна прылягаць да цела. Галаву трэба абараніць капюшонам або шапкай.

Знаходзячыся ў лесе, не садзіцеся і не кладзіцеся на траву. Так вы станеце ідэальнай прынадай для маленькіх зубасцікаў. Калі ж без начлегу не абысціся, то лепш выбраць для гэтага тэрыторыю, пакрытую пяском і пазбаўленую травы. А супраць кляшчоў таксама можна і трэба выкарыстоўваць рэпеленты, апрацоўваючы імі вопратку.

Як бачым, засцерагчыся ад няпрошаных насякомых даволі проста. Таму хай паходы на прыроду пройдуць для вас без праблем!

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.