Вы тут

Вам павестка… ў кінатэатр!


  “Беларусьфільм” зняў стужку пра сучасную армію. Прэм’ера сёння.

Многія кінакрытыкі сыходзяцца на думцы, што лепш за ўсё беларускія кіношнікі ўмеюць здымаць фільмы пра вайну. Вось і гэтым разам нацыянальная кінастудыя прапаноўвае нам кіно пра “хлопцаў у форме”. Праўда, падзеі адбываюцца не падчас Вялікай Айчыннай, а ў нашыя дні. І ў цэнтры сюжэта не адважны герой, а зусім яшчэ зялёны малады праграміст, якога чакае служба ў арміі. Замест таго, каб гуляць у “танчыкі” на камп’ютары, ён вымушаны засвоіць прафесію танкіста на справе.

- Фільм “Не гульня” – гэта не класічная экранная гісторыя, а спроба адлюстраваць сучасныя рэаліі. Такіх хлопцаў, як Аляксей (галоўны герой – рэд.), па ўсёй краіне дзясяткі тысяч. Многіх хутка прызавуць у армію. Чаго ад яе чакаць, яны не ведаюць. Служба сёння авеяна шматлікімі міфамі. Моладзь пачынае забываць, навошта яна ўвогуле існуе, - лічыць  дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі. – Асноўны пасыл фільма: нагадаць пра спрадвечны ганаровы мужчынскі абавязак – быць гатовым у любы момант стаць на абарону сваёй Радзімы. Нездарма кажуць, што  “народ, які не хоча карміць сваю армію, будзе карміць чужую”.

Галоўная роля ў фільме дасталася ўзыходзячай зорцы Купалаўскага тэатра Паўлу Паўлюцю.

Выканаўца галоўнай ролі Павел Паўлюць (злева)

Кампанію на здымачнай пляцоўцы яму саставілі зусім маладыя акцёры – Барыс Шумілін, Эльдар Данільчык, Антон Жукаў, Арсеній Ільіных, Мікіта Лубянько. Адслужыць паспеў толькі апошні. Астанія яшчэ вучацца, хтосьці толькі рыхтуецца памяняць здымачны павільён на казармы:

- Мяне прызвалі восенню, але калі ў ваенкамаце даведаліся, у якім кіно я здымаюся, далі адтэрміноўку на паўгады, - распавёў Эльдар. - Кіно ў некаторым сэнсе дапамагло мне зазірнуць унутр армейскага жыцця, зразумець парадкі, побыт. Перад здымкамі мы ўсе прайшлі сапраўдны курс маладога байца. І цяпер я прыблізна ўяўляю, што чакае мяне ў бліжэйшы час. У фільме я быў танкістам, а ў жыцці хацеў бы патрапіць у пагранвойскі. 

Дарэчы, многія беларускія артысты ў свой час таксама адслужылі – Уладзімір Мулявін, Уладзімір Гасцюхін, Аляксандр Ціхановіч, Анатоль Ярмоленка. Нікому з іх служба не перашкодзіла ў творчасці, а некаторым толькі паспрыяла ў гэтым. Напрыклад, Аляксандр Саладуха навучыўся граць на гітары менавіта ў арміі.

- У фільме мы паспрабавалі абагуліць досвед Узброенных сіл Беларусі за апошнія гады. Так, на экранах разгарнецца эпізод з палаючым цягніком. Ён меў месца ў 1999 годзе, калі курсант Ваеннай акадэміі Дзмітрый Гвішыані цаной уласнага жыцця кінуўся тушыць месца ўзагарння, - падзяліўся сцэнарыст Канстанцін Гагарын.

Кадр з фільму "Не гульня"

Здымкі фільма праходзілі ў Мінску, на “Лініі сталіна”, Кургане Славы, пад Барысавам, у Лунінцы. Дэкарацыямі паслужылі сапраўдныя воінскія часці, большая частка рэквізіту – тэхніка, якой сёння карыстаюцца нашы салдаты. А дзеля рэалістычнасці адной са сцэн прыйшлося насамрэч падпаліць цягнік.

Убачыць карціну можна ва ўсіх кінатэатрах краіны. Сёння (11 красавіка) паказы пачнуцца ў Мінску, у рэгіёнах – с заўтрашняга дня.

Народ стаміўся ад аднатыпных галівудскіх блокбастэраў і мудрагелістых арт-хаусных стужак. “Дайце нам нармальнае кіно з адэкватнымі героямі: не сінімі двухмятровымі дзівакамі, не німфаманкамі і не серыйнымі забойцамі, а звычайнымі людзьмі, якіх хвалююць звычайныя чалавечыя праблемы!”

ГЭТА ЦІКАВА

Спецыяльна для фільма на кінастудыі стварылі макет савецкага танка Т-26 у натуральную велічыню. Над бутафорскай машынай напрацягу месяца працавала каманда з дзесяці чалавек.

- Наш танк нагадвае канструктар: у ім 4000 дэталей! Пры неабходнасці яго можна разабраць і раскласці па спецыяльным скрыням, так зручней перавозіць танк з месца на месца, - расказаў начальнік цэха дэкаратыўна-тэхнічных пабудоў Юрый Асокін. - На “Беларусьфільме” мы ўжо канструявалі падобныя баявыя машыны - Т-3, Т-34. А цяпер працуем над верталетам МІ-2.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.