Вы тут

Сумленная і адкрытая размова з Прэзідэнтам


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка сустрэўся з кіраўнікамі і супрацоўнікамі найбуйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Сустрэча прайшла на базе Белтэлерадыёкампаніі. У тэлестудыі разам з кіраўніком дзяржавы прысутнічалі больш за 130 журналістаў, якія прадстаўлялі Белтэлерадыёкампанію, Другі нацыянальны тэлеканал, Сталічнае тэлебачанне, інфармагенцтва БЕЛТА, рэдакцыю газеты «СБ. Беларусь сегодня», Выдавецкі дом «Звязда» і нацыянальны філіял Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир». Шчырая гутарка доўжылася каля чатырох гадзін.

Аляксандр Лукашэнка адразу прапанаваў правесці сумленную і адкрытую размову. Прадстаўнікі найбуйнейшых сродкаў масавай інфармацыі мелі магчымасць наўпрост задаць пытанне кіраўніку дзяржавы. Фармат «адкрытай студыі» дазволіў закрануць тэмы, якія найбольш абмяркоўваюцца ў грамадстве, у тым ліку папраўкі ў закон аб СМІ, неабходнасць змен у Канстытуцыі, мемарыял у Курапатах і іншыя.


Інфармацыйныя войны горшыя за ядзерныя

На пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён прыйшоў не на прэс-канферэнцыю, а на шчырую гутарку. «У нас тут няма праплачаных, няма тут сваіх і чужых. Мы ўсе робім адну справу», — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што на сустрэчу прыйшлі не проста журналісты, але грамадзяне, свядомыя і адукаваныя, добра інфармаваныя. Мэта размовы адна — каб была карысць для ўсіх прысутных.

Нагодай для такой сустрэчы стаў пачатак новага этапу ў дзейнасці журналістаў. Працаваць у гэтай сферы па-старому нельга, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым казаць, што раней было дрэнна, не варта, бо без таго добрага, што ўжо створана ў журналістыцы, новы віток развіцця немагчымы. «Я ўвогуле прыхільнік не разбурэння, а стварэння. Я прыхільнік не рэвалюцыі, а эвалюцыйнага працэсу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што рэвалюцыі патрабуюць выдаткаў і пасля — ліквідацыі наступстваў. «Нашы журналісты — гэта святыя людзі. У іх яшчэ цепліцца, нягледзячы на тое, што свет ашалеў, адурэў, шчырасць, дабрыня і праўдзівасць. Гэта якасці, якія я цаню ў любым калектыве, у любым чалавеку», — сказаў Прэзідэнт.

Сутнасць новага этапу — не столькі ў кадравым абнаўленні, хоць і гэта важна. Задача для кіраўніцтва, перш за ўсё дзяржаўных тэлеканалаў, газетных холдынгаў, якую ставіць сам час, — барацьба за розумы і душы беларусаў. Інакш незалежную Беларусь будаваць немагчыма. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што мы жывём у вельмі насычанай інфармацыйнай прасторы, любыя факты распаўсюджваюцца са скорасцю гуку — і пазітыўныя, і негатыўныя. «Усё гэта ператварылася сёння ў інфармацыйную вайну», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай XXІ стагоддзя. СМІ сталі ўзбраеннем, якое нават больш магутнае, чым ядзернае. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету. Таму свабода слова мае і адваротны бок.

«Ужо стала брэндам, што Беларусь — выключна мірная краіна. Ніякая агрэсія ніколі не будзе зыходзіць з нашай зямлі. Але і ў крыўду мы не павінны сябе даваць як у ваенным, так і ў інфармацыйным дачыненні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. І вайны ў традыцыйным разуменні без інфармацыйнай быць не можа, лічыць ён, таму ўсё пачынаецца з журналістаў, задача якіх — фарміраваць канструктыўную грамадскую думку праз своечасовую аб'ектыўную падачу матэрыялаў. Па словах Прэзідэнта, сёння людзі стаміліся ад інфармацыйнай сметніцы, у якую іх спрабуюць акунуць, выкарыстоўваючы сусветнае сеціва. Але якасць інфармацыі залежыць перш за ўсё ад тых, хто стварае кантэнт. Таму ўсё больш запатрабаванай становіцца якасная журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, дакладнымі фактамі, глыбокай аналітыкай.

Зрабіць памылку не страшна, горш — не рабіць нічога

Актуальная задача для тэлебачання — поўны пераход вяшчання на фармат высокай якасці. І хоць некаторыя нашы тэлеканалы ўжо перайшлі на яго, але амаль увесь свет гэта зрабіў ужо досыць даўно. Праўда, такі фармат патрабуе выключна якаснай аператарскай работы, каб «карцінка звінела». Таму кіраўнік дзяржавы прапанаваў хоць бы двух-трох аператараў ад кожнага тэлеканала вучыць асобна, каб яны стваралі сапраўды якасную карцінку.

У прапановах змяненняў у закон аб СМІ, задача якіх — абараніць беларусаў ад неправеранай, несапраўднай інфармацыі, ёсць норма для тэлебачання і развіцця айчыннага кантэнту. «Гэта стане моцным стымулам праграм і матэрыялаў, якія паказваюць дасягненні нашай краіны за гады незалежнасці», — сказаў Прэзідэнт і дадаў, што з дапамогай журналістаў Беларусь мусіць дастойна гучаць на палітычнай, спартыўнай і культурнай арэнах.

Асобнае пытанне — хто і дзе рыхтуе будучых работнікаў сродкаў масавай інфармацыі. Падаецца, што праблем не павінна быць, бо ў краіне ёсць профільны інстытут, аднак у сферы журналістыкі працуе хто хочаце, але часта не яго выпускнікі. У гэтым няма нічога дрэннага, але пажадана, каб людзі адразу арыентаваліся і траплялі ў профільную ВНУ. «Задача Інстытута журналістыкі — знаходзіць, шукаць, выхоўваць таленавітых людзей, зрабіць з іх баявыя адзінкі на інфармацыйным полі. Сёння ж частка нашых студэнтаў, на жаль, сыходзіць незразумела куды. Гэта дрэнна, і над гэтым трэба сур'ёзна папрацаваць і кіраўніку Адміністрацыі, і яе новаму намесніку. Гэта праблема ўсіх нашых ВНУ», — лічыць Прэзідэнт.

Наперадзе маштабныя мерапрыемствы — Еўрапейскія гульні, дзіцячае Еўрабачанне, чэмпіянат свету па хакеі. «Я ўпэўнены, што вы асэнсоўваеце, якія надзеі народ ускладае на вас (журналістаў. — «Зв».). І хацелася б, каб вы не чакалі ніякіх штуршкоў, ніякіх імпульсаў. Дзейнічайце! Выдавайце ідэі, стварайце, дасягайце поспехаў. Але нават калі вы памыліцеся — за памылку ж ніхто не карае», — кажа кіраўнік дзяржавы. Горш за ўсё, калі журналіст нічога не робіць, працуе па-старому, па каляі.

Інфармацыя з першых вуснаў. Ад чыноўнікаў!

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і пра стаўленне да свабоды выказваць сваё меркаванне, калі яно не прыносіць шкоды грамадству. «Калі чалавеку рот закрыў — на кухні ты ж кожнаму рот не закрыеш. Гэта будзе зусім дрэнна», — лічыць Прэзідэнт. Напрыклад, калі збіраецца нарада з удзелам кіраўніка дзяржавы, то заўжды заклікаюць некалькі чалавек з адрознымі пунктамі гледжання, і іншых падыходаў быць не можа, падкрэсліў ён.

Ірына Акуловіч, нядаўна прызначаны генеральны дырэктар БЕЛТА, звярнулася да тэмы інфармацыйнай бяспекі. «Сфера інфармацыйных войнаў — непазнаная, гэта сапраўды ў большасці — псіхалогія. Вы кажаце, што трэба змагацца за розумы і душы, але маніпуляваць жа імі нельга. А маніпулююць», — сказала яна.

У час, у які хутка развіваюцца тэхналогіі, быць першымі становіцца няпроста, а гэта — неабходна. «Калі ты другі ў журналістыцы — ты ўжо дакладна не паспеў. Часам хочацца, каб нашы кіраўнікі ўсіх рангаў і ўзроўняў разумелі, што раз ёсць нейкая інфармацыя, то ёй трэба дзяліцца з журналістамі», — заўважыла Ірына Акуловіч.

У адказ кіраўнік дзяржавы заявіў: «Чыноўнікі, а асабліва міністры, абавязаны ўмець размаўляць з журналістамі. Па яго словах, «інакш невырашанымі імі пытаннямі, па якіх можна было б дасягнуць паразумення, даводзіцца займацца кіраўніку дзяржавы».

У сваю чаргу Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, адзначыла, што зараз гэта пытанне пільна адсочваецца. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў уводзіць больш жорсткія «санкцыі» для тых чыноўнікаў, якія не гатовы размаўляць са СМІ. «Тузаніце так, каб было балюча камусьці. Каб усе зразумелі, што будзе непанадна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь спартыўная

Станіслаў Ліпскі, вядучы Белтэлерадыёкампаніі, падзяліўся, што нядаўна прысутнічаў на сустрэчы з параалімпійцамі і алімпійцамі, падчас якой гутарка ішла аб зімніх відах спорту. Калі паглядзець праўдзе ў вочы, то актуальная зараз сітуацыя і з летнімі відамі спорту. Тым больш напярэдадні Еўрапейскіх гульняў.

Па словах кіраўніка дзяржавы, зараз — самы час задумацца над тым, ці будзем мы надалей развіваць зімнія віды спорту, калі ўлічыць, што не так шмат увагі ўдзяляецца летнім. «Я лічу, што мы павінны захаваць як зімнюю (па відах спорту. — «Зв».) краіну Беларусь. І таму я анансаваў нямала будоўляў, каб можна было рыхтавацца ў любую пару года», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Папраўкі ў законы

Гаворачы пра Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе законы «жывыя» і жыццё патрабуе змен. Нават калі параўнаць той час, калі прымаўся галоўны дакумент краіны, і сучаснасць, яны адрозніваюцца. Але пакуль момант для змянення Канстытуцыі не настаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што «некаторыя функцыі ад Прэзідэнта павінны перайсці да іншых галін улады».

Асабліва неабходна ўзмацніць ролю выканаўчых органаў, каб некаторыя пытанні эфектыўна вырашаліся на месцах, а не толькі з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Прагучала і тэма змен закона «Аб сродках масавай інфармацыі», якія былі анансаваны некаторы час таму. Наконт дакумента Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Калі ён да мяне паступіць, я хачу, каб вы былі задаволеныя гэтым законам».

Зараз ён яшчэ прапрацоўваецца. Прэзідэнт выказаў пажаданне, каб усе працавалі ў роўных умовах і канкурыравалі. Калі ёсць пэўны пункт погляду, можна абмеркаваць. А калі пад нікнэймамі хаваюцца тыя, хто прапагандуе нешта незаконнае, то за гэта неабходна адказваць.

Палітыка і гісторыя

Па пытанні мемарыяла ў Курапатах Аляксандр Лукашэнка даручыў прывесці месца ў парадак. Пахаваныя жадаюць пакою, а жывыя павінны мець магчымасць прыйсці туды дзеля ўшанавання памяці. Трэба добраўпарадкаваць, прыняць рашэнне аб помніку ці іншым мемарыяле, і «на гэтым палітыка на касцях будзе завершана», падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму святкавання 25 сакавіка і адзначыў, што ролю БНР у гісторыі неабходна яшчэ ацаніць і зразумець. Сітуацыя ў той час была няпростая і неадназначная. На сёння ў нас ужо існуе Дзень Незалежнасці, які мы адзначаем 3 ліпеня, і разумеем значэнне абранай даты.

Тэлецэнтр будзе, але не зараз

Кіраўнік тэлерадыёкампаніі «Мир» Уладзімір Пярцоў расказаў пра казахстанскі вопыт, як у Астане пабудавалі новы комплекс для тэлеканалаў, і прапанаваў зрабіць падобны і ў Беларусі, каб ён стаў упрыгажэннем сталіцы. Прэзідэнт паабяцаў, што мы гэта зробім, але не зараз. На парадку дня правесці Еўрапейскія гульні, іншыя важныя мерапрыемствы, дабудаваць сацыяльныя аб'екты. Але гэты праект возьмуць на прапрацоўку.

Галоўны дырэктар Агенцтва тэлевізійных навін Сяргей Гусачэнка закрануў тэму падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. Дарэчы, на журналісцкіх спецыяльнасцях першай ступені вышэйшай адукацыі зараз вучацца 1263 чалавекі ў чатырох ВНУ краіны. Па яго словах, далёка не заўсёды на практыку прыходзяць мэтанакіраваныя і кампетэнтныя студэнты. Сітуацыю неабходна аператыўна мяняць, таму Сяргей Гусачэнка прапанаваў, напрыклад, увесці журналістыку ў якасці факультатыву на іншых спецыяльнасцях.

Адказваючы на гэта, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сам калісьці думаў паступаць на журфак. Прэзідэнт пагадзіўся, што прафесія асаблівая і неабходна падбіраць тых, хто запатрабаваны ў ёй. Калі рабіць нейкія профільныя класы ці факультатывы, то гэта, на думку кіраўніка дзяржавы, справа саміх СМІ і можа працаваць па тым жа прынцыпе, як у ІТ-кампаніях. Калі студэнтка 3-га курса Інстытута журналістыкі БДУ Лідзія Заблоцкая адзначыла, што справа ў тым, што не хапае практыкі, Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ў жыцці не ўсё адразу атрымліваецца і, калі ёсць жаданне, а ў СМІ існуе патрэба, трэба знаходзіць перасячэнне інтарэсаў.

Ад інтэрнэт-карыстальнікаў

Белтэлерадыёкампанія дала магчымасць сваім гледачам задаць пытанне Прэзідэнту. За суткі прыйшло больш за 700 паведамленняў. Аляксандру Лукашэнку агучылі самыя цікавыя. Напрыклад, спыталі, які фотаздымак для яго найбольш каштоўны. Кіраўнік дзяржавы адказаў, што і сярод асабістых, і сярод афіцыйных у яго такіх дастаткова. Гэта і здымак, як ён вучыў сына Мікалая ў хакей гуляць, і чорна-белае фота пасля першых прэзідэнцкіх выбараў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў некаторыя з іх апублікаваць, калі гэта цікава людзям.

Безумоўна, увагі да першай асобы дзяржавы шмат, таму часам дзейнасць Прэзідэнта стварае трэнды ў інтэрнэце. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што працуе не для піяру: «Піярыцца трэба на рэальным, каб менш было перабольшанняў і хлусні».

Надзея АНІСОВІЧ, Вераніка ПУСТАВІТ


Каментарый у тэму

Юрый ПРАКОПАЎ, намеснік галоўнага дырэктара Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі:

— Мне, як удзельніку падобнай сустрэчы ў 2004 годзе, было цікава, што падчас цяперашняй размовы ўсплыло пытанне, якое я задаваў тады. Я ўздымаў праблему, што складана ўзаемадзейнічаць з чыноўнікамі, яны не хочуць даваць інтэрв'ю, каментарыі. Тады не было ні прэс-сакратароў, ні сайтаў, мабільная сувязь толькі ўваходзіла ў наша жыццё. Як аказалася, гэтая праблема стаіць да гэтага часу. Вельмі важна, што журналісты і Прэзідэнт разумеюць яе менавіта ў кантэксце інфармацыйнай бяспекі. Калі ў нас не будзе ўзаемадзеяння на гэтым узроўні, нам будзе больш складана выходзіць на нейкія абагульненні і іншыя аспекты, звязаныя з бяспекай.

Прэзідэнт застаўся верны свайму амплуа гаварыць адкрыта і шчыра. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што можна дзесьці пераступіць цераз сябе, сказаць няпраўду, запусціць нейкі фэйк, але самім жа потым будзе сорамна за тое, што калісьці напісалі ці сказалі. Менавіта сумленнасць, шчырасць і справядлівасць хацеў бы бачыць Прэзідэнт у нашых рэпартажах, нашых артыкулах і працы.

Тэнгіз ДУМБАДЗЭ, вядучы АНТ, журналіст:

— Адчуванне, што адбылася адкрытая размова, дзе можна было чарговы раз убачыць перад сабой не проста чалавека, які ўзначальвае дзяржаву, а чалавека, які вельмі шмат для гэтай дзяржавы зрабіў і сабраў тут людзей, якія застаюцца ў камандзе і ведаюць, чым дыхаюць народ і краіна. Самае галоўнае тое, што для кожнага журналіста такая сустрэча шмат чаго каштуе. Мы пачулі на простай мове каментарыі да вельмі сур'ёзных рэчаў, гэта важней за ўсё, я думаю. Фармат, як мне здаецца, Прэзідэнт чакаў трохі іншы: дзесьці была скаванасць нашых СМІ, таму што не прывыклі, пераводзілі абмен меркаваннямі ў прэс-канферэнцыю. Тое, што хацеў Прэзідэнт, было б проста ідэальна, але не памыляецца той, хто не робіць нічога. Не думаю, што гэта той выпадак, калі можна сказаць «першы блін камяком», зусім не. У любым выпадку ёсць да чаго імкнуцца, і я ўжо ўяўляю, як наступны раз падобная сустрэча можа прайсці.

Уладзімір ПЯРЦОЎ, кіраўнік нацыянальнага прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир»:

— Усё прайшло на адным дыханні. Заўсёды прэс-сакратар Прэзідэнта акцэнтуе ўвагу, што сустрэча ідзе тры, чатыры гадзіны, але, непасрэдна ўдзельнічаючы ў размове, гэтага не заўважаеш. Слухаючы Прэзідэнта, здзіўляешся, наколькі глыбока кіраўнік дзяржавы, чалавек, у якога такі маштаб работы і такая колькасць праблем, паглыблены ў нашу спецыфічную тэматыку медыяіндустрыі, наколькі ён разбіраецца і адразу можа знаходзіць адказы на імправізаваныя пытанні. Я ведаю ад сваіх замежных калег, што яны высока цэняць вось гэту якасць у нашым Прэзідэнце, яна на самай справе рэдка сустракаецца. Ведаеце, у іншых кіраўнікоў дзяржаў ёсць суфлёры, маніторы, асістэнты, падказчыкі, а мы тут усе сядзелі і бачылі, што ён адразу адказвае і рэагуе на пытанні, маштабныя тэмы, якія прагучалі на гэтай сустрэчы.

Яўген ПЕРЛІН, вядучы Белтэлерадыёкампаніі, журналіст:

— Было класна, што Прэзідэнт гаварыў адкрыта, што атрымалася амаль не прэс-канферэнцыя, а сапраўды дыялог. Усё ж такі журналісты схільныя задаваць пытанні, але тым не менш пагаварылі на такія тэмы, на якія не атрымліваецца пагаварыць падчас інтэрв'ю і мерапрыемстваў, дзе ёсць магчымасць пагутарыць з Прэзідэнтам. Самая крутая эмоцыя — вельмі шмат асабістых момантаў ён расказваў, таго, што не ўсплывае ў кантэксце розных падзей.

Натуральна, ёсць сэнс пасля такога правесці «Вялікую размову», хоць гэта вырашаць Прэзідэнту. Не ўсе пытанні былі зададзены, я ўпэўнены, іх будзе больш, бо сёння мы хутчэй гаварылі аб праблемах у журналістыцы, а «Вялікая размова» значна шырэйшая.

Кірыл КАРАБАН, студэнт 4-га курса Інстытута журналістыкі БДУ:

— Мне вельмі спадабаўся такі фармат сустрэчы з Прэзідэнтам, важна, што пазвалі нас — студэнтаў, бо мы і ёсць тыя самыя будучыя кадры ў сферы журналістыкі. Мы спыталі тое, што хацелі, дадам, што журфак БДУ — гэта ўнікальнае месца, дзе збіраюцца адны з самых творчых асоб краіны. Мы згодныя з тым, што гэту сістэму атрымання ведаў можна рэфармаваць, але было б здорава, каб меркаванне студэнтаў пры гэтым улічвалася: каму, як не нам, ведаць, што канкрэтна трэба паправіць. Напрыклад, мы вельмі хацелі б бачыць у сябе больш выкладчыкаў-практыкаў. Тут было сказана, што студэнты Інстытута журналістыкі не заўсёды разумеюць, што трэба рабіць, але я ўпэўнены, што адзіныя людзі, якія маглі б нам дапамагчы, гэта і ёсць тыя самыя прафесіяналы.

Не згодны, што патрэбны толькі факультатывы па журналістыцы, бо журналіст — чалавек універсальных ведаў, таму ён павінен атрымаць вышэйшую адукацыю на базе БДУ, разам з тым гэта адна з самых практыка-накіраваных прафесій, таму нам трэба больш вучыцца ў працуючых журналістаў. Яны ў нашым інстытуце ёсць, але працуюць са студэнтамі з 3-га курса, да таго ж яны часцей вядуць спецыялізаваныя курсы. Ды і калі мы прыходзім у СМІ, нас не заўсёды сустракаюць сардэчна. Выкладчыкі-практыкі маглі б быць тым сувязным звяном паміж студэнтамі і рэдакцыямі СМІ.

Ганна ЭЙСМАНТ, вядучая спартыўных праграм Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі:

— Па-першае, я, напэўна, як і Прэзідэнт, настальгіравала па былых часах і думала: божа мой, 14 гадоў — гэта так шмат! А з другога боку, у рамках усяго жыцця гэта і невялікі тэрмін. Сапраўды, 14 гадоў таму Аляксандр Рыгоравіч быў тут у нас у гасцях, памятаю гэту сустрэчу. Я была яшчэ студэнткай факультэта журналістыкі, але ўжо працавала ў эфіры.

Сёння студэнты выказвалі сваё меркаванне, гэта вельмі важна — так блізка ўбачыць кіраўніка дзяржавы і ўступіць з ім у дыялог. Гэта ўсё рэальна. Як рэальна трапіць на тэлебачанне і працаваць тут, не толькі ў кадры. Мая гісторыя менавіта такая.

Прыемна, што сёння адбылася добрая, адкрытая гутарка. Падымаліся розныя тэмы. Мне, вядома, найбольш блізкая тэма спорту. Зараз працую над фільмам пра суверэнны біятлон, а яго ўзрост такі ж, як і ў нашай дзяржавы. Што за гэты час адбылося, чым мы можам ганарыцца, якія ў нас былі праблемы і чаму — пра ўсё гэта будзе расказваць фільм.

Ведаючы, што Прэзідэнт неабыякавы да спорту, было цікава паслухаць яго меркаванне з нагоды Еўрапейскіх гульняў, і вельмі правільна, што ён акцэнтаваў на гэтым увагу. Сапраўды, усе сілы трэба зараз кінуць, каб правесці іх на высокім узроўні. Як мы гэта ўжо ўмеем рабіць.

Шчасце, што ў нас такія форумы праводзяцца. Падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе адбылося сапраўднае свята, еднасць не толькі паміж беларусамі, але і паміж гасцямі, якія прыехалі ў краіну. Гэта галоўнае. Спорт даказвае, што мы здольныя на многае. У нас ёсць сілы і ёсць жаданне.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Кампетэнтна пра надзённае

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.