Вы тут

Аўтар намінаванага на «Оскар» фільма «Леў» у нашых кінатэатрах


Мы паглядзелі чарговы фільм пра жыццё Ісуса Хрыста, толькі гэтым разам убачылі біблейскі сюжэт вачыма апостала Марыі Магдаліны — той, што насуперак сваёй сям'і пайшла за Хрыстом, пераадолела разам з ім складаны шлях да смерці на крыжы і першай убачыла яго пасля ўваскрэсення. Стваральнікі фільма «Марыя Магдаліна», і ў прыватнасці рэжысёр Гарт Дэвіс, з гучным слоганам «яе гісторыя будзе расказана ўпершыню» сканцэнтраваліся на сціплай, але адважнай жаночай фігуры — яе перажываннях, падтрымцы і яе... любові. Ці каханні?


Хочаш не хочаш, а пытанне пра пачуцці паміж Хрыстом і Марыяй узнікае. Вонкава карціна выглядае надзвычай нявіннай — аскетычныя пейзажы і дамы, традыцыйнае грамадства, простая работа людзей, іх звычайныя жаданні, закрытае адзенне, вочы ўніз. Але здаецца, Гарт Дэвіс гулліва папрацаваў з другім планам, дзе рухі, позіркі і словы гавораць пра патаемныя пачуцці, а галоўнае — самі акцёры правакуюць смелыя дапушчэнні. Хаакін Фенікс і Руні Мара з іх фільмаграфіяй, папулярнымі вобразамі, гісторыямі кахання, сексуальнымі сцэнамі наўрад ці падыходзяць на ролі галоўных біблейскіх персанажаў, калі толькі іх жыццёвы багаж не павінен за сабой нешта прынесці. Прынамсі, гэта цікавы кірунак разваг, як мінулае акцёраў уплывае на стварэнне важных вобразаў.

Увогуле сюжэты, у якіх Ісус Хрыстос з Марыяй Магдалінай выступаюць парай — канешне, не навінка, даходзіць нават да непрыстойных анекдотаў. Затое ў фільме Гарта Дэвіса вы знойдзеце вельмі далікатную і ледзь заўважную сэнсавую лінію, у якой каханне Марыі Магдаліны падтрымлівае Хрыста ў час яго турбот, а ён пасля смерці ў першую чаргу прыходзіць да «каханай».

Гэтай далікатнасцю вартасці карціны, напэўна, абмяжоўваюцца, бо ў цэлым «Марыя Магдаліна» стала зборам уласных і не вельмі цікавых поглядаў на вядомы сюжэт і банальных дыялогаў без мэты і грунтоўнага сэнсу. Аўтары зрабілі Марыю Магдаліну галоўным персанажам — жанчына аказалася сярод апосталаў, села поруч з Хрыстом падчас тайнай вячэры, змагла выказаць свае меркаванні (да якіх прыслухоўваюцца). Адсюль у лік апосталаў увайшлі афраамерыканцы, а адсюль — фільм стаў звычайным кан'юнктурным праектам, таму пра чыстае мастацтва, пасыл і аўтарскае бачанне думаць складана.

Цікава таксама, як прапісаны ў фільме вобраз Марыі Магдаліны. Яе абавязак служыць натхненнем і падтрымкай Хрысту, канешне, адсеяў сумнеўнае, але папулярнае прадстаўленне гераіні як блудніцы. Відаць, такое рэнамэ не ўпісалася б у светлы вобраз, які імкнуліся перадаць аўтары. У цэлым у іх, канешне, ёсць права карыстацца рознымі прачытаннямі, хоць для мяне гэта чарговае ігнараванне адмоўных бакоў персанажаў і імкненне такім чынам «абяліць» герояў замест таго, каб прыняць іх такімі, якія яны ёсць.

Вядомы здраднік Іуда ў карціне Гарта Дэвіса таксама паказаны даволі своеасабліва — у нас ёсць нагоды падазраваць, што ён — вар'ят, і не тое каб здрадзіў Хрысту, а вырашыў, што той спужаўся і трэба дапамагчы яму ахвяраваць сабой, каб прыйшло Божае царства, а Іуда мог уз'яднацца з сям'ёй. Чарговая спроба перапісаць вядомы ўчынак замест таго, каб прыняць яго.

«Марыя Магдаліна» можа быць цікавай выключна тым, як камерцыйны фільм прачытвае Біблію і паказвае яе на экране. Дзіўнаватыя рашэнні прывялі да дзіўнаватага выніку — карціна Гарта Дэвіса (летась яго фільм «Леў» быў намінаваны на «Оскар») прэтэндуе на «новы позірк», але нічога новага ў сабе не нясе. Як і прыгожага, грунтоўнага, вечнага.

Фільм «Марыя Магдаліна», апроч іншага, у час барацьбы за гендарнае раўнапраўе аказаўся даволі недарэчнай спробай замацаваць месца жанчыны сярод мужчын. Таму што пракладваць ёй шлях у гэты свет праз «абяленне» і адмаўленне хай недакладнага, але распаўсюджанага вобраза распуснай жанчыны — значыць прымаць яе толькі ў зручным для сябе вобразе. Такое суседства кан'юнктуры і метадаў расказваць гісторыю нараджае дадатковыя сэнсы, свядомыя альбо не — нам невядома.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Марыя Магдаліна зноў стала каханай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».