Вы тут

Трэнінг «Лёгкія роды і нараджэнне здаровага дзіцяці»


26 красавіка ўпершыню ў Мінск прыязджае сусветна вядомы вучоны, хірург і акушэр-гінеколаг Мішэль Адэн.


Такім чынам у беларускіх мам і татаў (у тым ліку і будучых) ёсць выдатны шанц задаць свае пытанні эксперту па здаровых родах і атрымаць на іх прамыя адказы.

У прыватнасці, на трэнінгу, паводле слоў арганізатараў мерапрыемства, будуць абмяркоўвацца наступныя тэмы: Чаму жанчыны нараджаюць цяжка? Як нарадзіць лёгка? Як захаваць здароўе падчас цяжарнасці? Чаму ў сучаснага чалавека ўсё больш цяжкасцяў у зачацці, выношванні і родах? Як падрыхтавацца да цяжарнасці і родаў? Калі аперацыя кесарава сапраўды неабходная, а калі яе можна пазбегнуць? Якая роля бацькі і партнёра ў цяжарнасці і родах? Хто яшчэ можа дапамагчы цяжарнай жанчыне? Акрамя таго, вучоны-практык раскажа пра найноўшыя вынікі даследаванняў у галіне фізіялогіі родаў.

Перад выхадам нумара ў друк арганізатары паведамілі, што ўсе 350 білетаў на трэнінг Мішэля Адэна раскуплены. Але не перажывайце. Ва ўсіх ахвотных ёсць магчымасць зарэгістравацца на анлайн-трансляцыю мерапрыемства. Продаж квіткоў ужо распачаўся. Вы зможаце слухаць доктара ў рэжыме рэальнага часу, знаходзячыся ў любым населеным пункце, дома ці на рабоце. Больш за тое, у якасці бонусу ўсе ўдзельнікі анлайн-трансляцыі атрымаюць поўны запіс трэнінгу. Сачыце за навінамі на сайце oden.radzіny.by.


Дык хто ж такі Мішэль Адэн?

Імя Мішэля Адэна сёння гучыць паўсюль, дзе абмяркоўваецца пытанне родадапамогі. Хтосьці ўжо знаёмы з яго кнігамі і дзейнасцю. Хтосьці ўвесь час чуе гэтае імя, але паняцця не мае хто гэта і чаму пра яго столькі кажуць, а хтосьці знаёмы з ім асабіста і не раз наведваў яго трэнінгі і семінары. Што ж за асоба хаваецца за гэтым імем?

Мішэль Адэн — сусветна вядомы лекар-акушэр, навукоўца, пісьменнік і наватар, які ўжо каля 50 гадоў кожны дзень прымушае свет думаць пра тое, наколькі важна тое, як мы нарадзіліся, кажа пра тое, як уплывае ранні досвед на ўсё далейшае жыццё і здароўе чалавека.

Сам Мішэль Адэн нарадзіўся ў 1930 годзе ў Францыі. Яго маці была дашкольным настаўнікам, цікавілася законамі дзіцячага развіцця ў раннім узросце і была паслядоўніцай Марыі Мантэсоры. Яна часта казала Мішэлю: «Дзень, калі ты нарадзіўся, быў самым шчаслівым у маім жыцці!» Магчыма, менавіта гэтая фраза была той адпраўной кропкай, якая прывяла Мішэля Адэна да вынікаў, якіх ён дасягае з дня ў дзень.

Медыцынскую адукацыю Адэн атрымаў у Парыжы, па першапачатковай спецыялізацыі ён быў хірургам. Падчас вайны ў Алжыры служыў у французскай арміі, аказваючы дапамогу салдатам і грамадзянскаму насельніцтву ў неадкладных выпадках, у тым ліку звязаных з родамі.

У 1962-ым Мішэль узначаліў аддзяленне агульнай хірургіі ў муніцыпальнай лякарні французскага горада Піціўер. Менавіта работа ў гэтым месцы стала стартам яго глыбокага вывучэння працэсу родадапамогі.

Аказалася, што пад яго кіраўніцтвам знаходзіцца таксама невялікае радзільнае аддзяленне бальніцы, у якое звярталіся па дапамогу жанчыны з Піціўера і бліжэйшых вёсак. У той час там былі дзве акушэркі: адна дасведчаная, якая працавала ў там да прыезду Мішэля Адэна, другая прыйшла ўжо пасля яго. У гэтым аддзяленні Мішэль быў задзейнічаны толькі, каб зрабіць кесарава сячэнне, накласці шчыпцы або дапамагчы пры ўскладненнях з маткай. Але цікавасць да акушэрства пачала паглыбляцца і расці па меры яго назірання за працай і стаўленнем акушэрак, і не таму, што яны казалі або рабілі нешта незвычайнае. «Мяне ўразіла тое, што пятнаццаць гадоў, якія падзялялі гады вучобы Жызель і Габрыель, зрабілі практыку гэтых двух акушэрак зусім рознай. Напрыклад, Жызэль, якая была старэйшая, звычайна цярпліва чакала, калі з'явіцца дзіця. Пад канец родаў яна проста казала: "Не стрымлівайся, расслабся, адпусці сябе ...". Габрыель, наадварот, гарэла жаданнем рыхтаваць жанчыну да родаў з самага пачатку цяжарнасці, дапамагаць ёй кантраляваць дыханне падчас схватак. На другой стадыі родаў Габрыель звычайна камандавала: "Удыхні, выдыхні .., сачы за дыханнем .., тужся ...". Гэтая розніца прымусіла мяне зірнуць на акушэрства па-новаму. Я пачаў разумець, што акушэрства — нешта большае, чым механічныя прыёмы. І мне станавілася ўсё больш зразумела, наколькі ход родаў залежыць ад асобы і перакананняў таго, хто гэтыя роды прымае».

Афіцыйна Мішэль Адэн заставаўся хірургам, але з часам ён стаў усё часцей прымаць удзел у жыцці радзільнага аддзялення. Досвед практычнай працы прывёў яго да думкі пра тое, што час і цярпенне — гэта найлепшыя партнёры і што актыўнае ўмяшанне павінна быць ашчадным і прымяняцца толькі ў адмысловых выпадках. Крок за крокам Мішэль Адэн вывучаў працэс родаў і ўсё, што звязана з ім, надаючы асаблівую ўвагу тым акалічнасцям і аспектам, якія не датычацца медыцыны (атмасфера ў родах, асяроддзе, жадання і патрэбы жанчыны, спевы ў радавым аддзяленні, магчымасці пакідаць дзіця на грудзях ў мамы ў першыя гадзіны пасля нараджэння і інш.). Проста назіраючы за тым, што адбываецца ў родах, ён шукаў шляхі вырашэння звыклых пытанняў нязвыклымі метадамі.

Менавіта Мішэль Адэн увёў басейны для абязбольвання ў родах і пакоі з хатняй абстаноўкай у акушэрскі ўжытак (для падтрымання прынцыпу трох ЦЦЦ у родах: Цішыня, Цеплыня, Цемра). Заснаваў Навукова-даследчы цэнтр першаснага здароўя ў Лондане (дзе вывучаецца сувязь паміж тым, што адбываецца ў першасны перыяд жыцця (ад зачацця да моманту, калі дзіцяці споўніцца год), і здароўем у далейшым жыцці). Напісаў 17 кніг, апублікаваных на больш чым 20 мовах свету. На рускую мову перакладзена чатыры з іх: «Адроджаныя роды», «Кесарава сячэнне», «Навуковае пазнанне кахання», «Роды і эвалюцыя Homo sapiens». Выкладае ў трох універсітэтах, з'яўляецца аўтарам і сааўтарам больш за 100 навуковых прац. Цяпер Мішэль Адэн жыве ў Лондане і практыкуе хатнія роды, якія з'яўляюцца часткай афіцыйнай сістэмы родадапамогі Велікабрытаніі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».