Вы тут

Павел Кульша: “Я той самы барадаты мужык, які малюе коцікаў”


Імя гэтага чалавека шырока вядомае ў свеце – кніжкі з яго ілюстрацыямі прадаюцца на прасторах ад Велікабрытаніі да Індыі, а карціны ўпрыгожваюць дамы ад Расіі да ЗША. Пры гэтым сам мастак жыве ў Брэсце і піша тут у сваё задавальненне. Сёння госць "Алесі" – таленавіты Павел КУЛЬША.


– У многіх мастакоў ёсць цікавая гісторыя пра тое, як яны пачалі маляваць. Вы памятаеце, як прыйшлі да гэтага занятку?

– У дзяцінстве многія любяць маляваць. І я любіў. У гэтым няма нічога незвычайнага. З-за праблем са здароўем я часта заставаўся дома, браў фарбы, алоўкі, пластылін і тварыў цэлымі днямі. Пасля была мастацкая школа, дзе маім настаўнікам быў вядомы акварэліст Аляксандр Алонцаў. Сапраўдны майстар, у якога было чаму павучыцца. Я прагульваў заняткі ў агульнаадукацыйнай школе, каб бегчы маляваць.

– Бацькі за гэта не ўшчувалі?

– Я ж не лайдачыў, проста з самага пачатку расстаўляў прыярытэты. Бацькі ў мяне інтэлігенты (тата – доктар, мама – музейшчык), таму да захаплення мастацтвам ставіліся добра. Я мог прачнуцца і сказаць: “У школу сёння не пайду. Лепш памалюю”. І ніхто мяне не выпіхваў на ненавісныя ўрокі. Ва ўніверсітэце сітуацыя не змянілася: я “забіваў” на пары і хадзіў у майстэрню да Аляксандра Аляксандравіча.

– Акадэмічная адукацыя прайшла міма вас?

– І ні кроплі пра гэта не шкадую. Адзін мой знаёмы неяк сказаў: “Ты ведаеш, дурны я, што пайшоў вучыцца ў акадэмію. Там развілі маё майстэрства, але забілі маю творчую жылку. Цяпер магу выканаць працу любой складанасці, але не магу адвязацца ад тых вобразаў, якія мне там навязалі”. Пасля гэтага шчырага прызнання я зразумеў, наколькі мне пашанцавала. Я ўвесь час рабіў толькі тое, што хацеў. Ніхто ніколі нічога ад мяне не патрабаваў, не заганяў мяне ў рамкі. І калі шчыра, то ў якой акадэміі мне б дазволілі маляваць коцікаў? Ні ў якой!

– Аднак пасля выпуску з універсітэта вы сталі педагогам. Праца не была перашкодай для творчасці?

– Працаваць з дзеткамі – адно задавальненне, але папяровая валакіта адбірала шмат часу і нерваў. Калі я прыйшоў у мастацкую школу, у мяне было толькі тры журналы. Калі сыходзіў – цэлая шафа, набітая нікому непатрэбнымі дакументамі.

Тым не менш мой “школьны” перыяд шмат чаго даў мне як мастаку. Бо не толькі я вучыў дзяцей, але і яны мяне. Думаю, першыя партрэты жывёл з’явіліся дзякуючы такому ўзаемаўплыву. Бо як яшчэ можна растлумачыць той факт, што дарослы барадаты мужык пачаў маляваць вясёлых коцікаў?

– Дарэчы, чаму ў вас так многа партрэтаў менавіта катоў?

– Гэта ўнікальная жывёла. Хатняя, але пры гэтым умее захаваць сваю самастойнасць і незалежнасць. Для сабакі чалавек – гэта гаспадар альбо вораг. А кату ўсё адно, ён сам па сабе. Ад таго і вобраз яго ўва многім эпічны.

– Гляджу на жывёл, якіх вы намалявалі, і разумею: зусім як людзі! За кожным катом стаіць рэальны чалавек?

– Не за кожным, але і такое бывае. Людзі просяць намаляваць іх у вобразе ката ці сабакі, і я не адмаўляю. Прычым самае дзіўнае, што такія працы заказваюць паважныя дзядзькі ў касцюмах – бізнэсмены ці дырэктары. Аднойчы давялося рабіць сямейны “котапартрэт”: бацькі, дзеці, унукі, якія сядзяць у кузаве БелАЗа (бо маці родам з Жодзіна). Атрымалася шыкоўна, але праз год мне патэлефанаваў кліент і папрасіў крыху падправіць малюнак. Я тады нават спалохаўся – няўжо не спадабалася? Аказалася, што ў сям’і папаўненне. Прыйшлося дамалёўваць яшчэ адну маленькую кошачку для паўнаты карціны.

“Героі маіх карцін – жывёлы, якіх мы бачым штодня: каты, сабакі, грызуны і інш. Толькі я “ачалавечваю” іх. Яны эмацыянальныя, у адзенні і часта нешта робяць. Вядома, можна было б проста маляваць людзей, але яны выходзілі б альбо занадта сур’ёзнымі, альбо карыкатурнымі. А калі эмоцыі перадаюцца праз вобразы жывёл, то ўспрымаюцца весела і лёгка, па-асабліваму. Людзі часта пазнаюць сябе ў гэтых партрэтах”.

– Сучаснае мастацтва ўсё больш пагружаецца ў віртуальны свет. Цяпер малююць не фарбамі, а на камп’ютары. Як вы  ставіцеся да такога трэнду?

– З тэхнікай сябрую. Сам пэўны час эксперыментаваў у гэтым напрамку і заўважыў: камп’ютар у сапраўдным мастацтве – гэта толькі  дапамога, не асноўны інструмент. Ён можа многае, але не ўсё. Паколькі працуе ў зададзеных праграмамі межах. Тым самым фільтруе і падганяе пад свае магчымасці задуму мастака. Таму камп’ютарная ілюстрацыя – гэта нешта ў некаторым сэнсе “памерлае”. Душу туды не ўкладзеш.

З іншага боку, сёння ўсе гоняцца за хуткасцю. Ад эскіза алоўкам да гатовай да друку лічбавай версіі карціны ў мяне праходзіць мінімум тры дні. На камп’ютары я раблю ілюстрацыю за паўдня. Таму калі ты не ставіш перад сабой высокіх мэт, а хочаш на мастацтве зарабіць грошай, то без тэхнікі не абысціся.

– Што скажаце наконт інтэрнэту? Вашыя працы там вельмі папулярныя.

– Ёсць такая думка: усё, што ты закінуў у інтэрнэт, аўтаматычна становіцца часткай грамадскасці. Насамрэч, з сецівам не ўсё так адназначна. З аднаго боку, сёння ўвесь свет там сядзіць. І мастак можа праз яго знаёміць людзей са сваёй творчасцю. Гэта добрая магчымасць для тых, хто жыве ў невялікіх гарадах. Іншы момант – у інтэрнэце вельмі часта парушаюцца аўтарскія правы. Адзін амерыканец так доўгі час прадаваў майкі з маім малюнкам. Мне не шкада, але важна, каб было пазначана імя аўтара. Я ніколі не займаўся прасоўваннем у масы ці, як сёння модна казаць, піярам сваёй асобы. Важна, каб ведалі не твар мастака, а яго карціны. Але красці чужое і выдаваць за сваё – няправільна.

Сябе мастак у вобразе ката таксама маляваў. І нават не адзін раз.

– А праўда, што сапраўднага сяброўства паміж мастакамі не бывае і ўсе адзін аднаму канкурэнты?

– Гэта стэрэатыпы. Калі творчасць ідзе ад душы, то пры чым тут канкурэнцыя? Пра сябе магу сказаць, што сябрую з выдатным скульптарам Аляксеем Паўлючуком і цудоўным мастаком Міраўладам Палачычам. Яны таксама брэсцкія і дзяліць нам няма чаго, затое заўсёды ёсць пра што пагаварыць.

– Вашая жонка Руслана таксама мае дачыненне да мастацтва. Як пад адным дахам ужываюцца дзве творчыя асобы?

– А чаму павінны не ўжывацца? Мы глядзім на творчасць пад адным вуглом і ўзаемадапаўняем адно аднаго ва ўсім. Я малюю, яна займаецца больш прыкладнымі справамі – вяжа, шые, робіць пано. Разам мы – творчая каманда “P.A.R.K. Family”, а партрэты жывёл – наш сумесны праект. Ён уключае ў сябе не толькі класічныя карціны, але і ўпрыгажэнні, гузікі, прадметы інтэр’еру.

З жонкай Русланай

Увогуле, без Русланы нічога б не было. Гэтая жанчына – мая падтрымка, маё натхненне і мой крытык. Памятаю, як мы яшчэ сустракаліся і яна запрасіла мяне на дзень нараджэння. Што дарыць? Карціну, безумоўна. А тады якраз квітнеў бэз. Я надраў букет у суседнім двары і ўсю ноч пісаў яго алеем. Рамантыка! Дарэчы, і першага ката з сімвалічнай назвай “8 сакавіка” я таксама для Русланы намаляваў.

– Напэўна, ва ўсіх вашых блізкіх і сяброў ужо маецца коцік “ад Паўла”?

– Люблю дарыць іх людзям, якім сапраўды падабаецца маё мастацтва. Ёсць сяброўка, фанатка сабак, але на сценах яе дома вісяць каты майго аўтарства. У бацькоў уся кватэра ў маіх карцінах.

– Кажуць, што быць мастаком у наш час на Беларусі няпроста. Згодны?

– Не зусім. Маляваць жа ніхто не замінае. Але ёсць пэўныя моманты, якія насцярожваюць. Напрыклад, я не магу вывезці свае карціны за мяжу без дазволу Міністэрства культуры. Калі хачу гэта зрабіць, павінен збіраць дакументы, плаціць грошы і везці сваю працу ў Мінск. Гэта тычыцца нават самых маленькіх малюнкаў. Быў аднойчы выпадак гадоў сем-восем таму, калі я ехаў на пленэр у Польшчу. Вёз з сабой палотны, палітру, пэндзлі. Як яны тады напалохалі супрацоўнікаў нашай мытні! Кожны чысты ліст паперы праверылі, а палітру – кавалак фанеры з засохлымі фарбамі – увогуле прынялі за твор авангарднага мастацтва і забаранілі вывозіць за мяжу. Доўга не думаючы, я разламаў яе на вачах ва ўсіх і выкінуў у сметніцу. Было і смешна, і крыўдна. У такіх умовах працаваць сапраўды няпроста. Таму я сканцэнтраваўся на працы ілюстратара. Зараз якраз рыхтуецца да выхаду ў свет чарговая кніга амерыканскай пісьменніцы Катрын Кус з маімі малюнкамі.

– За мяжой вас добра ведаюць не толькі дзякуючы кнігам. Былі выстаўкі ў Велікабрытаніі, ЗША, Украіне. Ніколі не задумваліся аб тым, каб пераехаць?

– Не. Я б ніколі не змог жыць у краіне з іншым менталітэтам. Да таго ж на Беларусі мяне таксама добра ведаюць і любяць мае працы.

– Шмат знатакоў і аматараў вашай творчасці жыве ў Мінску. Часта там бываеце?

– Здараецца. Калі апошні раз наведваў сталіцу, злавіў сябе на думцы: жыў бы я тут, дык і маляваць бы перастаў. Бегаў бы толькі па выстаўках і атрымліваў асалоду. У Брэсце культурнае жыццё значна бяднейшае, чым у Мінску.

Я пераехаў у Брэст з сям’ёй у 1980 годзе. Тады тут усюды кіпела творчасць – у прыгранічным савецкім горадзе пастаянна спынялася шмат артыстаў, мастакоў, пісьменнікаў. Мама брала мяне з сабой на працу ў музей, і я быў там сярод гэтага бамонду. Адзін з яскравых успамінаў дзяцінства – сустрэча з Уладзімірам Мулявіным…

Цяпер, на жаль, галоўныя культурныя падзеі Брэста – "Студзеньскія музычныя вечары", Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Белая вежа" і канцэрт Стаса Міхайлава. Таленавітая моладзь пераязджае ў большыя гарады, многія імкнуцца ў Еўропу.

І ўсё роўна Брэст мне мілы. Тут мой дом, сям’я і сябры. Уласная майстэрня. Яе, праўда, нядаўна мышы акупіравалі, але ў іх ёсць на тое прычына – я ж у асноўным катоў малюю (усміхаецца).

– На каго разлічаныя вашыя працы?

– На ўсіх, хто любіць жывёл і мае пачуццё гумару. Набываюць іх вельмі розныя людзі: і моладзь, якая жыве ў стылі хіпі, і сямейныя пары, і аматары чагосьці эксклюзіўнага, і нават чыноўнікі. Ніколі не забуду, як адзін дэпутат набыў сабе маю карціну і ішоў з ёй шчаслівы па горадзе. Але бываюць не толькі такія прыемныя сітуацыі. Паехалі мы аднойчы на кірмаш у невялічкі гарадок. Прывезлі туды карціны, выкананыя на дошчачках. За кошт драўлянай фактуры малюнак робіцца аб’ёмнейшы. Выглядае эфектна. Аднак чамусьці наведвальнікі кірмашу гэтага не ацанілі: падыходзілі і запытваліся, колькі каштуюць нашыя “дошчачкі для кухні”?

– Павел, а дзе можна ўбачыць вашыя карціны?

– Ёсць некалькі пляцовак у Мінску і Брэсце. Але поўны збор твораў – на сайце illustrators.ru, таксама на маіх старонках у сацыяльных сетках. Бліжэйшым часам планую адкрыць інтэрнэт-краму, там можна будзе ўбачыць і набыць мае працы і працы маіх сяброў.

Дасье

Павел Кульша нарадзіўся ў 1974 годзе ў Слуцку. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва”. Тэхнікі, у якіх працуе Павел, – графіка (акварэль) і жывапіс. Сярод самых вядомых прац мастака – “Дэмісезонны імбрык”, праект “Каты” і ілюстрацыі да кніг Катрыны Кусы, Алены Лебедзевай-Фрадкоф і Дзмітрыя Гінзбурга. Па версіі выдавецтва “ТрыМаг”, Павел – адзін з найлепшых ілюстратараў СНД.

Ганна КУРАК. Фота аўтара і з архіваў Паўла Кульшы.

 

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.