Вы тут

Спектакль для жонкі, або ігра ў чатыры рукі


З творчай сям'ёй Сініцаў я пазнаёмілася на адным з дзіцячых тэатральных фестываляў. Там тата з сынам прыемна здзівілі спектаклем «Брыдкае птушаня» па матывах казкі Ганса Крысціяна Андэрсена. Што ў іх пастаноўцы такога незвычайнага? Па-першае, любімая многімі з дзяцінства гісторыя, дзякуючы РаrаdохРіnоссіо (так называецца сямейны тэатр Сініцаў. — Аўт.), загучала па-беларуску. Па-другое, пастаноўка зроблена ў надзвычай таямнічым жанры — тэатр ценяў. Па-трэцяе, усе прыгоды галоўнага героя адбываліся пад неверагодна прыгожую музыку італьянскага кампазітара Ніна Рота.


Сюжэт Андэрсена Стас крыху трансфармаваў. Дадаў у яго крыху рамантыкі. Так, брыдкаму птушаняці пашчасціла сустрэць на сваім шляху такую ж дзіўную і ні да кога не падобную, як ён сам, істоту. Яны пачынаюць разам гуляць, весяліцца. І паміж імі ўзнікае першае дзіцячае каханне. Праўда, у нейкі момант з'яўляюцца лебедзі і забіраюць «дзяўчынку» з сабой у вырай. Брыдкае птушаня пачынае нудзіцца, з горам папалам перажывае сцюдзёную зіму. Але прыходзіць вясна, і яго каханая, якая за гэты час вырасла і ператварылася ў прыгожую лябёдку, вяртаецца. Ён плыве да яе насустрач па возеры са словамі: «Якая ж ты прыгожая! А я... такі брыдкі...». У роспачы апусціў уніз галаву і не паверыў сваім вачам — з воднага люстэрка на яго пазіраў статны лебедзь.

— Спектакль прысвечаны маёй жонцы Тані, — усміхаецца Стас. — Гэта ў нейкім сэнсе нават асабістая гісторыя. Яна зашыфраваная ў пастаноўцы. Для мяне асабіста тэма, узнятая Андэрсенам, вельмі блізкая, актуальная.

— ...А хто з нас хоць раз у жыцці не адчуваў сябе брыдкім качанём? Мы ўсе некуды не ўпісваемся, пакутуем ад таго, што «ўсе людзі, як людзі, а я быццам «белая варона». Прыкінуцца такім, як усе? — гэта самы проста шлях. А вось захаваць сваю «самасць», індывідуальнасць пад сілу далёка не кожнаму. У Андэрсена там усё добра заканчваецца. Брыдкае качаня ператвараецца ў прыгожага лебедзя. У жыцці ж усё, як правіла, больш складана...

У свой час Стас Сініца вучыўся на рэжысёра тэатра лялек. Нейкі час нават працаваў у тэатры. Цяпер жа прафесійна займаецца скульптурай і выкладае танга. А тэатр перайшоў у разрад хобі, якое прыносіць не столькі грошы, колькі маральнае задавальненне. Больш за ўсё яго душа ляжыць да не надта папулярнага ў нашай краіне, таямнічага ценявога жанру.

— Я з задавальненнем паказваю спектакль «Брыдкае птушаня» дзецям, бо мне хочацца, каб і сучаснае пакаленне дакранулася да таямніцы. Хочацца, каб ценявы тэатр жыў. Памятаю, калі да нас у школу прыехалі акцёры з шырмай ды праектарам і выключылі святло — я быў пад вялікім уражаннем. Для мяне гэта была нейкая магія, чараўніцтва. Потым, калі ўжо сам працаваў у тэатры «Зніч», мне на вочы трапіўся ролік: чалавек стаяў за шырмай і паказваў пры дапамозе рук усялякіх зайчыкаў, ваўкоў... Прычым яго рукі на экране выглядалі вялізнымі. І ўсё дзякуючы праекцыйнаму святлу.

Ценявая магія так захапіла Стаса, што ён пачаў паўсюль шукаць праекцыйны ліхтар. Але знайсці яго аказалася не так ужо і проста. У Беларусі ў адмысловых крамах пра такі нават і не чулі.

— Праз інтэрнэт даведаўся, што такі прыбор каштуе ажно паўтары тысячы еўра. У выніку я сам яго зрабіў. Узяў лінзу ад дзіцячага дыяпраектара, купіў магутны святлодыёдны ліхтар, злучыў іх і ў мяне атрымалася нядрэннае праекцыйнае святло.

Увесь ценявы спектакль «Брыдкае птушаня», ад пачатку і да канца, Стас прыдумаў сам. Выступіў і ў ролі мастака, і ў ролі гукарэжысёра. Але, каб паказаць тое, што атрымалася іншым людзям, яму патрэбны быў памочнік. Прапанаваў сыну паспрабаваць сябе ў ролі акцёра (Ілья вучыцца ў гімназіі-каледжы імя І. В. Ахрэмчыка, іграе на скрыпцы. — Аўт.) Той адразу ж пагадзіўся.

— Так атрымаўся сямейны тэатр, і я гэтаму вельмі рады, — усміхаецца Стас. — Мы з сынам працуем за шырмай у чатыры рукі. З правага боку ў строгай паслядоўнасці стаяць мае лялькі, з левага — Ільі. Рэпетуем дома. Балазе, зараз для гэтага ёсць усе ўмовы. Жывём у трохпакаёвай арэнднай кватэры. Адзін вялікі пакой адмыслова выдзелілі для творчасці. Там у нас стаіць шырма, праекцыйны прыбор. Паколькі я выконваю ролю не толькі рэжысёра, але і акцёра — знаходжуся ўнутры спектакля — то мы ўсе свае рэпетыцыі здымалі на відэакамеру. Пасля праглядалі, што атрымалася, і рабілі работу над памылкамі.

Таццяна вельмі ўзрадавалася, што муж падключыў сына да свайго тэатральнага праекта.

— З аднаго боку цудоўна, калі ўсе ў сям'і маюць свае захапленні, — тлумачыць Стас. — Але тут ёсць і мінусы. Сын у нас музыка. Дома ў яго ёсць фартэпіяна, скрыпка, акулеля, губны гармонік... Можна наогул не выходзіць з пакоя, зрабіць сабе там музычную гасцініцу. Я займаюся танга, лялькамі, скульптурай. У мяне таксама цэлы пакой інтарэсаў. І ў жонкі тая ж сітуацыя. Таня кандыдат псіхалагічных навук, выкладае ў БДУ. Акрамя таго, займаецца рознымі сацыяльнымі праектамі, у асноўным звязанымі з дзеткамі-інвалідамі. Атрымліваецца, сядзіць кожны ў сваёй «норцы», захапляецца сваімі справамі. У нейкі момант мы адчулі, што гэта не зусім здорава. Не толькі ж за кухонным сталом сустракацца. Ценявы тэатр моцна згарманізаваў нашы з сынам адносіны. Падчас спектакля мы выступаем у ролі раўнапраўных партнёраў. Рэпетуем, потым разам праглядаем відэа, абмяркоўваем, раблю яму заўвагі, ён — мне. Дарэчы, многія парады Ільі я выкарыстаў у спектаклі. Прычым сямейны тэатр зблізіў не толькі нас з сынам, але і ўсіх нашых сваякоў і сяброў. Мы неяк паспрабавалі паказаць гэты спектакль гасцям, якія сабраліся на дзень нараджэння. Спачатку было традыцыйнае застолле, віншаванні, тосты, конкурсы. Пасля народ перамясціўся ў іншы пакой. Мы патушылі святло, і паказалі «Брыдкае птушаня». Гэта быў самы лепшы паказ, бо камернасць і ценявы тэатр створаны адно для аднаго.

Таццяна, якой прысвечаны спектакль, падтрымлівае сваіх любімых акцёраў, стараецца наведваць усе іх паказы. А нядаўна Стас падключыў жонку ў якасці актрысы да сваёй чарговай задумкі.

— Мы з Таняй ужо даўно займаемся танга, — распавядае Стас. — Дык вось там час ад часу ладзяцца мілонгі — танцавальныя вечары. На адным з іх мы разыгралі невялічкі лялечны спектакль «Танга пад дажджом». Таня сыграла ролю бабулі, я — дзядулі. У нас быў стол, які круціўся. У дзядулі быў парасон. І яны танцавалі пяшчотнае танга пад гукі дажджу.

Для ценявога тэатра ў Стаса яшчэ шмат ідэй. У прыватнасці, ён хоча зрабіць пастаноўку па матывах «Русалачкі» Андэрсена. Але самая вялікая яго мара, каб ценявыя спектаклі падняліся на вялікую сцэну.

— Я прапаноўваў прафесійным тэатрам сваё «Брыдкае птушаня». Але яны, на жаль, настроены на камерцыю і на тое, каб спектакль можна было вывозіць. А ценявая пастаноўка нязручная ў гэтым сэнсе.

Разам з тым сям'ю Сініцаў рэгулярна запрашаюць на дзіцячыя камерныя фестывалі. Таму сачыце за анонсамі на старонцы тэатральнага калектыву РаrаdохРіnоссіо ў «Фэйсбуку».

Як зрабіць свой дамашні ценявы тэатр

«Выключыце ў доме святло, — праводзіць майстар-клас Стас Сініца. — Вазьміце мабільны тэлефон (а яны ва ўсіх цяпер якасныя) і актывізуйце ў ім ліхтарык. Гэта будзе тое праекцыйнае святло, якое я так доўга шукаў і не мог знайсці. Пасвяціце ліхтарыкам на сцяну. Прычым яна нават не абавязкова павінна быць белая, падыдзе і ружовая, і зялёная. Галоўнае, каб не чорная. Калі ёсць падстаўка для смартфона, шыкоўна. Калі няма, не бяда. У інтэрнэце вы знойдзеце мора варыянтаў, як яе зрабіць сваімі рукамі (напрыклад, з дроту ці кардоннага рулончыка ад туалетнай паперы).

Для пачатку раю ўзяць самую простую казку, напрыклад «Курачку Рабу». «Жыла-была курачка Раба. Ну, хто ў нас Раба? І пайшла курачка: «Ко-ко-ко». Сышла курачка Раба: «Ко-ко-ко». З'явіліся дзед і баба...» Сюжэт можна трансфармаваць, выдумляць на хаду. Увесь фокус у фантазіі. Такую казку дзеткам бацькі могуць расказваць у цемры перад сном. Таксама гэта можа быць цудоўнай забаўкай на дзіцячым дні нараджэння. Лялькі для ценявога спектакля лепш падрыхтаваць загадзя. Іх можна намаляваць на звычайным кардоне. Калі вы дрэнна малюеце, раздрукуйце карцінку з інтэрнэту і выражце па контуры. Каб неяк задзейнічаць дзяцей, прапануйце ім прыклеіць кардонных герояў на драўляныя палачкі для сушы.

Можна абагаціць сваё прадстаўленне пры дапамозе дадатковага звычайнага ліхтарыка. Дайце яго камусьці з дзетак замест лялькі. І прапануйце яму быць сонейкам, зорачкай ці сонечным зайчыкам. Тады казку можна пачаць так. «...Сонца ўсходзіць (дзіця ўнутры светлавога круга робіць яшчэ адну светлавую пляму ліхтарыкам) ...Сонца ўстала. І тут выйшла курачка Раба: «Ко-ко-ко...»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.