Вы тут

Нязорнае жыццё мамы касманаўта. У гасцях у Валянціны Навіцкай


Валянціна Эдуардаўна з радасцю завіхаецца ў доме ды на агародзе, трымае гаспадарку і ў любы час гатовая прыняць гасцей. Самымі чаканымі, вядома, з'яўляюцца дзеці і шасцёра ўнукаў — для кожнага яна гатуе іх любімыя прысмакі. Гасцінна сустрэла мама нашага славутага земляка з Чэрвеня, касманаўта Алега Навіцкага, і карэспандэнтаў «Звязды». Расказала, як выхавала з дзяцей прыстойных людзей, і паказала падарунак з космасу.


«Якой была, такой і засталася...»

Валянціна Эдуардаўна не можа сядзець без работы. Кажа, як нечым займаецца, дык і думак няма сумных. То нешта вяжа ці шые, то архідэі даглядае, якіх у яе дзівосная калекцыя. Сёлета ў жанчыны з'явіліся адразу два пушыстыя клопаты: шчанюк, з якога неўзабаве вырасце вартаўнік, ды кацяня, за якім толькі паспявай клубкі змотваць. Ды і бясконцыя мерапрыемствы, на якія яе запрашаюць, не даюць сумаваць, а часта і перадыхнуць.

— Вас як маці вядомага касманаўта запрашаюць літаральна на ўсе ўрачыстыя цырымоніі ў горадзе і раёне. А нядаўна атрымалі ўзнагароду ад Беларускага саюза жанчын у намінацыі «Мацярынская слава», якую прысуджаюць за выхаванне выдатнага нашчадка. Як спраўляецеся з цяжарам публічнасці? І што для вас самой мацярынская слава?

— Тое, што сын стаў знакамітым, безумоўна, радуе. Гэта яго дасягненне, якога ён дабіўся дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці. Але ўсе дзеці для мяне аднолькава любімыя. Яны працуюць на дзяржаўных работах. Марына з Дзімам — у Мінску, Алег — у Зорным гарадку. Кожны робіць сваё, тое, на што вучыўся і што падабалася. Вось кіраўніцтва Дзімы да нас у Чэрвень неяк прыязджала, сок бярозавы тут нарыхтоўвалі. Прыемна было чуць цёплыя словы пра сына. Ганарлівасці ў мяне няма, я толькі рада, што дзеці выраслі прыстойнымі людзьмі.

— Значыць, «зорная хвароба» вас не закранула...

— Якой была, такой і засталася. Ніякай зорнасці няма. Мы ж ніколі не жылі ў раскошы, усяго дасягалі сваёй працай. Калі муж быў намеснікам старшыні калгаса, з 6 раніцы да 12 ночы прападаў на рабоце, асабліва ў пасяўную-ўборачную і на нарыхтоўцы кармоў. Дзеці бацьку практычна не бачылі. Дзякуючы сваёй гаспадарцы ў нас усё было. Дзеці не галадалі, былі адзетыя, абутыя, абшытыя і абвязаныя.

— Вы ўсё жыццё прапрацавалі закройшчыцай. Прафесія дапамагала не толькі ў працы, але і ў жыцці?

— Безумоўна. Я і работу выконвала, і магла нешта для сям'і зрабіць. Кіраўніцтва з разуменнем да гэтага ставілася, бо калектыў жаночы, і ўсім трэба было жыць, а то і выжываць некаторым.

Валянціна Навіцкая ўспамінае, што дзеці ўсё і ў доме рабілі, і на падворку. Тады без жыўнасці было сорамна жыць, так што і свіней трымалі, і карову. Яна і цяпер смяецца, што хоча сваё мяса выгадаваць, сваю каўбасу зрабіць, і гародніну на базары не купляе — усё са свайго агарода. А яйкі з крамы ўвогуле не прызнае. Яшчэ нядаўна ў гаспадыні было парася ды 27 курэй, але не пашанцавала ім.

— Парася памерла перад прызямленнем Алега, дык я падумала, што гэта, напэўна, была такая ахвяра, каб у дзіцяці ўсё было добра. Дзякуй Богу, усё абышлося. Тхор перадушыў курэй, але затое аперацыя мая добра прайшла. Накупім новых — і ўсё будзе зноў.

«Ніколі не чулі ад дзяцей «я хачу»

У адным з інтэрв'ю Валянціна Эдуардаўна падзялілася кранальнай гісторыяй, як Алег у дзяцінстве абяцаў скінуць куфар з грашыма з неба, калі стане лётчыкам. Цікаўлюся, ці дасылаў маме нейкі касмічны падарунак?

— Хлеб, які пабываў у космасе, — усміхаецца яна і прыносіць два маленечкія кавалачкі, падобныя да міні-буханак чорнага і белага хлеба. — Вось такімі булачкамі касманаўты харчуюцца, каб за адзін раз пакласці ў рот, каб ні крошачкі не паляцела нікуды.

— Нагадвае гісторыі, якія раней расказвалі дзецям, калі з лесу прыносілі тое, што засталося ад абеду, і казалі, што зайчык хлеб перадаў.

— А ў нас так муж прыносіў з работы. Дачка вельмі кепска ела і праз гэта моцна хварэла. Дык я заўжды клала яму дзве ссабойкі. І яна ўжо чакала, што тата ад зайчыка гасцінец прывязе. То каўбаску, то бліны. З задавальненнем тады ела, а то ж было не прымусіць. Так, пэўна, і выжыла, дзякуючы зайчыкавым ласункам.

— Добрае вынаходніцтва. А ці дапамагаюць цяпер дзеці вам?

— І тады дапамагалі, і цяпер заўжды стараюцца сваю лепту ўнесці і ў доме, і ў агародзе. Сучасныя дзеці часта вельмі патрабавальныя. Яны не думаюць, што могуць самі зарабіць нешта на канікулах, дакласці да кошту дарагой пакупкі. Мы з мужам пражылі разам 40 гадоў, і ніколі не чулі ад дзяцей «я хачу». Неяк Алег з Марынай захацелі магнітафон. Пайшлі працаваць на праполку. Зарабілі яны, зразумела, капейкі. Але як мы з мужам атрымалі свае зарплаты, селі разам за стол, падлічылі, на што трэба найперш, а астатнія грошы — на магнітафон. Дык яны яго так бераглі!

Некалькі гадоў таму падобная сітуацыя была ў сям'і Алега, калі ён вучыўся ў акадэміі і яны жылі з жонкай Юляй і дочкамі ў інтэрнаце. Сын на падпрацоўку па начах хадзіў. І тут пацёк чайнік, а грошай і так не хапае. Старэйшая дачка Яна тады прапанавала: «Я падназбірала крыху — давайце скінемся і купім новы». І дагэтуль так робіць, не просіць нічога, а калі што трэба, падпрацоўвае, не саромеецца. Да гэтага года ніхто нават не ведаў, што ў яе тата — касманаўт.

Я таксама гадавалася ў працавітай сям'і. У нас ніколі не было Вялікадня, мы заўжды ў гэты дзень бульбу саджалі, бо конь быў свабодны. Бабуля казала, што не грэх папрацаваць на сваю сям'ю. Грэх — падмануць чалавека ці схлусіць яму, абразіць.

«Калі трэба — апошняе аддадуць»

— Які самы незвычайны падарунак ці нечаканы сюрпрыз рабілі вам дзеці?

— Самы нечаканы, гэта калі яны ўпершыню прыехалі да мяне ўтраіх, без сваіх сем'яў. За ўвесь час мы толькі тры разы змаглі пасядзець учацвярых пасля смерці мужа. Успаміналі дзяцінства, што яны вытваралі тады, як я іх ушчувала. Пра некаторыя рэчы я толькі цяпер даведваюся. Напрыклад, што Марына, каб не мыць посуд, бо лак жа абдзярэцца, хлопцам давала грошы з кішэнных, што я ім выдавала. І яны прыбіраліся, а яна толькі камандавала. А яшчэ ўспаміналі, што, як яны пачыналі шумець, я брала ў руку бацвінне ад бульбы, а яны разбягаліся, бы мышы.

— Ведаю, што ў вас шэсць унукаў. Якое яно, бабуліна шчасце?

— Калі яны прыязджаюць, у мяне і спальныя месцы падрыхтаваны кожнаму, і пірагі з блінамі. Кожны сваё любіць. Лізе трэба бліны з тварагом, Паўлушу — з мёдам, Максіму — з варэннем ці мёдам. А маленькія як былі — пасаджу іх на стол і гатую. Яны ж у мяне ўсё лета.

Валянціна Эдуардаўна заўжды гатова да гасцей. У маразілцы — запас прысмакаў, якімі за пару хвілін можна накрыць стол. Бо Дзіма з Марынай могуць і пасярод тыдня наведацца, не толькі на выхадныя. А Алег часцей у ноч з пятніцы на суботу прыязджае.

— У мяне заўсёды ўсё напагатове, толькі размарозіць ды пагрэць. Жыццё да гэтага абавязвала. Раней у калгасе пасля пасяджэнняў мужчыны недзе збіраліся, каб праблемы абмеркаваць. Так што стол у мяне быў гатовы ў любы час, калі раптам да нас прыедуць. Так яно і цягнецца з тых часоў. Гэта не кепска, бо стымулюе гаспадыню, каб у доме ўсё было ў парадку.

— Ці спакайней вам цяпер за дачку і сыноў?

— Малыя дзеткі — малыя бедкі. Дзеці падрастаюць — і праблемы таксама. Цяпер не толькі за дачку ды сыноў, але і за іх сем'і перажываю. Лягчэй не становіцца. Адно мяне супакойвае, што душы добрыя. Алег некалі дапамог свайму выкладчыку, які хварэў на анкалогію. Сын прадаў гараж, і ўсе грошы аддаў яму на аперацыю, хоць у саміх нічога не было тады. А незадоўга перад гэтым мы нашага бацьку пахавалі. І Юля зразумела гэты ўчынак. Алег тады толькі сказаў: «Я не змог свайму бацьку дапамагчы, а тут магу»... Яны ў мяне такія ўсе трое. Калі трэба — апошняе аддадуць.

— Часта дзеці наведваюцца дадому?

— Як атрымліваецца, так і прыязджаюць. Калі трэба — яны таксама побач. Як муж памёр, дык са мной нехта пастаянна быў два месяцы. Я нават замарылася крыху, ужо хацелася адной пабыць, засяродзіцца. Яны з разуменнем ставяцца да мяне. І цяпер, як аперацыя была, нават Алег прыехаў, нягледзячы на занятасць. Неяк усе разам яны трымаюцца. А на дзень нараджэння мой сёлета... Памяняліся на работах, сазваніліся і пасярод тыдня да мяне прыехалі, зрабілі свята. Ну што мне як маці яшчэ трэба?!

Ірына СІДАРОК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Валянціна Навіцкая — пра грэх, зайчыкаў ласунак ды нечаканы падарунак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?